А кароль жа мёртвы! Віцэ-мэр Каўнаса сабраўся каранаваць Вітаўта
З такой ідэяй Станісловас Бушкявічус звярнуўся ў сейм — парламент Літвы. Намеснік кіраўніка другога па велічыні горада балтыйскай краіны нагадаў, што сёлета спаўняецца 580 гадоў з моманту, калі імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд І вырашыў надаць каралеўскую годнасць вялікаму князю літоўскаму Вітаўту. Спадар Бушкявічус палічыў патрэбным давесці справу да канца. Толькі як? Вітаўт жа нябожчык!Гэта не перашкодзіла чыноўніку звярнуцца з абсурднай прапановай у парламент. Дэпутаты накіравалі зварот на экспертызу ў Інстытут гісторыі Літвы. Навукоўцы патлумачылі, што Вітаўт не стаў каралём Літвы, бо не былі праведзены абавязковыя ў гэтым выпадку юрыдычныя працэдуры, не быў выкананы касцёльны абрад, не атрымаў Вітаўт і благаславення Папы рымскага, а Сігізмунд І дык увогуле на момант запланаванай у 1430 годзе каранацыі яшчэ не быў імператарам.Праўда ж у тым, што каранацыю меркавалі правесці ў Луцку, горадзе на паўночным усходзе сённяшняй Украіны. Туды ўжо былі з’ехаліся госці, але Вітаўт так і не дачакаўся кароны і неўзабаве памёр.Загадчык аддзела гісторыі Вялікага княства Літоўскага Інстытута гісторыі Літвы Рамуне Шмігельскіце-Стукене рэзюмавала: “Цырымонія, на якой каранавалі б вялікага князя Літвы Вітаўта, не праходзіла, таму няма ніякіх падстаў абвяшчаць Вітаўта каралём”.Вядомы даследчык з Вільні Артурас Дубоніс заклікаў палітыкаў не пад-трымліваць “палітычных маніпуляцый нашай гісторыяй і сумленнем”: “Штучна надзетая карона на галаву нябожчыка не надасць гонару ні яму, ні цяперашняй Літве”.Тым часам застаецца загадкай месца пахавання некаранаванага караля Літвы, Беларусі, Украіны, паўночна-ўсходняй Польшчы і заходняй Расіі — менавіта гэтыя землі ахоплівала Вялікае княства Літоў-скае ў часы панавання Вітаўта, у пачатку XV стагоддзя. Здаўна лічыцца, што астанкі славутага ўладара знаходзяцца ў сутарэннях віленскага кафедральнага касцёла. Але труна манарха дагэтуль не знойдзена.Тым часам у мінскіх кнігарнях з’явілася кніга папулярызатара айчыннай гісторыі Вітаўта Чаропкі з папулярнай біяграфіяй князя Вітаўта. Магчыма, калі б палітыкі ўважлівей чыталі такія кнігі, у іх радзей з’яўлялася б жаданне спекуляваць на мінуўшчыне.