Новыя пратэсты ў Іране
У Іране зноў масавыя беспарадкі. Улады краіны глушаць мабільную сувязь і перакрылі доступ у інтэрнэт. Напярэдадні антыўрадавых акцый былі затрыманыя некалькі сотняў чалавек. Дзень студэнта, які ў Іране адзначаецца ў памяць аб трох студэнтах, якія загінулі падчас антыамерыканскай дэманстрацыі ад рук шахской паліцыі ў 1953 годзе, адгукнуўся чарговым рэхам няўдалай «зялёнай рэвалюцыі».
Сутыкненні паміж апазіцыйна настроенымі студэнтамі, што выступаюць у падтрымку былога прэм"ера Ірана Мір-Хасейні Мусаві, і паліцыяй пачаліся ў Тэгеране ранкам. Спецслужбы ўжываюць слезацечны газ і блакуюць студэнтаў у інтэрнатах.
Незалежная інфармацыя з Тэгерана не паступае – замежным журналістам забаронена пакідаць дамы і карпункты з 7-га па 9-га снежня пад пагрозай высылкі з краіны.
Падчас летніх пратэстаў, якія пачаліся пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 12 чэрвеня і актыўна доўжыліся каля двух месяцаў, па звестках апазіцыі, загінулі больш як 70 чалавек. Пяцёра апазіцыянераў былі прысуджаныя да смяротнага пакарання, яшчэ 80 чалавек атрымалі доўгія турэмныя тэрміны.
АП, паводле gazeta.ru