Сухая перамога пад праліўным дажджом...
19.07.2018
—
Новости Спорта
…Не паспела група фанатаў з Узды дакрычаць сваю правакацыйную “крычалку”: “Да вас прыехаў чэмпіён!”, як ФК “Івацэвічы” адкрыла лік ў матчы супраць саперніка – ФК “Узда”. Гэта Кірыл Мікалаенка скарыстаўся неразбярыхай паміж абаронцам і варатаром саперніка і тэхнічна паслаў мяч у сетку варот – 1:0.
На той момант, а ішла толькі 4-я хвіліна гульні, мала хто мог падумаць, што гэты першы гол у дэбюце гульні акажацца і апошнім. У далейшым наша каманда аддала ініцыятыву саперніку, але абаранялася кампактна і ўпэўнена. З сярэдзіны першага тайма свае карэктывы ў ход гульні ўнёс моцны дождж, але да перапынку лік у гульні не змяніўся.
І ў другім тайме больш мячом валодалі сапернікі, якія стварылі некалькі небяспечных момантаў, але наш варатар Максім Кажадуб дзейнічаў спакойна і ўпэўнена. Матч так і закончыўся – 1:0. Пятая перамога ў першынстве прынесла 3 ачкі ў скарбонку ФК “Івацэвічы”, якая займае 7-е месца ў турнірнай табліцы. Наступную гульню наша каманда правядзе на выездзе супраць аднаасобнага лідара – ФК “Рух” з Брэста.
Аляксандр ГОРБАЧ.