У Беларусі адбыўся першы паказ фільма 3D
Гэта быў ужо ўсім вядомы «Аватар», які дэманстраваўся ў адноўленым і пераабсталяваным мінскім кінатэатры «Кіеў».
Чэргі за квіткамі ля кінатэатру з’явіліся адразу пасля паступлення іх у касы. Нават за 15 хвілін да пачатку фільма, а 8-ай гадзіне вечара на неслабым марозе перад касамі кінатэатра віраваў натоўп.
Падобны ажыятаж назіраўся ў Мінску толькі перад гульнямі БАТЭ ў еўрапейскіх топавых турнірах, калі за квіткамі на стадыён таксама ўтвараліся вялікія чэргі.
Цікавасць да прэм’еры зразумелая. Калі на Захадзе 3D кінатэатры ўжо сталі звычайнай з’явай, то ў нас адкрыўся першы. Шмат хто сцвярджае, што прыход новых тэхналогій ў мастацтва кіно зробіць чарговую рэвалюцыю. Падобную той, якую зрабілі з’яўленне гуку і колеру.
Існуюць таксама і схаваныя недахопы, якія не афішуюцца. Амерыканскія афтальмолагі ўжо даўно заўважылі, што для некаторых людзей паход у 3D кінатэатр скончыцца толькі галаўным болем – іх мозг проста адмовіцца ўспрымаць такі фільм. А як могуць паўплываць новыя кінатэатры на здароўе людзей у перспектыве застаецца толькі здагадвацца.
Зрэшты, наўрад ці нехта адмовіцца ад новых тэхналогій. Як некалі сотавая сувязь, гэта вельмі прыбытковая справа. Квіткі ў «Кіеў» каштуюць у два разы больш, чым ў звычайны кінатэатр, а яго расклад распісаны да лета. Негледзячы на вельмі невялікую колькасць стужак, якія будуць там дэманстравацца, без гледачоў ён не застанецца. Новае і незвычайнае заўсёды прыцягвае.
Першы сеанс у «Кіеве» |