Цяжка ўявіць, што калі-небудзь у Мінску з’явіцца стадыён на 50 тыс. гледачоў, які падчас бейсбольных матчаў будзе поўнасцю запоўнены, а заўзятыя балельшчыкі будуць абмяркоўваць кідкі пітчара і хуткасць філдэра. Тым не менш, бейсбол у краіне развіваецца. Сваю лепту ў яго прасоўванне ўносіць і ўраджэнка Сенненшчыны.
Былая выпускніца Багданаўскай школы Наталля Шарпіла працуе начальнікам мужчынскай бейсбольнай каманды “Мінск”, створанай пры футбольным клубе “Мінск”. Яна гадзінамі можа расказваць пра гэты від спорту, яго развіццё ў Беларусі. Ведае, за што яго любяць дзеці, бо яшчэ нядаўна курыравала аддзяленне дзіцячага бейсбола ў СДЮШАР.
— Прыемна ўсведамляць, што камандная гульня, папулярная ў ЗША, Японіі, Аўстраліі, на Кубе, прыжылася і ў нас, — адзначае Наталля. — У яе пачалі гуляць на прафесійным узроўні.
Бейсбалісты “Мінска” паказваюць неблагія вынікі. Яны — нязменныя лідары чэмпіянату краіны, адкрытага чэмпіянату Літоўскай Рэспублікі, наймацнейшая каманда ў Інтэрлізе, рэгулярна выступаюць у Еўракубках.
Наталля — адзіная жанчына ў камандзе. Яна выконвае ролю своеасаблівага сувязнога звяна паміж трэнерскім штабам, бейсбалістамі і кіраўніцтвам клуба. Узгадняе рознага плану загады, забяспечвае падрыхтоўку і ўдзел бейсбалістаў у спаборніцтвах, афармляе дакументы для выезду за мяжу, вырашае пытанні размяшчэння, харчавання і многае іншае. Любыя праблемы гульцоў, калі яны з’яўляюцца выключна спартыўнымі, уваходзяць у сферу яе адказнасці. Наталля не толькі начальнік, але і сябра, дарадца. Як ніхто іншы разумее членаў сваёй каманды, бо па спецыяльнасці дзяўчына — спартыўны псіхолаг. Гэта дазваляе даваць ацэнку паводзінам спартсменаў, а часам і дапамагаць ім справіцца з асабістымі праблемамі.
Бейсбол у жыцці Наталлі Шарпіла з’явіўся выпадкова. Дзяўчына бачыла сябе трэнерам. Аднак траўма каленнай звязкі, атрыманая падчас дзяржаўнага экзамена, прымусіла шукаць больш спакойнае месца. Працавала інструктарам-метадыстам па конным спорце ў Цэнтры алімпійскага рэзерву, у футбольным клубе.
— Спартыўная сфера, як наркотык, — трапіўшы аднойчы, хочацца застацца тут назаўсёды, — прызнаецца мая субяседніца. — Нават дыплом аб заканчэнні Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь не прымусіць памяняць працу, хоць веды, атрыманыя падчас вучобы ў ёй, дапамагаюць упэўнена ісці па жыцці, весці справы.
Сёння жыццё Наталлі непарыўна звязана з Мінскам, з паездкамі за мяжу. Аднак, нягледзячы на сваю занятасць, яна знаходзіць час, каб наведацца ў Багданава, дзе жыве маці, Людміла Алегаўна. Жанчына працуе выхавацелем у дзіцячым садку. Дадому заўсёды цягне. З галавы не выкінеш маляўнічасць родных мясцін, шчырасць і гасціннасць землякоў, прызнаецца Наталля. Таму кожны свой водпуск яна праводзіць на Сенненшчыне.
Будзем спадзявацца, што пра Наталлю Шарпіла мы яшчэ пачуем. А інфармацыю пра перамогі беларускай бейсбольнай каманды сенненцы будуць успрымаць з асаблівай цікавасцю, бо да іх дасягненняў у некаторай ступені мае дачыненне наша зямлячка.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
НА ЗДЫМКАХ: Наталля Шарпіла з гульцамі “Мінска”.
Цікава ведаць. У Беларусі пачалі гуляць у бейсбол адносна нядаўна, з 1988 года. Першая каманда называлася «Белавежскія зубры». Некалькі гадоў пайшло на вывучэнне правілаў і разуменне сутнасці самой гульні. Гульні мінскай каманды праходзілі тады ў парку імя Горкага, спарынг-партнёрамі для нашых бейсбалістаў сталі кубінскія студэнты, якія вучыліся ў Мінску. У 1990 годзе каманда выйграла конкурсны турнір і атрымала права выступаць у чэмпіянаце СССР 1991 года.