В Запорожье перед приездом Ющенко завесили все надписи на русском языке
Сістэма адукацыі, заснаваная на правераных часам традыцыях і ў той жа час адкрытая для новых ідэй, у многім вызначае паспяховае будучае дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка на сустрэчы з фіналістамі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Беларусі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў з дня правядзення ў Беларусі першага конкурсу "Настаўнік года". Паводле слоў Прэзідэнта, за сваю дваццацігадовую гісторыю конкурс ператварыўся ў сапраўдную акадэмію педагагічнага вопыту і майстэрства. "Гэта красамоўна сведчыць аб высокім грамадскім прызнанні ролі настаўніка і вялікай павазе, якой акружана ваша праца, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Адукацыя з'яўляецца тым фундаментам, на якім будуюцца інтэлектуальны патэнцыял і духоўнае здароўе нашай нацыі. Менавіта таму мы імкнёмся, каб нашы навучэнцы атрымлівалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, які адпавядае самым строгім сусветным стандартам". Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што аб тым, якой павінна быць айчынная школа ХХІ стагоддзя, нямала гаварылася на жнівеньскай нарадзе педагагічнага актыву. "Выхаванне і навучанне павінны ісці поплеч, каб раскрываць здольнасці і развіваць асобу кожнага дзіцяці. Абуджаць у вучнях шчырую цікавасць да ведаў, прывіваць культуру і гатоўнасць да паспяховага дарослага жыцця", — сказаў кіраўнік дзяржавы. На думку Прэзідэнта, зрабіць гэта пад сілу толькі сапраўднаму Педагогу. Такія педагогі-наватары павінны быць галоўнымі героямі публікацый і тэлеперадач на тэмы адукацыі. Іх дасягненні і вопыт неабходна прапагандаваць і асвойваць па ўсёй краіне, перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама лічыць неабходным удасканаліць практыку атэстацыі педагогаў. "Мы павінны даць магчымасць перадавым настаўнікам датэрмінова атрымліваць больш высокую катэгорыю за рэальныя дасягненні, а не проста за выслугу гадоў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, неабходна таксама прадумаць сістэму мер, якія садзейнічалі б прыходу ў школы таленавітай моладзі.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, настаўнікаў-практыкаў, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, трэба больш прыцягваць да выкладання ў педагагічных ВНУ і інстытутах развіцця адукацыі. "Трэба дазволіць ім працаваць па ўласных праграмах і арыгінальных методыках. І абавязкова ўключаць у лік аўтараў падручнікаў", — адзначыў Прэзідэнт.
У гэтым годзе сярод удзельнікаў заключнага этапу конкурсу нямала прадстаўнікоў раённых і сельскіх устаноў адукацыі. Прэзідэнт лічыць, што гэта сведчанне плённых намаганняў па стварэнні роўных умоў для атрымання адукацыі як у сталіцы, так і ў рэгіёнах.
Звяртаючыся да фіналістаў рэспубліканскага конкурсу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Вы з'яўляецеся адной з нашых галоўных сацыяльных апор, надзейнымі памочнікамі ў дзяржаўных справах. Мы вельмі цэнім ваш вопыт, прафесіяналізм і высокае пачуццё адказнасці за лёс краіны. Хочацца, каб вы захавалі грамадзянскія, патрыятычныя традыцыі беларускага настаўніцтва, выхоўвалі сваім прыкладам маладых педагогаў". "А яшчэ я хачу, каб вы і вашы калегі атрымлівалі задавальненне ад работы і ад поспехаў дзяцей. І, вядома ж, змаглі рэалізаваць сябе не толькі ў прафесіі, але і дома, у сям'і", — дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў пераможцу конкурсу — настаўніку англійскай мовы Дзятлаўскай гімназіі № 1 Інэсе Зубрылінай галоўны прыз конкурсу — "Хрустальнага жураўля" — і ключы ад аўтамабіля.
Ад імя ўсіх канкурсантаў Інэса Зубрыліна падзякавала Прэзідэнту за тыя намаганні і ўвагу з боку дзяржавы, што ўдзяляецца павышэнню прэстыжу і сацыяльнага статусу педагога.
Аляксандр Лукашэнка ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўляў з фіналістамі конкурсу, абмеркаваў, што трэба зрабіць, каб такіх захопленых прафесіяй людзей, сапраўдных энтузіястаў стала ў краіне як мага больш.
Кіраўнік дзяржавы цікавіўся меркаваннем педагогаў па самых розных аспектах іх жыцця і дзейнасці.
Прэзідэнт адобрыў ідэю стварэння ў адукацыйнай сферы інстытута настаўнікаў-метадыстаў, якую агучыў пераможца конкурсу 2009 года Юрый Андрэйчык. "Давайце прымаць рашэнне, каб да новага навучальнага года мы падрыхтавалі і адпаведную нарматыўную базу. Але гэта павінны быць лепшыя настаўнікі, і загрузіць гэтых людзей трэба па поўнай", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён выступае за прадастаўленне настаўніку большай свабоды ў яго прафесійнай дзейнасці, скарачэнне паператворчасці. "Я настойваю на тым, каб у настаўнікаў было больш свабоды, каб яго не прымушалі бяздумна сядзець і пісаць планы", — сказаў Прэзідэнт.
Ірына Касцянка, настаўнік хіміі з горада Чашнікі, лічыць, што конкурс з'яўляецца стымулам для развіцця і ўдзел у ім дае кожнаму настаўніку магутны прафесійны штуршок.
Кіраўнік дзяржавы цікавіўся ў педагогаў, што трэба зрабіць, каб узняць прэстыж прафесіі. Акрамя рэчаў выключна матэрыяльных (зарплата, забеспячэнне жыллём), вельмі важным педагогі назвалі адбор будучых студэнтаў педагагічных ВНУ. Як варыянт вырашэння праблемы, каб школьныя педсаветы давалі рэкамендацыі выпускнікам школ для паступлення ў гэтыя навучальныя ўстановы.
Вядома ж, захапіць вучня гэтай выдатнай прафесіяй можа толькі таленавіты настаўнік, які аддае ўсё сэрца рабоце з дзецьмі.
Намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік, які курыруе сферу адукацыі, паведаміў, што на наступным тыдні на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка адбудзецца сур'ёзная дыскусія па актуальных праблемах сістэмы адукацыі. Там і будуць пастаўлены пытанні адбору кадраў, аптымізацыі колькасці работнікаў галіны. У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў лік 108 тыс. педагагічных работнікаў сёння ўваходзіць нямала людзей, якія не заняты непасрэдна настаўніцкай працай, знаходзяцца ўбаку ад навучальнага працэсу. Таму трэба ўважліва паглядзець, хто сапраўды працуе ў галіне, а хто толькі лічыцца ў настаўніках.
Настаўнік фізікі і астраноміі з Гродна Ігар Маслаў звярнуў увагу на неабходнасць заахвочвання даследчага ўхілу ў навучанні школьнікаў, развіцця ў іх навуковага мыслення. Гэта ж датычыцца і настаўнікаў. "Сапраўдны настаўнік — гэта перш за ўсё даследчык", — сказаў ён.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў падрабязна расказаў аб некаторых з удзельнікаў конкурсу. Усе яны выключна адораныя людзі з рознабаковымі інтарэсамі.
Алена Гарбар, настаўнік біялогіі з Акцябрскай раённай гімназіі, прапанавала больш актыўна прапагандаваць тыя ўмовы, якія стварае дзяржава для маладых спецыялістаў-педагогаў у вёсцы. Гэта будзе садзейнічаць уздыму прэстыжу сельскага настаўніка.
Гаварылі і аб укараненні новых тэхналогій у адукацыйны працэс. Прэзідэнт у сувязі з гэтым заклікаў настаўнікаў: "Толькі не адарвіце, калі ласка, вучня канчаткова ад кнігі. Кніга, калі хочаце, — абраз, і да яе трэба ставіцца адпаведна", — сказаў Прэзідэнт.
На заканчэнне сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падвёў вынік: "Я развітваюся з вамі захоплены. Я бачу, што ў нас ёсць у гэтай сферы перспектыва".
Заключны этап дзявятага рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года" праходзіў у Мінску з 19 па 30 верасня.
Конкурс праводзіўся ў чатыры этапы. На першым этапе (установы адукацыі) прымалі ўдзел каля 10 тыс. педагогаў, на другім (раённы ўзровень) — каля 4 тыс., на трэцім (абласны ўзровень) — каля 150 педагогаў. У заключным этапе ўдзельнічаў 21 педагог. Сярэдні ўзрост канкурсантаў склаў 36,5 года, сярэдні педагагічны стаж — 15 гадоў.