Партызаны атакавалі чачэнскі парламент
Будынак парламента Чачні ў аўторак раніцай быў атакаваны партызанамі. Паводле звестак РІА «Навіны», аўтамабіль як мінімум з трыма тэрарыстамі заехаў у двор парламента ўслед за машынамі дэпутатаў. Адзін з баевікоў выйшаў з аўтамабіля і падарваў сябе. Паводле звестак «Інтэрфакса», сябе падарвалі двое баевікоў. Пазасталы жывы баявік уварваўся ў будынак і адкрыў стральбу, першыя паведамленні аб якой паступілі каля 9.30 раніцы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі СКП, баевікоў было чацвёра і ўсім ім удалося пранікнуць у будынак парламента.
У кожным разе, партызанам не ўдалося захапіць спікера прамаскоўскага парламента Чачні. Ахова эвакуявала яго з будынку.
У выніку нападу прынамсі шэсць чачэнскіх міліцыянтаў загінула. Загінулі і ўсе баевікі.
Аперацыяй па вызваленні будынку кіраваў асабіста Рамзан Кадыраў.
- Парламент Чачні складаецца з 41 дэпутата, склад быў абноўлены ў кастрычніку 2008 года. 37 месцаў у парламенце ў партыі «Адзіная Расея», чатыры — у «Справядлівай Расеі». Дэпутацкі корпус цалкам лаяльны ўладам рэспублікі.
Мікола Бугай