Павел Латушка як сімвал лібералізацыі

Источник материала:  
12.08.2009 18:18 — Новости Культуры

На пачатку чэрвеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў чарговую перастаноўку ў вышэйшым эшалоне ўлады. Галоўнай сенсацыяй “ператрусу” стала прызначэнне на пасаду міністра культуры былога пасла Беларусі ў Польшчы 36-гадовага Паўла Латушкі. За першыя два месяцы работы самы малады беларускі міністр ужо зрабіў шэраг нечаканых крокаў. Аб чым гэта сведчыць, аналізуе карэспандэнт “Тут і цяпер”.

Павел Латушка як сімвал лібералізацыі
Павел Латушка нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску. Вучыўся на гістфаку Белдзяржуніверсітэта, аднак закончыў юрыдычны факультэт БДУ (1995). Таксама ў 1996 годзе завочна скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт. Займаў розныя пасады ў структуры Міністэрства замежных спраў. У 2000–2002 гады — прэс-сакратар МЗС. З 2002 па 2008 год быў паслом Беларусі ў Польшчы і самым маладым беларускім паслом.
"НОВЫ ІМПУЛЬС"

Прызначаючы новага міністра 4 ліпеня, Лукашэнка адзначыў, што неабходна наладжваць больш сістэмную работу ў сферы культуры ў рэгіёнах, а таксама ўдзяляць больш увагі сістэме адукацыі ў галіне культуры. У сваю чаргу Латушка адказаў, што для развіцця культуры ў Беларусі трэба стварыць новы імпульс і новыя магчымасці. Што меў на ўвазе “першы беларускамоўны міністр”, як яго ахрысцілі ў СМІ?

Прызначэнне дыпламата на міністэрскую пасаду было з вялікім аптымізмам успрынята як у незалежных культурніцкіх колах, так і ў інтэрнэт-прасторы.

Нязменны старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алег Трусаў узгадаў, як сённяшні міністр культуры Павел Латушка, будучы студэнтам, гадзінамі бавіў час на сядзібе ТБМ.

“Кажуць, Павел Латушка – адзін з нямногіх дзяржаўных чыноўнікаў, які паслядоўна і падкрэслена карыстаецца беларускай мовай. А што тут дзіўнага? Паша ўжываў беларускую мову з першага курса. Беларускамоўнае аддзяленне ўсё ж”, – піша на інтэрнэт-форуме найбуйнейшага беларускага партала TUT.BY карыстальніца Zлюкa.

“Спадар Латушка мае шанец увайсці ў гісторыю як адзін з "будзіцеляў" сумлення беларускага народа. Калі першы за доўгі час беларускамоўны міністр скарыстае свой пост дзеля змены прапорцыі бел./рас. на карысць беларускай мовы, так, безумоўна, і будзе”, – спадзяецца ales_shame.

ПОЛЬСКІ ДОСВЕД

Працуючы ў Польшчы, Латушка наладзіў сувязі з беларусамі Беласточчыны, папулярызаваў сярод палякаў беларускую культуру, ажыццяўляў праекты па адраджэнні і ўшанаванні агульнай беларуска-польскай спадчыны і быў ці не адзіным беларускім паслом, які нязменна выступаў на цудоўнай беларускай мове.

Часам ён дазваляў сабе “вольнасці”. Так, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў-2006 у інтэрв’ю польскаму радыё “ТОК ФМ” Латушка заявіў: “Натуральна, ніхто не мае права забараніць апазіцыі праводзіць дэманстрацыі. Гэта – асноўнае права чалавека, якое трэба выконваць, у тым ліку і ў Беларусі”. На пытанне журналіста, ці з’яўляецца Беларусь дэмакратычнай краінай, пасол адказаў: “Не скажу, што Беларусь прытрымліваецца ўсіх стандартаў дэмакратычнага свету”. Як вынік, Латушка карыстаўся ў нашых суседзяў, якія мякка кажучы, не самым лепшым чынам ставяцца да беларускай улады, высокім аўтарытэтам і павагай. Нядзіўна, што менавіта Латушку запрасілі на леташні баль прэзідэнтаў, дзе апроч яго Беларусь прадстаўлялі толькі апазіцыйныя дзеячы нашай краіны — Станіслаў Шушкевіч і Аляксандр Мілінкевіч.

І НЕМАГЧЫМАЕ МАГЧЫМА!

Першыя крокі Паўла Латушкі таксама не расчаравалі.

У ліпені міністр культуры ўзяў удзел у V з’ездзе беларусаў свету. Прычым адбылося тое ўпершыню за доўгія гады. "Мы заўсёды запрашалі чыноўнікаў да ўдзелу ў нашых форумах, аднак нашыя запрашэнні дагэтуль ігнараваліся, – распавяла TUT.BY кіраўнік Задзіночання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская. – Канечне, вынікі пакуль падводзіць рана, але тое, што гэтая падзея адбылася ў Мінску, ужо сведчыць пра многае. Прадстаўнікі дзяржавы не толькі выступілі з прывітальным словам, але і актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях і распрацоўках стратэгій. Шырока была прадстаўленая афіцыйная прэса. Гэта быў канструктыўны дыялог”.

Выступаючы на форуме, Латушка заявіў, што не “ўяўляе Міністэрства культуры без беларускай мовы” і што асабіста для яго “беларуская мова з’яўляецца прыярытэтнай”.

“У асноўным у Міністэрстве культуры мы будзем весці справаводства на беларускай мове і, такім чынам, пастараемся падаваць прыклад астатнім міністэрствам і ведамствам”, – адзначыў міністр культуры і дадаў, што Беларусь пакуль не гатова да ўвядзення беларускай як адзінай дзяржаўнай мовы. “Гэтае пытанне не рэвалюцыйнае. Мы павінны паступова прыходзіць да таго, каб беларуская мова стала асноўнай мовай зносін. Загадам такія пытанні не вырашаюцца”, – сказаў ён.

Ужо на мінулым тыдні адбылася сустрэча Латушкі са старшынёй Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам, падчас якой абмяркоўвалася сітуацыя з захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны.

Як распавёў “Тут і цяпер” Антон Астаповіч, ад гутаркі з новым міністрам у яго засталіся толькі пазітыўныя ўражанні: “На сустрэчы ўзнімалася і абмяркоўвалася мноства праблемных пытанняў. Бачна, што чалавек “у тэме”, вельмі добра арыентуецца ў праблематыцы і гатоў працаваць над пытаннямі захавання гісторыка-культурнай спадчыны з грамадскімі арганізацыямі. Прычым мне спадабалася, што ён не абяцаў залатыя горы, а рэальна сказаў, што нам належыць выканаць вялікую працу”.

Такім чынам, відавочна, што з прыходам Латушкі сталі мажлівыя рэчы, аб якіх раней нават не марылася (беларускамоўнасць міністра, дыялог з незалежным грамадствам). Цяжка ўявіць, каб яны не былі санкцыянаваны зверху. Але гэта толькі пацвярджае тое, што менавіта самы малады міністр быў абраны своеасаблівым сімвалам лібералізацыі. Прынамсі, у галіне культуры.



←У Вільні перапахаваюць Радзівілаў

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика