Два тыдні футбола. Усе дарогі вялі на стадыён
Два тыдні доўжыўся турнір па футболе сярод дзяцей і падлеткаў на прызы Глускага раённага выканаўчага камітэта. За гэты час прайшла 21 гульня, у якіх дзевяць каманд вызначалі, хто ж акажацца лідарам сезона-2018.
Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме, то-бок кожная каманда згуляла з кожнай камандай-саперніцай, а вынікі судзейская калегія падсумавала па агульнай колькасці балаў. У пятніцу, 17 жніўня, прайшло ўрачыстае закрыццё турніру, былі названы чэмпіёны і лепшыя гульцы.
“Гэтыя два тыдні мы пражылі футболам, усе дарогі вялі на цэнтральны стадыён — спартсменаў, балельшчыкаў, аднакласнікаў, трэнераў, бацькоў. Цудоўна, што ў нас ёсць такі турнір”, — адзначыла, вітаючы ўсіх удзельнікаў і віншуючы пераможцаў, начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама Святлана Лісіца.
Спаборніцтвы, нагадаем, былі асобна па футболе і міні-футболе. На вялікім полі змагаліся тры каманды. Трэцімі сталі спартсмены з сярэдняй школы № 1, другімі — спартсмены з гімназіі, а кубак пераможцы, дыплом і медалі за першае месца атрымала каманда СШ № 2.
Лепшымі гульцамі былі названы: галкіпер — Кірыл Купчэня, нападаючы — Кірыл Ніціеўскі, паўабаронца — Уладзіслаў Сіраж, лепшы абаронца — Аляксей Асташэўскі. На міні-футбол каманд было заяўлена ўдвая болей — шэсць, па выніках усіх матчаў дыпломамі ўдзельнікаў былі адзначаны зборныя Заеліцкай, Завалочыцкай школ і СШ № 1.
Дыплом 3-й ступені заваявала каманда Усцярхоўскай школы, 2-й ступені — сярэдняй школы № 2, чэмпіёнамі сталі футбалісты гімназіі. Лепшымі гульцамі па рашэнні суддзяў у міні-футболе прызнаны: галкіпер — Яўген Камінскі, нападаючыя — Даніла Каламіец, Максім Брычонак і Уладзіслаў Статкевіч, паўабаронца — Міхаіл Алёхна, абаронца — Мацвей Дзяшчэня.
Не магла не адзначыць судзейская калегія і адзіную дзяўчынку сярод усіх удзельнікаў: сертыфікатам за волю да перамогі ўзнагароджана Алеся Патапенка з усцярхоўскай каманды. Таксама ўсе каманды атрымалі каштоўныя падарункі.
Дзякуй юным спартсменам за цікавую гульню, арганізатарам — за тое, што турнір адбыўся, і да новых сустрэч на футбольным полі!
А. ПЯТРОВА
Фота В. ЧУЧВАЛ