Год таму стартавала праграма ЕС
У праграму ўвайшлі 27 краін ЕС, а таксама пяць дзяржаў‑партнёраў — Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна. Гэтую падзею эксперты прывіталі як прарыў міжнароднай ізаляцыі Беларусі.
Мэты Усходняга партнёрства — палітычнае збліжэнне і эканамічная інтэграцыя з названымі краінамі, арганізацыя энергетычнай бяспекі ў рэгіёне.
У межах Усходняга партнёрства магчыма заключэнне пагаднення аб асацыяцыі, якое прадугледжвае стварэнне зон свабоднага гандлю; пагадненняў аб мабільнасці і бяспецы, якія дазволяць паралельна з пашырэннем свабоды перамяшчэння грамадзян шасці краін‑удзельніц нарошчваць намаганні ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і карупцыяй; у якасці доўгатэрміновай перспектывы прадугледжаны пераход на бязвізавы рэжым.
Прадугледжаны таксама пяць флагманскіх ініцыятыў: у галіне кіравання межамі; энергаэфектыўнасці; падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу; рэагавання на катастрофы; у «Паўднёвым калідоры» — рэгіянальнай энергетычнай праграме.На шматбаковым узроўні праграмы беларускія ўлады падалі для атрымання фінансавання амаль 20 сумесных з Літвой і Украінай праектаў у галіне энергетыкі, транспарту, транзіту, кіравання межамі і гістарычнай спадчыны. Было дасягнута паразуменне аб магчымасці пачаць перамовы адносна спрашчэння візавага рэжыму.
Прадстаўнікі трэцяга сектара Беларусі з інаўгурацыйнай канферэнцыі Форуму грамадзянскай супольнасці ў лістападзе 2009 года ўплываюць на парадак дня структуры. Кіраўнік рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч быў абраны спікерам форуму. На сустрэчы ў красавіку ўдзельнікі форуму дабіліся магчымасці, каб іх запрашалі на іншыя мерапрыемствы ў межах праграмы «Усходняе партнёрства».
Разам з тым, інаўгурацыйнае пасяджэнне Еўранеста, парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства, было адкладзена ў сакавіку 2010 года на няпэўны тэрмін з‑за рознагалоссяў адносна складу беларускай дэлегацыі.Еўрапарламент не прызнае легітымнасць беларускага парламента, але на прапанову сфарміраваць дэлегацыю з пяці дэпутатаў і пяці прадстаўнікоў апазіцыі Мінск адказаў адмовай.
На рэалізацыю праграмы ў 2010—2013 гадах Еўракамісія выдзеліла 600 млн. еўра.
4 мая ў інтэрв’ю інфармагенцтву Рэйтэр Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ініцыятыва ЕС «Усходняе партнёрства» не павінна быць дыскрымінацыйнай адносна Беларусі. Ён назваў палітыку »ўтварэннем, якое яшчэ не сфарміравалася».
Марына Рахлей, БелаПАН