У Слоніме зняважылі памяць пра Алега Лойку

Источник материала:  
26.11.2009 11:18 — Новости Культуры

У Слоніме імя Алега Лойкі вырашылі ўшанаваць: адну з вуліц горада назвалі яго імем. Добрая справа, ці не так?.. Піша Сяргей Чыгын.

Паводле біблейскага (евангельскага) расказу, калі Ісус, які праславіўся сваёй пропаведдзю, вярнуўся на радзіму, у Іудзею, яго сустрэлі там даволі недаверліва. «Не бывае, — горка сказаў Ісус, — прарока без гонару, хіба толькі ў Айчыне сваёй…».

Мы паўтараем гэтыя словы даволі часта, назіраючы за тым, як людзі не ўмеюць часам цаніць заслугі сваіх суайчыннікаў, сваіх вялікіх землякоў, сваіх беларусаў. Чужых — умеюць, сваіх — не. Чаму я пра гэта пачаў гаворку? Ды таму, што роўна год таму не стала самага слыннага слонімца — прафесара, доктара філалагічных навук, член-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Алега Лойкі.

Асоба вялікая не толькі ў маштабах Беларусі, але і Еўропы. Такімі людзьмі мы павінны не толькі ганарыцца, але і ўслаўляць іх заўсёды. І ў Слоніме, сапраўды, імя Лойкі вырашылі ўшанаваць: адну з вуліц горада назвалі яго імем. Добрая справа, ці не так?..

Я вырашыў знайсці гэтую вуліцу, якая з гонарам будзе насіць імя вялікага сына слонімскай зямлі. Вуліца гэтая знаходзіцца ў Лабазоўцы, у раёне індывідуальнай жылой забудовы, якая паміж Кальцавой вуліцай і другім Падлесным завулкам у паўночным кірунку ад завулка Максіма Багдановіча.

Некалькі гадзін шукаў патрэбную вуліцу. Апытаў многіх жыхароў гэтага раёна, дзе можа быць такая новая вуліца ў паўночным кірунку ад завулка Максіма Багдановіча. Дзякаваць Богу і людзям, знайшоў тое месца, але назваць гэта вуліцай, шчыра кажучы, у мяне не паварочваецца язык.

І калі там пабудуюць дамы, то гэта ўсё роўна будзе маленькі завулачак у некалькі пабудоў, а не вуліца.

Мяне наогул узяў сумнеў, ці быў там хто-небудзь са Слонімскага раённага Савета дэпутатаў і ці бачылі яны, я маю на ўвазе, тыя, хто прымаў такое рашэнне, гэтую вуліцу і наогул увесь той раён у Лабазоўцы. Там — ні прайсці ні праехаць. Дзіву даюся: як там людзі жывуць, будуюцца і як туды яны ўвогуле дабіраюцца?.. Але гэта іншая тэма.

Пабачыўшы будучую «вуліцу» Алега Лойкі, я, як карэнны слонімец, быў у шоку. І ад імя ўсіх сваіх землякоў хачу папрасіць у Алега Антонавіча прабачэння. Ведаю, што ён, калі б жыў, як культурны, адукаваны і інтэлігентны чалавек, толькі шчыра ўсміхнуўся б і, як той нацыянальны герой Чэхіі Ян Гус, калі яго палілі на кастры і калі адна жанчына ў касцёр падкінула пару паленцаў, сказаў бы: «Святая прастата. Святая наіўнасць». Сапраўды, надаць імя Алега Лойкі такой вуліцы — гэта ганьба для ўсіх жывых і мёртвых слонімцаў XI-XXI стагоддзяў, гэта ганьба перад гісторыяй Слоніма, гісторыяй і культурай Беларусі.

Таму я прапаную скасаваць рашэнне Слонімскага раённага Савета дэпутатаў аб наданні імя Алега Лойкі вуліцы ў горадзе, каб не знеслаўляць імя вялікага сына Беларусі.

Перайменаваць адну з цэнтральных вуліц Слоніма (Чырвонаармейскую, Зялёную, Брэсцкую, Тапалёвую, Шасэйную, Першамайскую, Савецкую) у вуліцу Алега Лойкі. Адкрыць у яго гонар мемарыяльную шыльду на будынку агульнаадукацыйнага ліцэя, дзе ён вучыўся, надаць яго імя гэтаму ліцэю. Устанавіць у Слоніме стыпендыю імя Алега Лойкі найлепшым вучням школ горада і навучэнцам вучылішчаў. Адкрыць у Слоніме беларускі культурны цэнтр імя Алега Лойкі, дзе наладжваліся б і праводзіліся б літаратурна-музычныя вечары і сустрэчы. Устанавіць помнік нашаму вялікаму земляку…

У Слоніме зняважылі памяць пра Алега Лойку
Выгляд на вуліцу Алега Лойкі ў Слоніме

«Газета Слонімская»

←Расія паміж шаленствам і святасцю

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика