У Латвіі з’явіўся новы слоган
Рэкламнае агенцтва Adell Saatchi & Saatchi па замове Дзяржаўнага агенцтва развіцця турызму (TAVA) прыдумала для Латвіі новы слоган: Вest enjoyed slowly («Лепш атрымліваць асалоду павольна»). Стварэнне новага слогана абышлося агенцтву ў 10 тыс. латаў (14 тыс. еўра).
Новы слоган з’явіўся ў межах рэкламнай кампаніі, якая прасоўвае латвійскі рэгіянальны турызм. Слоган «Лепш атрымліваць асалоду павольна» закліканы павялічыць плынь турыстаў, што аддаюць перавагу спакойнаму адпачынку ў сельскай мясцовасці, рыбалцы і прагулкам па запаведных зонах.
У адрозненне ад ранейшага слогана «Краіна, якая спявае», які галоўным чынам характарызуе латвійскую сталіцу, новы слоган лепш адлюстроўвае спецыфіку турыстычнага адпачынку для ўсёй краіны. Па словах міністра эканомікі Латвіі Артыса Кампарса, Рыга з’яўляецца абсалютна іншым турыстычным прадуктам, і рэкламаваць яе трэба асобна. Сталіцы прысвечаная асобная рэкламная кампанія са слоганам Live Riga, выдаткі на якую ў 2010 годзе складуць 2 млн латаў (2,8 млн еўра).
Мэтавай аўдыторыяй новай рэкламнай кампаніі сталі людзі ва ўзросце ад 55 гадоў, якія складаюць найбольшую частку турыстаў з Еўропы. Рэклама арыентаваная збольшага на скандынаваў, немцаў і рускіх.
Масавая рэкламная кампанія новай турыстычнай канцэпцыі пачнецца ў 2011 годзе.