Беларускія перакладчыкі скокаюць ад Гесэ да Рэмарка
Творы замежнай літаратуры на беларускую мову перакладаюцца ўжо дастаткова даўно. Яшчэ ў 80-х пачалі перакладаць Адама Міцкевіча (Семяжон, Тарашкевіч і інш.) У 90-х пераклалі Аляксандра Пушкіна. Праўда, «пушкінскі тыраж» аб'ёмам усяго ў 2-3 тысячы асобнікаў, па словах прадаўцоў крамы «Светач», потым прадавалі цэлых 10 гадоў. Зараз гэткіх вялікіх тыражоў перакладной літаратуры папросту няма, праўда, і самой літаратуры на паліцах кнігарняў няшмат. Дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое раней выдавала значна больш перакладаў, чым сёння, зараз гэтым нібы зусім не займаецца, а ў прыватных выдавецтвах такая прадукцыя выходзіць зусім не масавым накладам. Але вось парадокс: попыт, па словах прадаўцоў сталічных кніжных крам, перавышае прапанову. Людзі пытаюць, а кніг няма. Чаму так?
Арцём Арашонак, які пераклаў «Сідхартху» легендарнага Гесэ і выдаў яе, дарэчы, за ўласныя грошы, лічыць, што малая колькасць перакладной літаратуры ў крамах абумоўлена звычайнай незапатрабаванасцю, паколькі нават сучасная беларуская літаратура, па яго словах, вельмі клішаваная і асацыюецца толькі з Васілём і Ганнай, вайной і бела-чырвона-белым сцягам.
«Што вы хочаце ад перакладаў, калі запатрабаванасць такой літаратуры прапарцыйная запатрабаванасці самой беларускай мовы ў нашай краіне? — кажа ён. — У нас не так шмат шыльдаў на беларускай мове і не так шмат беларускамоўнага насельніцтва ў прынцыпе. У Беларусі апроч астатняга адсутнічае нацыянальная перакладніцкая школа, у той час як тая ж Расія помніць цэлую перакладніцкую эпоху. Адсутнічае школа — адсутнічае і сістэма перакладаў, у якой кожны аўтар перакладае аднаго-двух пэўных аўтараў. Такая сістэма існуе цяпер у Еўропе. У нас жа кожны перакладнік хапаецца адначасова за некалькіх аўтараў. Як я, напрыклад, ад Гесэ да Рэмарка».
Арашонак прызнаецца, што пры такім пераскоку ад аднаго аўтара да іншага перакладнік марнуе вельмі шмат часу, таму беларускія перакладнікі, на яго думку, падобныя да жаб, «якія квакаюць кожная на сваёй купіне і не бачаць агульнага ландшафту».
Саўладальнік маладога незалежнага выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў лічыць, што на перакладніцкую галіну паўплываў крызіс, які не мог не закрануць кніжную індустрыю. Асабліва гэта тычыцца прыватных выдавецтваў. «Мастацкай літаратуры» як дзяржаўнай структуры ў гэтым сэнсе прасцей, бо гэта выдавецтва атрымлівае датацыі, лічыць пісьменнік.
«Акрамя таго, крамы могуць адмовіцца рэалізоўваць пэўны тавар, бо не факт, што яго сапраўды купяць. Перад тым, як адпраўляць кнігі на паліцы крам, выдавецтва плаціць падатак дзяржаве, і калі прадаць увесь тыраж не атрымліваецца (а такое можа быць), дзяржава павінна пакрыць выдаткі так, быццам ўсё раскупілі», — кажа Вішнёў.
Між тым перакласці кнігу немагчыма, не ўзгадніўшы акалічнасцяў перакладу з аўтарам або ўладальнікам аўтарскіх правоў. «Нядаўна, напрыклад, Інэса Кур’ян, каб перакласці Віні-Пуха («Віня-Пых»), доўга дамагалася ўзгаднення ўсіх аўтарскіх правоў, — адзначае Вішнёў. — Гэта цяганіна з дакументамі таксама займае шмат часу. Увогуле кнігу перакласці не так ужо проста…»
У незалежным выдавецтве Ігара Логвінава перакладная літаратура складае 30% ад усёй беларускамоўнай прадукцыі. Сам Логвінаў лічыць, што гэта не так ужо мала, таму што беларускамоўныя кнігі — слабыя канкурэнты для рускамоўных. Логвінаў адзначае, што яго выдавецтва не займаецца перакладам бэстсэлераў, а перакладае пераважна «цяжкую» літаратуру.
«Бэстсэлеры трывала ўкараніліся на расійскім рынку — натуральна, на рускай мове. Таму калі беларуская мова паспрабуе канкураваць у гэтым плане з рускай, то нашы выдаткі не будуць апраўданыя», — перакананы ён.
Між тым выдаўцы, гэтак жа як і аўтары, якія друкуюцца ў гэтых выдаўцоў, лічаць, што трэба развіваць сферу выдавецтва ў Беларусі ў цэлым. Яны лічаць, што ў выдавецтваў павінны быць палёгкі на выпуск беларускай літаратуры, каб мець хоць нейкую перавагу перад выпускам той жа расійскай літаратуры.
Зрэшты, ганебная сітуацыя з беларускімі кнігамі такой была не заўжды. Быў перыяд, калі для беларускамоўных перакладаў выдаткоўвалі больш месца і часу… «Раней, калі ў нас адзінай дзяржаўнай мовай была беларуская, сітуацыя і з перакладамі была лепшай, — кажа малады беларускі літаратар-перакладчык Павел Гаспадыніч. — Нават выходзіў часопіс, які друкаваў замежныя творы на беларускай мове. А сёння такога няма...».
Гаспадыніч таксама адзначае, што сёння большая колькасць арыгінальнай і перакладной кніжнай прадукцыі выходзіць у свет у прыватных выдавецтвах. Многія аўтары не шкадуюць уласных фінансаў на выданне кнігі, паколькі ў самым вядомым дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» рукапісы і маладых, і сталых пісьменнікаў ды перакладчыкаў могуць «пыліцца» напрацягу некалькіх гадоў.
«Айчынныя выдавецтвы працуюць з апошніх сіл, але ім з кожным днём усё цяжэй выжываць, — адзначаў паэт і перакладчык Міхась Скобла ў інтэрв’ю «Салідарнасці» ў 2007 годзе. — Калі дзяржаўныя яшчэ атрымліваюць нейкія датацыі, то недзяржаўныя, якую б «сацыяльна-значную» літаратуру яны ні выдавалі, ад дзяржавы маюць хіба што выспятка ў бок. Нядаўна адно выдавецтва атрымала папярэджанне ад міністра інфармацыі толькі за тое, што на вокладцы паэтычнай кніжкі быў змешчаны малюнак са спалучэннем бела-чырвоных колераў! Але, нягледзячы ні на што, сёння менавіта ў недзяржаўных выдавецтвах «Беларускі кнігазбор», «Про-Хрысто», «Логвінаў», выдавецтве Змітра Коласа выходзяць найлепшыя беларускія кнігі».
Аднак карані праблемы, думаецца, не толькі ў выдавецтвах. На якім узроўні валодае замежнымі мовамі той, хто ўзяўся за пераклад, і як часта ён выкарыстоўвае падрадкоўнік? Ці шмат сярод іх сапраўдных прафесіяналаў?
«Беларускія навіны» правялі апытанне, якое выявіла, што прафесійных перакладчыкаў на самой справе няшмат. Пісьменнікі, выдаўцы і літаратары адзначылі ўсяго некалькіх, на іх думку, сапраўды прафесійных: Карласа Шэрмана, Рыгора Барадуліна, Васіля Сёмуху, Змітра Коласа, Лявона Баршчэўскага і некаторых іншых.
Істотным з’яўляецца і тое, што сённяшнія рэаліі не дазваляюць выдавецтам шмат увагі надаваць беларускамоўным перакладам, бо, як бы гэта ні гучала, а які-небудзь рускамоўны дэтэктыў найчасцей перамагае у бітве за папулярнасць. Нядзіва, што выдавецтвы імкнуцца да прыбытку, да эканамічна выгаднага прадукту, які, па словах літаратараў, на 99,9 адсоткаў не мае нічога мастацкага.
А што, калі пачаць перакладаць дэтэктывы?
«З пункту гледжання прыбытковасці і прапаганды беларускай мовы гэта магчыма. Дарэчы, не так даўно выйшла прыгожа аформленая вялікім фарматам кніга беларускіх аўтараў на беларускай мове менавіта з дэтыктыўнымі творамі, у ёй прадстаўлены Глобус, Клімковіч ды іншыя вядомыя творцы», — кажа Гаспадыніч.
А перекладаць Данцову і падобных да яе аўтараў, прызнаецца, не стаў бы нізавошта. Па-першае, іх і па-руску чытаюць, па-другое, некаторыя кнігі, Пушкіна, Ясеніна, Высоцкага, да прыкладу, ніяк не перакладзеш дакладна, каб адпавядаць настрою і духу твораў, бо «ў кожнай мове ёсць свае непаўторныя і прыгожыя, закладзеныя на генетычным узроўні карані, якія на чужой глебе не прыжывуцца».
«Як я смяяўся з перакладаў на беларускую мову Высоцкага адным непрафесійным чалавекам — ён проста выставіў на смех як самога геніяльнага творцу, так і беларускую мову, — дзеліцца Гаспадыніч. — А вось Сяржук Мінскевіч, які адносна нядаўна пераклаў «Дзяды» Міцкевіча, на мой погляд, зрабіў гэта выдатна, і ў прасторы беларускай культуры гэта сталася сапраўднай падзеяй, бо да гэтага выйшла «няпоўная» версія аднаго, прабачце, таварыша, але там — адныя хібы. У Мінскевіча атрымалася самае галоўнае — перакласці дакладна, пры гэтым не губляючы адчуванне часу, у якім адбываліся падзеі».
Што будзе далей з перакладамі? Большасць пісьменнікаў і перакладнікаў спадзяюцца, што гэтая галіна кніжнай індустрыі будзе развівацца і будзе карыстацца яшчэ большым попытам, калі палепшыцца фінансаванне такіх праектаў. Цешыць, што практычна ва усіх беларускіх выдаўцоў нароўне з астатнімі праектамі плануюцца і некаторыя перакладніцкія. Што да дзяржаўнай «Мастацкай літаратуры», то на сталічных кніжных паліцах ляжыць толькі Байран. Час ад часу можна адшукаць Юзафа Крашэўскага і Альбера Камю. Пра тое, ці запланавана перакладаць і выдаваць нешта яшчэ, наогул застаецца толькі здагадвацца...