Аляксандр Апейкін: «Савілаў заявіў, што размахваць сцягамі не збіраецца. Адрозна ад свайго наступніка Баскава»
Дырэктар гандбольнага клубу «Віцязь» Аляксандр Апейкін выказаўся пра маральную рэінкарнацыю беларускага спорту, паведамляе «Радыё Свабода».
«З падпісантамі вядуць прафіляктычныя размовы, на іх чыняць ціск, махаюць перад носам працоўнымі кніжкамі. Зьявілася распараджэньне Міністэрства спорту перагледзець сьпіс тых, хто атрымлівае прэзыдэнцкія стыпэндыі. Даходзіць да таго, што правяраюць акаўнты спартоўцаў, у якой танальнасьці яны выказваюцца пра падзеі. У сутнасьці гэта рэпрэсіі. Таму найпершая мэта фонду — апэратыўна падтрымаць людзей, якія страчваюць фінансавы падмурак, трацяць працу. Тых, хто цярпіць за грамадзянскую пазыцыю.
Аўтарытэтныя людзі, якім давярае грамадзтва, не павінны застацца без салідарнасьці. Спартоўцы абараняюць свае погляды, натхняючы на пратэст іншых. Нездарма колькасьць падпісантаў пад лістом расьце — літаральна некалькі чалавек адклікалі іх пад ціскам. Абсалютная большасьць не паддаецца на шантаж, заявіўшы, што ў цяперашняй сытуацыі найменшая з праблемаў — гэта выключэньне з каманды ці пазбаўленьне стыпэндыі. Ну і звычайныя беларусы ўдзячныя сваім кумірам за адкрытае выказваньне пазыцыі. Увесь сьвет сочыць.
Зразумела, ніхто на мітынг у падтрымку Лукашэнка ісьці ня хоча. Мала таго, сыход старшыні Беларускай фэдэрацыі хакею Генадзя Савілава наўпрост з гэтым зьвязаны, — ён заявіў, што размахваць сьцягамі не зьбіраецца. Адрозна ад свайго наступніка Дзьмітрыя Баскава. Напісаў заяву на звальненьне і вырашыў для сябе пытаньні. Усе контразахады чыноўнікаў сьведчаць пра адарванасьць ад рэаліяў, неразуменьне настрою людзей. Не сумняюся, што большая частка спартоўцаў адмовіцца ад гэтага ганебнага «зборышча». Магчыма, страцяць працу ці фінансаваньне, але захаваюць сумленьне», – сказаў Апейкін.
Нагадаем, Апейкін у ліку больш чым 350 падпісантаў, якія асудзілі беспрэцэдэнтны маштаб фальсыфікацыяў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалт сілавікоў над мірнымі пратэстоўцамі. Як і многія актывісты, цяпер на ўцёках.