Швейцарцы забаранілі мінарэты
Вынікі рэферэндуму ў Швейцарыі, на якім была ўхвалена забарона на будаўніцтва новых мінарэтаў, выклікалі радасць у стане правых і заклапочанасць ўрада краіны. У падтрымку забароны на будаўніцтва выказаліся 57,5% швейцарцаў, якія прынялі ўдзел у рэферэндуме — больш, чым абяцалі прагнозы.
Вальтэр Вобман, дэпутат ад швейцарскай Народнай партыі, не хавае сваёй радасці: «Такія мы, швейцарцы! Звычайна швейцарац не выказвае сваёй радасці адкрыта, і нават перамогу святкуе сціпла. Але зараз мы так цешымся гэтым вынікам.».
Міністр замежных спраў Швейцарыі Мішэлін Калмі Рэй кажа:
«Не думаю, што сённяшнія вынікі накіраваныя супраць мусульманскай суполкі ў цэлым. На выніках галасавання несумненна адбіліся засцярогі, звязаныя з распаўсюдам экстрэмізму і ісламскага фундаменталізму».
Забарона на будаўніцтва мінарэтаў [не мячэтаў] не прайшла толькі ў 4‑х з 26‑ці кантонаў краіны. Швейцарскія мусульмане занепакоеныя.
«Гэты закон — сапраўдная дыскрымінацыя! Швейцарыя — мая краіна, але я яе больш не пазнаю», — кажа Люсія Дахлаб з Саюза мусульманскіх арганізацый Жэневы.
У Берне праціўнікі забароны на будаўніцтва новых мінарэтаў выказалі сваё абурэнне акцыяй пратэсту. «Гэта не мая Швейцарыя!» — напісана на плакатах.
У Швейцарыі цяпер пражывае каля 300 тысяч мусульман, у асноўным выхадцы з Босніі, Косава і Турцыі.
Федэральная канстытуцыя Швейцарыі гарантуе грамадзянам свабоду веравызнання. Аднак прыхільнікі забароны будаўніцтва лічаць, што мінарэты выводзяць служэнне культу з прыватнай сферы ў сферу грамадскую.