У Лошыцкай сядзібе чатырохзоркавага гатэлю не будзе
16 снежня Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры адхіліла эскізны праект прыстасавання гаспадарчага двара Лошыцкай сядзібы ў Мінску пад гасцінічны комплекс. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.
Паводле яго слоў, праект узвядзення чатырохзоркавага двухпавярховага з мансардай гатэля, прапанаваны мінскім архітэктарам УП "Лантэрна" Уладзімірам Галкоўскім (заказчык — КУП "Бізнесцэнтр "Сталіца"), не адпавядае агульнапрынятым методыкам і дзеючаму заканадаўству ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Як растлумачыў Астаповіч, аўтары праекта прапанавалі пабудаваць гатэль на аснове захаваных прамысловых будынкаў Лошыцкай сядзібы — спіртасховішча і карпусоў броварнага завода XVIII—XIX стагоддзяў. "Аднак рэалізацыя гэтага праекта разбурыць складзеную аб'ёмна-планіровачную кампазіцыю комплексу", — сказаў Астаповіч.
Паводле яго слоў, рада прапанавала праекціроўшчыкам дапрацаваць праект з улікам беражлівага стаўлення да будынкаў спіртасховішча і бровару.
Помнік архітэктуры нацыянальнага значэння XIX стагоддзя ў стылі эклектыкі Лошыцкая сядзіба з'яўляецца цэнтрам сядзібна-паркавага комплексу XVIII—XIX стагоддзяў, размешчанага на паўднёвым ускрайку Мінска ў зліцці рэк Свіслач і Лошыца. Сядзіба стаіць на грэбні пойменнай тэрасы, мае асіметрычную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, складаецца з драўлянага аднапавярховага і прыбудаванага да яго старчака цаглянага двухпавярховага аб'ёмаў. У дэкаратыўным афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разьбяныя дэталі, у тым ліку слупы галоўнага ўваходу, аконная шалёўка і карнізныя паясы. У інтэр'еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўванне сцен дубовымі панелямі і каляровыя кафлі.
У пісьмовых крыніцах першае згадванне сядзібы датуецца канцом XVI — пачаткам XVII стагоддзя. У гэтым доме ў свой час пабывалі многія вядомыя дзеячы айчыннай культуры, у тым ліку класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
Фота Раман Тумашык, Еўрарадыё