Наш чэмпіён Еўропы!
02.11.2018
—
Новости Спорта
Ураджэнец Івацэвічаў Сяргей Шмаргун перамог на спаборніцтвах кантынента па кікбоксінгу і атрымаў высокае званне “Майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь”
Большая частка жыцця 25-гадовага Сяргея Шмаргуна (на здымку) звязана з Івацэвічамі: тут ён нарадзіўся, пайшоў у першы клас СШ №4 г. Івацэвічы, скончыў гэтую навучальную ўстанову, пасля накіраваўся вучыцца ў прафліцэй сельгасвытворчасці, дзе атрымаў спецыяльнасць “Газаэлектразваршчык і вадзіцель катэгорыі “С”. Па гэтай спецыяльнасці юнак працаваў у ДБПМК-34 у Івацэвічах, пасля пераехаў у Мінск, дзе таксама працаваў газаэлектразваршчыкам.
Спартзала як дом родны
Напрошваецца пытанне: прабачце, а пры чым тут спорт высокіх дасягненняў? Пакуль зразумела, што перад намі спецыяліст, прафесійная прыналежнасць якога прадугледжвае зварку металу, а ў загаловак вынесена, што ў гэтага маладога мужчыны, нашага земляка, статус пераможцы кантынента па кікбоксінгу і спартыўнае званне "майстар спорту міжнароднага класа"!
Так, шаноўныя, адно другому не замінае. І калі чалавек адданы свайму захапленню, як кажуць, да канца, то магчымасці і здольнасці яго становяцца неабмежаванымі. Так, прыкладна пяць гадоў назад Сяргей Шмаргун “падсеў” на ўсходнія адзінаборствы – ушу, кікбоксінг… Магчымасці для чалавека, які пражывае ў Мінску, адкрываюцца вельмі добрыя: у Беларусі, увогуле, добра развіта школа адзінаборстваў, працуюць трэнеры, якія падрыхтавалі не аднаго пераможцу ці прызёра міжнародных спаборніцтваў.
“Аграньваннем” таленту нашага земляка заняўся вядомы беларускі трэнер Міхаіл Лучыцкі. Па вечарах, пасля працы, Сяргей спяшаўся на трэніроўкі. Ужо тады ён здзіўляў трэнераў і партнёраў сваёй спартыўнай упартасцю: на заняткі па ушу і кікбоксінгу прыходзіў першым, а пакідаў залу апошнім.
Хоць выганяй са спартыўнай залы!
Але дзеля справядлівасці варта адзначыць, што Сяргей Шмаргун, калі быў вучням СШ №4 і навучэнцам прафліцэя, са спортам сябраваў вельмі цесна. Сёння герой нашай публікацыі з вялікай удзячнасцю згадвае Юрыя Наліўку і Ігара Князькова, першых сваіх трэнераў са СДЮШАР г. Івацэвічы, у якіх займаўся барацьбой. Увогуле, выхадныя дні што ў школе, што ў прафліцэі праходзілі ў бясконцых спартыўных баталіях – то адзінаборствы, то футбол, то баскетбол. Можна сказаць так: Сяргей з маладых гадоў шукаў сябе ў розных спартыўных дысцыплінах, а знайшоў – у кікбоксінгу.
Першыя перамогі і… траўмы
…Ужо на першых спаборніцтвах па ушу Сяргей атрымаў траўму і на пэўны час выбыў са спорту, гэтая траўма нібы правярала маладога чалавека: наколькі хопіць жадання займацца адзінаборствамі. Але як ні ў чым ні бывала, Сяргей вярнуўся на спартыўную пляцоўку, вельмі ўжо прыцягваў гэты дух спаборніцтваў на партэры. Трэніраваўся доўга і ўпарта, як вынік, пайшлі перамогі – у сваёй вагавой катэгорыі стаў двойчы другім на першынстве рэспубліцы, пасля выйграў першынства Беларусі, Кубак Беларусі, кваліфікаваўся на міжнародныя спаборніцтвы, заслужыў паездку на чэмпіянат Еўропы па ушу саньда, які праходзіў у Маскве, дзе наш зямляк стаў бронзавым прызёрам.
У 2016-м годзе Сяргей перайшоў у кікбоксінг. Гэты від спорту мала чым адрозніваецца ад ушу, толькі не выкарыстоўваецца кідковая тэхніка, тут больш ударны від спорту – рукамі і нагамі. Стаў займацца ў вядомым і папулярным клубе “Патрыёт” у знакамітага трэнера Дзмітрыя Пясецкага. “Патрыёт” падрыхтаваў вельмі многіх вядомым майстроў адзінаборстваў. У мінулым годзе Сяргей выйграў першынства Беларусі па кікбоксінгу і кваліфікаваўся на чэмпіянат свету ў Будапешце. Першыя спаборніцтвы па кікбоксінгу не прынеслі станоўчых эмоцый: Сяргей Шмаргун ужо ў першым баі прайграў саперніку з Італіі. Трэба было штосьці мяняць…
У бягучым годзе пасля перамогі і кваліфікацыі на чэмпіянат Еўропы ў Браціславе наш зямляк вырашыў змяніць сістэму падрыхтоўкі да міжнародных стартаў. Сяргей звольніўся з работы, за некалькі месяцаў да старту стаў займацца выключна кікбоксінгам, рыхтавацца да першынства. Так параілі трэнеры, якія паабяцалі, што спонсары, каб забяспечыць паездку і ўдзел у міжнародных спаборніцтвах, знойдуцца. Дзве трэніроўкі штодзень, згонка лішняй вагі (наш зямляк змагаецца ў вагавой катэгорыі да 63,5 кг), павышэнне сілавой вынослівасці ў клубе “Панда” (трэнер Андрэй Сівашка)… У сярэдзіне кастрычніка Сяргей Шмаргун у складзе зборнай Беларусі (усяго 21 чалавек) выехаў на першынство Еўропы ў Браціславе. Спонсарам беларускай каманды стала кампанія ОАО АСБ “Лізінг”.
Апошні бой – самы важны
Узважванне, першы дзень адпачынку, жараб’ёўка, першы бой. Сапернікам у першым раўндзе стаў кікбаксёр з Украіны, у якога наш зямляк выйграў адносна лёгка. Паспяховымі сталі баі з сапернікамі з Балгарыі і Сербіі, хаця суддзі не заўсёды былі прыхільнымі да Сяргея Шмаргуна, а сапернік з Сербіі, між іншым, пераможца Кубка свету. Тым не меней, ва ўсіх баях да фіналу ён перамагаў упэўнена.
У фінальным баі прадстаяла змагацца з Андрэа Сантасам, сапернікам з Партугаліі. Гэта вопытны кікбаксёр, які выбіў з барацьбы таго самага італьянца, які год назад у першым раўндзе перамог нашага земляка. Фіналісты атрымалі дзень адпачынку – і вось фінальны бой.
Толькі першае месца, толькі перамога! З такімі думкамі накіроўваўся ў партэр Сяргей Шмаргун. Канешне, другое месца на кантынентальным першынстве таксама здорава, але перамога – гэта зусім іншае. Высокі ростам Андрэа Сантас трымаў дыстанцыю, біў дакладна, але беларускі кікбаксёр “рваў дыстанцыю”, збліжаўся і наносіў адзін удар за другім… Секунданты падказвалі нашаму земляку: Сантас лідзіруе, што трэба прыбаўляць на фінішы бою. І Сяргей Шмаргун перахапіў ініцыятыву, рашуча атакаваў да апошняй хвіліны бою… Суддзі аддалі перамогу Сяргею з перавагай у тры ачкі.
Радасці яго не было мяжы.
Дарэчы, Беларусь заняла першае агульнакаманднае месца на першынстве Еўропы. У Браціславу, паўторымся, накіраваўся 21 спартсмен, пяць з іх сталі чэмпіёнамі. У іх ліку і Сяргей Шмаргун, які выканаў нарматыў ганаровага спартыўнага звання “Майстар спорту міжнароднага класа”. Адзінкі ўраджэнцаў Івацэвіччыны маюць такое высокае званне. Перамога ў Браціславе дазволіла яму кваліфікавацца на Сусветныя гульні, якія пройдуць у ЗША у 2019-м годзе.
Наша бліц-інтэрв’ю
– Сяргей, як адрэагавалі родныя і сябры на тваю перамогу ў Браціславе?
– Віншаванняў было вельмі многа. Я рады асабліва таму, што мае бацькі высока ацанілі гэтую перамогу, бо, па праўдзе кажучы, яны без асаблівага энтузіязму аднесліся да таго, што спорт стаў займаць асноўную частку майго жыцця.
– А якія вывады ты зрабіў сам?
– Я зразумеў, што немагчымага для чалавека нічога няма. Асабліва калі ты паставіў перад сабой мэту, калі планамерна рухаешся да яе, не шукаеш адгаворкі і прычыны, каб змяніць асноўны кірунак жыцця. Калі сябе прысвяціць поўнасцю адной справе – поспех прыйдзе абавязкова.
– Сяргей, а што далей? Якія планы на будучыню?
– Ёсць думкі паступаць на спартыўны факультэт, ісці на трэнерскую работу. Гэта пакуль толькі ў планах, але, думаю, усё гэта можна ажыццявіць.
– Івацэвічы ў тваім жыцці – гэта?..
– Гэта мая Радзіма, родны горад, дзе жывуць дарагія, любімыя людзі. Тут я сфарміраваўся як асоба, тут многаму навучыўся ў тых людзей, з каго трэба браць прыклад.
– Дарэчы, хто гэтыя людзі, жыхары Івацэвічаў, якія для цябе з’яўляюцца аўтарытэтнымі?
– Я ўжо называў трэнераў Ю. Наліўку і І. Князькова. Яны мяне навучылі самадысцыпліне, далі зразумець, што цяжкасці загартоўваюць, робяць нас больш моцнымі. Добрыя словы хачу выказаць у адрас настаўніка беларускай мовы і літаратуры СШ№4 г. Івацэвічы А. А. Шылы – гэта таксама мэтанакіраваны дасведчаны чалавек. Мне, увогуле, падабаюцца людзі, якія ідуць у сваім жыцці прама да вызначанай мэты, дысцыплінаваныя людзі падабаюцца.
– Чэмпіён Еўропы па кікбоксінгу цяпер можа нікога не баяцца…
– Я на вуліцах не б’юся. І увогуле стараюся не выпінаць свае дасягненні і рэгаліі.
Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара і з архіва Сяргея Шмаргуна).
Аўтарытэтнае меркаванне
– Такога мэтанакіраванага хлопца, як Сяргей Шмаргун, яшчэ пашукаць трэба. У нас займаюцца 15-гадовыя юнакі-мінчане, якія маюць у актыве па 500 баёў, а тут прыйшоў 20-гадовы хлопец, які не меў аніякага вопыту. І ён стаў перамагаць. Часу ў яго не было, але ж яго спыніць немагчыма! Ён пабіў двух нашых вядомых міжнароднікаў, выйграў першынства Беларусі, перамог у Браціславе, кваліфікаваўся на Міжнародныя гульні ў ЗША… Тое, да чаго людзі ідуць дзесяцігоддзямі, ён пераадолеў за пару гадоў.
І гэта хлопец з рабочай прафесіяй, газаэлектразваршчык, які пасля работы не ішоў адпачыць, піва піць, а імчаў на трэніроўкі. Сяргей Шмаргун – спартсмен, які стварыў сябе сам, гэта сапраўдны самародак.
Дзмітрый ПЯСЕЦКІ, трэнер Сяргея Шмаргуна, шматразовы чэмпіён свету сярод прафесіяналаў па таіландскаму боксу.