Знаёмы сцэнар
Падчас святкавання 14 кастрычніка Дня горада на цэнтральнай плошчы Кішынёва ўзарвалася баявая граната. Пацярпелі 36 чалавек. Заведзена крымінальная справа.
Магутны выбух прагрымеў у сераду ў сталіцы Малдовы падчас святкавання Дня горада.
У 22.05 паводле мясцовага часу побач з Трыумфальнай аркай на плошчы Вялікага Нацыянальнага Сходу ўзарвалася граната РГ‑42, якая знаходзілася ў невялікай скрыні.
Граната ўзарвалася ў людскім натоўпе: акурат ішоў святочны канцэрт, і плошча была запоўнена людзьмі.
Пацярпелі 36 чалавек, ахвяр няма, але стан пяці чалавек ацэньваецца як цяжкі.
Эксперты зазначаюць, што граната спрацавала не ў поўную сілу.
Па факце выбуху заведзенга крымінальная справа. Паліцыя не выключае, што гэта тэракт.
Адразу на памяць прыходзіць мінскі выбух, калі ў ноч на 4 ліпеня 2008 года падчас святкавання Дня Незалежнасці у нашай сталіцы таксама спрацавала выбуховае прыстасаванне. Тады ў медыцынскія ўстановы звярнуліся 54 чалавекі, 47 былі шпіталізаваныя.