Лепельские школьники гостили у военных

Источник материала:  

Лепельские школьники гостили у военных

Школьнікі на самаходнай устаноўцы.
Фота з архіва 231-й артылерыйскай брыгады.

 Вайсковыя часці падтрымліваюць і развіваюць традыцыі гасціннасці. Здаецца, на першы погляд, недарэчная фраза.  Якая гасціннасць у вайскоўцаў? Яны павінны, наадварот, захоўваць ваенную тайну? Аднак аб усім па парадку.

Хто не памятае, з якім захапленнем у дзяцінстве глядзеў на салдатаў, марыў пальнуць з гарматы, пракаціцца на танку! Такая магчымасць выпадала толькі раз на год, калі вайскоўцы прыязджалі ў горад 9 Мая і салютавалі стрэламі з гарматы. У апошнія гады магчымасці пашырыліся, выставы ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў пад час правядзення святочных мерапрыемстваў робяцца месцам паломніцтва дзятвы.
А яшчэ адной добрай традыцыяй сталі дні адчыненых дзвярэй, апошні з якіх прайшоў у 231-й артылерыйскай брыгадзе. Артылерысты прымалі вучняў сярэдняй школы №1 Лепеля. Калі для вучняў Бароўскай школы паход у вайсковую часць стаў звычайнай справай, то для лепяльчан такая экскурсія — заўсёды прыгода.
Як і належыць, адразу за кантрольна-прапускным пунктам артылерыйскай часці дзяцей сустрэла гармата! Праўда, не баявая, а помнік. Намеснік камандзіра дывізіёна па ідэалагічнай рабоце маёр Аляксей Бірыла коратка расказаў пра сутнасць і асноўныя задачы артылерыі ў сучасным баі, пра прадстаўленую мадэль гарматы. А потым — самае цікавае — сказаў, што хоць гэта і помнік, але яго можна смела памацаць рукамі, агледзець з усіх бакоў, сфатаграфавацца. Школьнікі, асабліва хлопцы, не прамінулі такой магчымасці.
Далейшы курс — казарма. Дзе салдаты жывуць, як абуладкаваны іх побыт, якое носяць абмундзіраванне, які ў іх распарадак дня — на гэтыя і іншыя пытанні былі дадзены адказы. Школьнікам нават паказалі некалькі варыянтаў абмундзіравання: летняе, зімовае, палявое, маскіровачнае. А “фішкай” наведвання казармы сталі практычныя заняткі са стралковай зброяй. Праўда, без стральбы. Дзецям паказалі, як разбіраецца і збіраецца аўтамат Калашнікава — асноўная стралковая зброя беларускай арміі, далі самім памацаць, патрымаць у руках, адчуць іх вагу. Заўважым, што да стралковай зброі цікавасць праяўлялі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты.
Дзе салдаты вучацца? Прыходзіць на думку, што на палігоне. Гэта правільна, але часткова. На палігоне праводзяцца практычныя заняткі, на мясцовасці замацоўваюцца тэарэтычныя веды, атрыманыя раней. А іх у сваю чаргу спачатку атрымліваюць у вучэбным корпусе, у класах і на трэнажорах. Вось туды і скіраваліся школьнікі пасля казармы. Там яны пабачылі макеты палігонаў, карты мясцовасці, змаглі ўявіць сябе артылерыстамі, якія з агнявой пазіцыі павінны паразіць цэлі на дальніх рубяжах.
Цікавым быў і трэнажор для механікаў-вадзіцеляў. Амаль усе хлопцы гулялі або гуляюць у World of Тanks, таму яны атрымалі магчымасць яшчэ больш паглыбіцца ў гульнёвую рэальнасць.
Завяршылася мерапрыемства ў парку баявых машын. Асноўным узбраеннем 231-й артылерыйскай брыгады з’яўляюцца буксіруемыя гарматы 2А65 класічнай кампаноўкі і самаходныя 2С5 на гусенічным шасі. Абодва віды грознай зброі выклікалі самы непадробны інтарэс. Кожны хацеў пасядзець за рычагамі на месцы механіка-вадзіцеля, прымерыць шлем, уявіць сябе сапраўдным ваенным. Успомнілі і знакамітыя словы кінагероя Яшкі-артылерыста: “Трубка 15, прыцэл 120, батарэя, АГОНЬ!!!”.
Аляксей Бірыла спачатку ледзьве паспяваў адказваць на пытанні, якія сыпаліся з усіх бакоў: “Б’е больш як на 20 кіламетраў. Танк разаб’е любы. І дот таксама. Вядома, не адразу. Каб прыцэльна страляць з гарматы, трэба старанна вучыцца. Ездзіць хутка, 30 і больш кіламетраў у гадзіну”. І, вядома ж, самае любімае для дзяцей слова: “Можна!”. У той дзень юным гасцям дазвалялася амаль усё: патрымаць аўтамат, сабраць і разабраць яго, залезці і пасядзець у самаходную артылерыйскую ўстаноўку, на месцы механіка-вадзіцеля, у баявыя аддзяленні, пакруціць ручкі навядзення гармат — што яшчэ патрэбна для шчасця! Не дазвалялася толькі хіба завесці баявую машыну і самастойна ездзіць на ёй.
— Вырасціце, будзеце прызваныя ў армію, тады і паездзіце на такіх самаходках, а можа і на яшчэ больш магутных, на іншых відах баявой тэхнікі: танках, пускавых устаноўках, бронетранспарцёрах, — казаў маёр Бірыла.
— Але ж гэта яшчэ не хутка, мы ж толькі восьмы клас скончылі!
— Нічога страшнага, мы пачакаем.
Настаўнікі Валерый Уладзіміравіч Бялоў і Людміла Іванаўна Мільчаніна пад канец экскурсіі самі стаміліся, а ў дзяцей ад атрыманых уражанняў энергіі, здавалася, не будзе канца-краю. Нарэшце мерапрыемства падышло да завяршэння, дзеці і вайскоўцы развіталіся.
Пазней падзяліўся ўражаннямі Аляксей Бірыла:
— Асабліва мне запомнілася Ангеліна Памалейка. Дзяўчынка сказала, што хацела б вучыцца ў Сувораўскім вучылішчы, каб у далейшым паступаць у Ваенную акадэмію. Калі на гэта яе падштурхнула сённяшняя экскурсія, я вельмі рады. Магчыма, яе прыклад стане цікавым і для хлопцаў, але яны не выказаліся. Шэрагі абаронцаў Беларусі папоўняцца неабыякавымі маладымі людзьмі, патрыётамі сваёй Радзімы.

Васіль МАТЫРКА.

←ЧМ-2018. Бразилия сыграет с Коста-Рикой, Нигерия против Исландии, Сербия – Швейцария

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика