Падраздзяленне па справах непаўналетніх у сістэме органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь адзначыла сваю 85-ю гадавіну з дня ўтварэння. З гэтай нагоды ў актавай зале Лепельскага РАУС адбылася ўрачыстасць.
Калі кожны задумаецца, то зразумее, што праца ў гэтым аддзеле — сапраўднае прызванне. Інспектары гутараць з дзецьмі і іх бацькамі, і гэта патрабуе не толькі асаблівага склада характару, але і пэўных педагагічных навыкаў. Дзейнасць супрацоўнікаў інспекцыі дазваляе зберагчы падлеткаў і іх бацькоў ад бяды.
Салідная дата
Гэтая дата стала добрай нагодай успомніць, як усё пачыналася, і даведацца, як жа цяпер арганізавана праца інспекцыі. Менавіта пра гэта распавёў у сваім выступленні начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Іван Арлоў. Асаблівыя словы пашаны Іван Сяргеевіч сказаў тым, хто шмат гадоў і сіл аддаў працы ў інспекцыі.
Так, напрыклад, Алена Атрахімовіч у Лепельскую інспекцыю па справах непаўналетніх прыйшла ў 1984 годзе, дзе і засталася
на доўгія 20 гадоў. Алене Анатольеўне ўручана падзяка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама за эфектыўнае супрацоўніцтва і асабісты ўклад у прафілактыку і спыненне правапарушэнняў.
Узнагароды
На ўрачыстасці з нагоды юбілею прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак, які адзначыў:
— Ва ўсе часы дзеці былі і застаюцца асновай будучага пакалення. Ад іх залежыць дабрабыт і росквіт краіны.
У сучасным свеце шмат розных пагроз. Наркотыкі, інфармацыйныя тэхналогіі, рознага роду правапарушэнні… Супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх павінны не толькі сачыць за правапарадкам і ахоўваць правы і законныя інтарэсы юных грамадзян, але і стаць для іх лепшым сябрам і адначасова педагогам.
На прыкладзе працы інспекцыі дзіця ўпершыню ў жыцці знаёміцца з дзейнасцю супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і па ёй судзіць аб рабоце ўсёй міліцыі ў цэлым.
З асаблівай удзячнасцю прадстаўнік улады павіншаваў ветэранаў, якія доўгія гады свайго жыцця аддалі службе ў інспекцыі. У іх маладыя супрацоўнікі вучацца сумленна і аддана служыць выбранай справе. А таксама ўсім пажадаў шчасця і дабрабыту ў асабістым жыцці.
З нагоды юбілейнай даты Віктар Уладзіміравіч уручыў падзякі старшыні райвыканкама ўчастковым інспектарам, капітанам міліцыі Яўгеніі Свідзінскай і Таццяне Лях за добрасумленную шматгадовую працу ў органах унутраных спраў.
У гэты дзень нагрудным знакам другой ступені за самаадданую службу ўзнагароджаны начальнік ізалятара часовага ўтрымання, маёр міліцыі Васіль Аўсяннікаў, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць у органах унутраных спраў якраз у інспекцыі па справах непаўналетніх.
Падзяку начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама за эфектыўнае супрацоўніцтва і асабісты ўклад у прафілактыку правапарушэнняў атрымаў загадчык групы тылавога забеспячэння Алег Міхно, які больш за пяць год аддаў працы ў інспекцыі.
Супрацоўніцтва Лепельскага РАУС і камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама доўгае і плённае, можна сказаць, ужо сяброўскае. Разам працуюць на карысць раёна, абараняюць інтарэсы і правы дзяцей. За добрасумленную працу і цеснае супрацоўніцтва падзяка начальніка РАУС уручана намесніку старшыні камісіі па справах непаўналетніх Таццяне Часнаковай.
Паўсядзённая работа інспекцыі — сутыкненне з людскімі лёсамі і дзіцячымі праблемамі. Гэты ўчастак у раённым аддзеле ўнутраных спраў — адзін з самых важных і патрэбных і ўзначальвае яго Анатоль Бурмістраў. Начальніку інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі Лепельскага РАУС уручаны юбілейны медаль «20 год органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь».
Супрацоўнікі інспекцыі пра працу
— Лічу працу інспекцыі важнай, бо мы дапамагаем дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Трэба знайсці падыход да падлетка, які стаў на крымінальны шлях, дапамагчы дзіцяці з няўдалай сям’і або дастукацца да бацькоў, якія ўхіляюцца ад выхавання дзяцей. Галоўнае ў нашай працы — прафілактыка, — кажа Анатоль Міхайлавіч пра сваю працу.
Так, нават і зараз, здавалася б, ужо час адпачынку, а ў іх “гарачая пара”. Каб пазбегнуць здзяйснення падлеткамі правапарушэнняў у летні час, была вывучана занятасць дзяцей, сабрана інфармацыя аб тым, дзе яны плануюць правесці канікулы, вырашаліся пытанні з працаўладкаваннем падлеткаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца непаўналетнім, з якімі ІСН праводзіць індывідуальную прафілактычную працу.
На думку Анатоля Міхайлавіча, супрацоўнік інспекцыі ў першую чаргу павінен быць справядлівым і адкрытым перад падлеткамі, бо дзеці гэта адразу адчуваюць.
Тут служаць і жанчыны: кожны дзень яны дапамагаюць людзям і робяць свет лепшым. Усе дзяўчаты адзначаюць, што калектыў для іх як другая сям’я.
— Для мяне праца ў інспекцыі — гэта дапамога дзецям і сем’ям пераадолець цяжкасці выхавання, аказаць садзейнічанне бацькам у фарміраванні ў дзяцей правільных паводзін, — кажа Яўгенія Свідінская, участковы інспектар.
Упэўнена, з такой камандай аднадумцаў дзяцінства ў нашым раёне пад надзейнай аховай!
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.