Расія паміж шаленствам і святасцю
Пра фільм Паўла Лунгіна «Цар» пішуць Алесь Кудрыцкі, Сяргей Мікулевіч, Алесь Пілецкі, Андрэй Расінскі і Наталка Бабіна.
Рандэву з Іванам Жахлівым
Тыдзень таму, сядаючы ў цягнік Мінск — Масква, я крыху хваляваўся. Не скажу, каб гэта была боязь, але… Ну што можа адчуваць чалавек перад тым, як упершыню ў жыцці едзе наведаць славяна‑азіяцкі мегаполіс, сучасны Вавілон з яго шырачэзнымі праспектамі, па якіх пралятаюць на сваіх чорных лімузінах апрычнікі ды баяры федэральнага ўзроўню, дзе па даўжэзных эскалатарах спускаюцца ў чэрава метро змрочныя орды гастарбайтэраў, а з‑пад колаў цягнікоў выскокваюць пацукі памерам з парсюка? Дзе ў кожным дворыку вядуцца міні‑войны паміж салаўямі‑разбойнікамі ў чорных масках ды купцамі, якія наіўна спадзяюцца схавацца ад куляў, загарнуўшыся ў собалевыя футры ад «Хуга Бос»? У горад, які сваім памерам намагаецца паказаць табе, што ты — казюрка, ты — нішто.
Натуральна, расійская сталіца выявілася зусім не такой, якой яе малюе немаскоўскае калектыўнае несвядомае.
Ніякіх мядзведзяў з балалайкамі ды гарэлкі з самавараў. Масква хоць і буйны, але даволі спакойны, несумненна цікавы і па‑свойму прыгожы горад. У архітэктуры Крамля адразу праглядаецца ўсходняя стылістыка, а ў храме Васіля Блажэннага зашыфраваныя рэнесансныя матывы. Красная плошча, якая ўяўлялася грандыёзным пляцам, у адрозненне ад Кастрычніцкае плошчы Мінска падаецца маленькай, амаль камернай, а маўзалей Леніна выглядае не велічным мармуровым зікуратам, а мізэрным пачкам запалак, перад якім мнецца з нагі на нагу ахоўнік, усміхаючыся сваім думкам. Ад няма чаго рабіць, ён нават зляпіў маленькую снежную бабу, паставіўшы яе на слупок агароджы перад маўзалеем.
Вось тут, у ваколіцах Краснай плошчы, я і пабачыў упершыню Івана Жахлівага.
Ён выйшаў ці то з музея, ці то з антыкварнай крамы і скоса, падазрона зірнуў на мяне. Пераапрануўшыся ў крывавага цара, нават звычайны прадавец ці экскурсавод пакрысе пачынае весці сябе адпаведным чынам.
Другі раз я сустрэўся з Іванам Жахлівым праз некалькі дзён пасля паездкі, у Мінску.
У зале кінатэатра «Беларусь» не было аніводнага пустога месца. На экране шалёна варочаў зрэнкамі Пятро Мамонаў, які пераўвасобіўся ў Івана Жахлівага ў фільме Паўла Лунгіна «Цар».
У фільме расказваецца пра два гады царавання Івана Жахлівага (1566‑1568), якія прыпалі на яго канфлікт з мітрапалітам Філіпам, а таксама на разгар Лівонскай вайны.
Дарэчы, каб паказаць вайну, Павал Лунгін выбраў эпізод з бітвай за Полацк і зрабіў гэта надта хітра: рэжысёр апавядае не пра крывавае ўзяцце Полацка войскамі Івана Жахлівага, а пра яго «абарону» расійцамі ад беларуска‑польскага войска.
Усё пераварочвае адзіная фраза. Вой‑вястун кідаецца ў ногі цару з горасным крыкам: «Полацк здадзены! Палякі зайшлі з тылу, а горад ім сам дзверы расчыніў». Расійскія ваяводы, панурыўшы голаў, вяртаюцца у Маскву, дзе цар, за якога яны змагаліся, ужо вынес ім смяротны вырак.
Філіп, ігумен Салавецкага манастыра, едзе ў сталіцу на заклік цара. Чым бліжэй да Масквы, тым большае задуменне выклікае ў манаха тое, што ён бачыць. Перад яго вачыма паўстае крывавы балаган, масавае шаленства з царом на чале. У дзяцінстве Філіп і Іван былі сябрамі, і менавіта яго цар паставіў кіраваць царквой — каб потым забіць, зразумеўшы, што той не збіраецца танчыць пад царову дуду.
Іван Жахлівы ў выкананні Пятра Мамонава то моліцца, то балюе, а яшчэ ўвесь час мармыча, разглагольствуе, крычыць, шэпча.
Ён падобны да пачварнага разбэшчанага дзіцяці, які то палац без вокнаў ды без дзвярэй збудуе, то ляльку на кол пасадзіць, то заплача, то ў ладкі запляскае. Дарэчы, Івану Жахліваму надта цікава бавіцца з дзецьмі — яны для яго як цацкі, як талісманы, накшталт нацельнага крыжыка. Праўда, калі талісман не прыносіць цудаў, цар можа яго і на сметнік выкінуць. А яшчэ ён увесь час хоча, каб яго любілі — не толькі апрычнікі, але і мітрапаліт Філіп, і народ, і Бог. Ды толькі сам цар любіць няздатны, а малітвы ягоныя — дыялог з самім сабой. Іван Жахлівы падобны да ката і блазна адначасова. Ягоная душа не проста блукае — яна мітусіцца, нібы ў клетцы.
Мітрапаліт Філіп у выкананні Алега Янкоўскага (гэта была ягоная апошняя роля ў жыцці) — гэта сімвал царквы, якая лічыць царом Бога, а не цара — Богам. Ён супрацьпастаўляе простую любоў і чалавечнасць мудрагелістым філасофстваванням Івана Жахлівага, у якіх тэалогія мяшаецца з псіхапатыяй. Чым далей, тым больш відавочна, што для цара не існуе іншых людзей — толькі ён ды Бог, ды і той не слухаецца. Адзін цар, зусім адзін.
«Дзе мой народ?» — істэрычна скрыгоча зубамі, увесь счарнелы, Іван напрыканцы фільма, калі сядзіць адзін пасярод катавальнага мястэчка. Галоўны кашмар дэспата — прачнуцца і пабачыць, што навокал нікога няма.
Шпацыруючы па Краснай плошчы, я заўважыў на пляцы нейкую недарэчную канструкцыю — ці то каменны басейн, ці то трыбуну. З глыбіняў памяці ўсплыла напаўзабытая назва «Лобнае месца». Адсюль некалі зачытвалі царскія загады — каго на плаху, а каго ў кайданы. Тут і галовы адсякалі.
У некалькіх кроках ад Лобнага месца — цудоўны сабор Васіля Блажэннага, які, між іншым, збудавалі на загад Івана Жахлівага. Кажуць, дойліду пасля выкалалі вочы, каб той больш не збудаваў нічога падобнага. Так і стаіш паміж Лобным месцам ды саборам, у самым сэрцы Расіі.
Алесь Кудрыцкі
***
Цар і сантэхнік
Памылкай будзе разглядаць фільм «Цар» як гістарычны. Фільмы пра цара Івана ў Расіі выходзяць палітычныя, незалежна ад жадання аўтараў. Бо Іван Жахлівы на стагоддзі перадвызначыў шлях развіцця Расіі. Першы геапалітык імперыі, ён «прабіваў акно» да Балтыкі. Праўда, у той раз беларусы яго ад мора адкінулі.
Знішчыў Казанскае ханства, адкрыўшы шлях да каланізацыі Сібіры. Прыяднаў вестэрнізаваную Наўгародскую рэспубліку і здушыў сепаратызм.
Дыпламатычны стыль Івана Васільевіча дагэтуль жывы ў каментарыях Пуціна пра гальштук Саакашвілі, у заявах Лаўрова.
Дый пачутыя ў фільме праклёны на адрас караля Жыгімонта і здраднікаў, «купленых на наўгародскія грошы», гучаць вельмі сучасна. Калі замяніць польскага караля на амерыканскага прэзідэнта, а наўгародскія грошы на заходнія гранты.
Першы фільм пра Івана IV здымалі пры Сталіну. Паказаць гістарычную апраўданасць метадаў сталінскай улады ў ім не выйшла — сам матэрыял паўстаў супраць такой ідэі. У часы застою быў зняты другі — камедыя «Іван Васільевіч мяняе прафесію». Жарцікі з рэлігіі, маразм і распуста начальства, некампетэнтнасць «цара»… Брэжнеўская эпоха паўстае ва ўсёй прыгажосці.
Стваральнікі самага новага фільма пра цара ўсяляк намагаюцца сысці ад разважання пра сучасныя праблемы Расіі — настолькі ўніверсальнае шэкспіраўскае зло ўвасабляе Іван. Гэта анты‑Лір: цар‑вар’ят, які распадаецца на чалавека і ўладара, ката і яго ж ахвяру, прагматычнага палітыка і містыка. Дэспатычнае ў ім нашмат мацнейшае за асабістае: «Як чалавек я можа і грэшны, але як цар — бязгрэшны». Хто з дыктатараў не суцяшае сябе той самай думкай?
Яго антыподы ў фільме — высокадухоўны праваслаўны мітрапаліт Філіп і яго пляменнік, ваявода‑патрыёт, — спрабуюць выйграць у Івана па ягоных жа правілах. Служаць яму, спадзеючыся яго выправіць. Але іх рэцэпты не лечаць. Станоўчы ваявода Колычаў няблага б глядзеўся і ў расійскім баевіку пра чачэнскую вайну — варта толькі памяняць уніформу. А Філіп усё ратуе душу цара, заклікае «пакаяцца», «не ліць кроў». Але цар ужо даўно не чалавек, а частка дзяржаўнай сістэмы, якую не разбурыш простай асабістай заменай. Гэта добра бачна ў сцэне, дзе світа этап за этапам апранае Івана ў царскія шаты. І скукожаны багамолец ператвараецца ў грознага дэспата. Цар перамагае Філіпа адным кіўком:
дае дысідэнту ўладу судзіць «ворагаў дзяржавы». І Філіп губляецца, не знаходзіць выйсця з пастаўленай пасткі.
Мітрапаліт гіне, здабыўшы маральную перамогу. Манастыр з манахамі, што схавалі яго цела, паляць апрычнікі. Дысідэнцкі шлях больш нікуды не вядзе. «Тут усю сістэму мяняць трэба», — казаў безыменны сантэхнік.
Сяргей Мікулевіч
***
Жахлівы чалавек і грозны цар
У Беларусі з яе ампутаванай гістарычнай памяццю для большасці насельніцтва ён — персанаж з вясёлай савецкай камедыі, які «Астрахань браў, а Шпака — не». Для тых, хто вывучаў гісторыю па кнігах Уладзіміра Арлова, ён — Іван Жахлівы, знішчальнік Полацка і заваёўнік беларускіх земляў.
Іван IV Васільевіч нарадзіўся ў шлюбе вялікага князя маскоўскага Васіля III і Алены Глінскай. Па бацькоўскай лініі паходзіў з дынастыі Івана Каліты, па матчынай — ад Мамая. Сам сябе Іван IV лічыў нашчадкам рымскага імператара Аўгуста.
Яго заваёвы, у выніку якіх тэрыторыя Масковіі павялічылася ўдвая, стварылі пра яго легенды. Між тым, сам каварны Іван амаль ніколі не ўдзельнічаў у паходах.
Сярод насельніцтва ВКЛ маскоўскі цар Іван Васільевіч быў вядомы альбо як «Маскоўскі», альбо як «Тыран».
Існуе меркаванне, што Іван IV быў псіхічна хворым, чым і тлумачыцца яго жорсткасць. Першага чалавека ён прыгаварыў да смерці ў 13 гадоў, аднак гэта было хутчэй прыкметай часу і моцнай улады. Усё кіраванне цара Івана прынесла менш ахвяр, чым адна Варфаламееўская ноч. Рэпутацыю цар атрымаў хутчэй ад таго, што не грэбаваў асабістым удзелам у забойствах і гвалце.
Да беларускіх земляў у Івана было стаўленне адназначнае — яны павінны былі далучыцца да Масквы. Прычым не па рэлігійнай прыкмеце (з царквой у яго былі церці), а па гістарычнай. Выводзячыся ад Рурыка, ён лічыў сваім абавязкам «вярнуць» Полацк.
Такім ён і ўвойдзе ў нашу гісторыю — заваёўнікам.
Алесь Пілецкі
***
Кажаце, па‑руску будзе Жыгімонт?
Згубна для гістарычнага фільму, калі гісторыю трактуюць з палітычных і грамадзянскіх пазіцый сённяшняга чалавека.
Фільм не падаўся нейкім прарывам. Ён, канечне, выдзяляецца на фоне расійскіх серыялаў, што запаланілі тэлеэфір — але не больш за тое. Трыццаць год таму такія фільмы выходзілі ў СССР штомесяц. Але да «Сямнаццаці імгненняў вясны» або «Д’Артаньяна і трох мушкецёраў» ён проста не дацягвае.
Параўнанне з «Андрэем Рублёвым» Таркоўскага? Таркоўскаму, па‑мойму, удалося змадэляваць даўніну больш удала. Бо атмасферу далёкіх часоў немагчыма ўзнавіць толькі касцюмамі. Згубна для гістарычнага фільму, калі гісторыю трактуюць з палітычных і грамадзянскіх пазіцый сённяшняга чалавека — хай нават гэтыя пазіцыі знаходзяцца ў самым што ні на ёсць прагрэсіўным рэчышчы.
Пра што фільм? Кажуць, пра ўзаемаадносіны улады і царквы. Магчыма, расіянам гэты пасыл больш ясны, а мне ўсё ў гэтым фільме незразумела. Ён для тых, хто вельмі добра абазнаны ў расійскай гісторыі і расійскай сучаснасці. А я расійскую гісторыю ўжо забыла (так і цягне сказаць — дзякуй Богу), мае дзеці яе вывучаць не будуць. А ад расійскай сучаснасці мы аддзелены дзяржаўнай мяжой — хай сабе і не зусім паўнавартаснай. Чаму пра гэта мы маем гаварыць?
Канечне, Мамонаў, Кузняцоў ці Янкоўскі граюць прафесійна, а вось малодшыя, напрыклад, Дамагараў, Хаапасала ці Макараў трывала асацыююцца з дэтэктывамі і танцамі на лёдзе.
Што было б цікава мне, беларускай глядачцы, у гісторыі часоў Івана Жахлівага? Напрыклад, лінія, звязаная з узяццем Полацку, але Полацк прысутнічае ў фільме толькі ў выглядзе апораў мосту, якія рушацца, калі расійская дзяўчынка пускае да іх па вадзе праваслаўную ікону…
Мне была б цікавая гісторыя маці Жахлівага — Алены Глінскай, чый бацька і дзядзькі уцяклі да Масковіі з ВКЛ, здрадзіўшы свайму каралю… Але ў фільме гэтага няма.
Забаўна, што ў цітрах, якія папярэднічаюць непасрэдна фільму, напісана «польскі кароль Сігізмунд, па‑расійску — Жыгімонт». Жыгімонт — гэта, значыць, гучыць па‑расійску?
Як на мяне, дык лепш бы гэтыя мільёны даляраў, што пайшлі на фільм, аддалі тым, хто галадае зараз у Афрыцы. Але гэта ўжо непасрэдна фільма не датычыцца.
Фільм для расіянаў, беларусам не зразумець.
Наталка Бабіна
***
Расія: паміж шаленствам і святасцю
«Цар»
Расія, 2009, каляровы, 116 хв.
Рэжысёр: Павал Лунгін
Ролі выконваюць: Пятро Мамонаў, Алег Янкоўскі, Юры Кузняцоў, Аляксандр Дамагараў.
Жанр: Гістарычная трагедыя
Адзнака: 7 (з 10)
1565 год. Разгар Полацкай вайны. Цар Іван IV, зляканы ўяўнымі і сапраўднымі ворагамі, уводзіць апрычніну і залівае Масковію крывёю. Мітрапаліт Філіп, сябра дзяцінства Івана, уздымае голас за літасць і праўду…
Гістарычная трагедыя Паўла Лунгіна прасцейшая за знакамітую стужку Сяргея Эйзенштэйна. Сутыкненне дабра і зла падкрэсленае. Святло, сонца і кветкі ў манастыры; цемра, плаха і стогны — у катавальні. Як героі‑панфілаўцы, стаяць ваяводы, баронячы захоплены ў беларусаў Полацк.
Зямлістыя, каржакаватыя, быццам выкапаныя з глыбінь апраметнай царскія апрычнікі. І адухоўленыя манахі, якіх паляць жыўцом.
Гэтая гістарычная стужка і трымаецца на двух постацях — Пятру Мамонаве і Алегу Янкоўскім. Толькі Мамонаў здолеў непераўзыдзена сыграць цара‑параноіка. І толькі Янкоўскі з найвялікшай акторскай мудрасцю і пакорай паказаў на экране штодзённую жыццёвую святасць.
Лунгін раскрывае нам галоўную расійскую тайну, запачаткаваную ў крывавыя маскоўскія часы. У краіне, якая нат дасягненні заходняй цывілізацыі пераўтварае ў катавальніцкія механізмы, апошняя абарона ад самадурства ўлады — Бог, які дзейнічае праз сумленне. А барацьба ідзе за чалавечыя душы: з кім чалавекы — з царом зямным, ці Царом Нябесным? І вагаецца Расія паміж шаленствам і святасцю.
«Дзе мой народ?» — разгублена пытаецца цар.
Народ схаваўся.
Андрэй Расінскі