«Зорка надзеі» — міжрэгіянальны фестываль творчасці людзей з інваліднасцю. У чатырнаццаты раз гасцінная лепельская зямля сабрала разам нераўнадушных да творчасці людзей. Госці і ўдзельнікі фестывалю з Ушачаў, Оршы, Шуміліна, Гарадка, Верхнядзвінска, Расонаў і іншых населеных пунктаў нашай вобласці з самай раніцы пачалі збірацца ў раённым Доме культуры.
Пры ўваходзе заўважыла хлопцаў з валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца”, якія ветліва сустракалі гасцей, адчынялі ім дзверы і праводзілі ў залу. Па іх тварах было бачна, што робяць гэтую справу яны ад чыстага сэрца. Дзмітрый Мароз, Вячаслаў Арлоў і Ілья Сенчанка адразу падбягалі да чалавека, калі бачылі, што яму патрэбна дапамога.
Прадстаўнікі розных раёнаў прывезлі з сабой сапраўдныя мастацкія шэдэўры. Гледзячы на выдатныя вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, карціны, кампазіцыі з паперы, керамікі і іншых матэрыялаў, не магла паверыць, што яны зроблены людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Такія творы могуць выканаць толькі людзі таленавітыя, апантаныя любімай справай. «Зорка надзеі» ў чарговы раз стала доказам таго, што магчымасці людзей з інваліднасцю на самой справе бязмежныя.
Так, напрыклад, кераміст Юрый Сауць з Міёраў прадставіў на суд гледачоў шматлікія сувеніры. Працуе з глінай даўно, што адразу бачна па яго работах. Выкананы ўсе яны прафесійна. Максім Жугар у сваіх творах паказаў любоў да прыроды, родных мясцін і пажадаў падзяліцца сваімі ўражаннямі з удзельнікамі фестывалю.
Як адзначыла Алена Плехтан, кіраўнік гуртка ТЦСАН Міёрскага раёна, у Лепелі ім вельмі падабаецца:
— Гасцінныя лепяльчане сустракаюць нас заўсёды з адкрытым сэрцам. На фестывалі пануе сяброўская атмасфера. Кожны год мерапрыемства арганізуецца на высокім узроўні. Усё прадугледжана, каб гасцям не давялося чакаць, каб яны адчувалі сябе камфортна на сяброўскай зямлі.
Вячаслаў Ільін, старшыня праўлення Гарадоцкай раённай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” і “Беларускае таварыства інвалідаў”, на Лепельшчыне ўжо не першы год:
— Такога кшталту фестываль аб’ядноўвае людзей. У рамках мерапрыемства чалавек можа паказаць, на што ён здольны. На сцэне і ў такіх выставах раскрываецца яго духоўны свет. Кожны раз упэўніваюся, што людзі са слабым зрокам таленавітыя. Лепяльчане — нашы сапраўдныя сябры, мы заўсёды рады прыехаць у гэты жывапісны горад, а таксама рады прывітаць на гарадоцкай зямлі.
Пячэнне розных гатункаў, абаранкі і іншыя прысмакі шчыра прапаноўвалі гасцям работнікі філіяла Лепельскі хлебазавод ААТ «Віцебскхлебпрам». А дзяўчаты з філіяла “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” гасцінна запрашалі пакаштаваць марожанага, кефіру, малака і іншых малочных прадуктаў мясцовай вытворчасці.
Госці з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ «ТЦСАН Расонскага раёна» прывезлі яркія і прыгожыя лялькі. Склалася ўражанне, што яны ўдзельнічалі ў тэатральнай пастаноўцы — сапраўдныя героі літаратурных твораў.
Прадстаўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Бешанковіцкага раёна ўразілі гледачоў драўлянымі вырабамі. Асаблівую ўвагу прыцягнулі матрошкі. Некаторыя нават пыталіся, дзе можна іх набыць.
Сябры з Чашніцкага раёна падрыхтавалі для гасцей імправізаваную казку. На лаўцы сядзелі дзед з бабай, а побач — гусі ля плоту. Кожны, хто падыходзіў да кампазіцыі, хацеў дакрануцца да лялек.
Выдатна папрацавалі работнікі і вучні цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі горада Лепеля. Яны абуладкавалі сапраўдную міні-сядзібу, дзе ёсць хатка, плот, на двары гуляюць дзеці. Акрамя гэтага, была зроблена вялікая нацыянальная лялька. Тэма малой радзімы прасочваецца ва ўсёй кампазіцыі да дробязяў.
З сувенірнымі вырабамі лепельскіх майстроў з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Лепельскага раёна знаёмая даўно і заўсёды здзіўляюся іх фантазіі і арыгінальнасці. Сярод лепяльчан шмат здольных творцаў, таму іх кампазіцыі заўсёды карыстаюцца папулярнасцю.
Музычную частку праграмы адкрыла старшыня Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Вольга Мартыновіч. Вольга Міхайлаўна прывітала ўдзельнікаў і гледачоў, пажадала поспеху ўсім артыстам, а таксама зачытала ліст ад расійскіх калег з інклюзіўнага клуба “Рамонак” Ніжагародскай вобласці.
Першым вітаў гледачоў са сцэны ансамбль беларускай песні “Мятліца” кампазіцыяй “Белая Русь”, якой падпявала ўся зала. Сяргей Асоўскі выканаў песню пад гітару, за што атрымаў бурныя апладысменты і цёплыя ўсмешкі. Ала Весялова прадэкламавала верш. Жанчына не першы год выходзіць на сцэну, і заўсёды адчуваецца, што яе выступленні кранаюць сэрцы слухачоў. Дзмітрый Гаўрушын праспяваў сольна і “сарваў” апладысменты з песняй «Не забывайце сяброў».
Ёсць у жыцці сапраўдныя цуды: усмешка, весялосць, мара… Адзін з такіх цудаў стварыла і сцэнка лепяльчан “Бабушки-старушки”, ад якой на тварах у гледачоў заззялі вочы.
Уразіла мяне і выступленне Вікторыі Сафронавай са студыі інклюзіўнага танца “Імпэт” пры дабрачынным каталіцкім таварыстве «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Яна так грацыёзна танцавала на калясцы, што з усіх бакоў было чуваць “брава”. А чырвоны колер сукенкі дадаваў яшчэ большай упэўненасці ў рухах. Гледзячы на харызматычную і ўсмешлівую прыгажуню Вікторыю, складана казаць пра нейкія бар’еры. Стварылася ўражанне, што для артыстаў іх проста не існуе.
Госці з Верхнядзвінска сваім цыганскім танцам, а таксама людзі з інваліднасцю ТЦСАН Аршанскага раёна яшчэ раз даказалі, што творчасць не мае межаў.
Немагчыма ў адным артыкуле расказаць пра выступленне ўсіх артыстаў, бо на сцэне было паказана каля 40 нумароў. Аднак адно можна сказаць: усе артысты заслужылі высокую адзнаку гледачоў.
Хочацца адзначыць, што з кожным годам колькасць удзельнікаў фестывалю расце. Разам з гэтым расце і ўзровень прадстаўленых вырабаў на выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці, а таксама музычнага майстэрства.
Свае здольнасці і таленты канкурсанты паказалі на ўсе сто працэнтаў. Ім любая справа па плячы, калі прыходзіць натхненне, а да яго дадаюцца жаданне, уменне і цярплівасць. А жаданне ствараць у іх вельмі вялікае. У гэтым я ў чарговы раз упэўнілася. Вельмі важна, каб людзі з інваліднасцю не замыкаліся ў сабе, а дэманстравалі ўсе свае творчыя здольнасці. І, трэба адзначыць, у іх гэта добра атрымліваецца.
У канцы мерапрыемства чула толькі словы падзякі ў адрас лепяльчан і арганізатараў фестывалю, якія стварылі ўмовы, каб людзі з інваліднасцю адчулі свае значнасць і неабходнасць. Для ўсіх удзельнікаў і гасцей гэта было сапраўднае свята. Асаблівыя словы падзякі гучалі і ў адрас работнікаў дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” і, у прыватнасці, аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.