Каманда “Першы Беларускі” выйграла чэмпіянат Вілейскага раёна па футболе
Адбыліся вырашальныя матчы чэмпіянату Вілейскага раёна па футболе.
У матчы за трэцяе месца 3 лістапада “Механатроніка” (ранейшая назва каманды – “Фламетр”) гуляла з СВК “Чурлёны”. Асноўны час гульні завяршыўся ўнічыю 0:0, а ў дадатковы футбалісты “Механатронікі” забілі тры галы. Такім чынам, “Механатроніка” заняла трэцяе месца.
Фінальны матч адбыўся 7 лістапада. Хто зойме ў чэмпіянаце першае месца, а хто другое, высвятлялі каманды “Буддэталі” і “Першы Беларускі”. Матч завяршыўся з лікам 1:0 на карысць “Першага Беларускага”.
– Адзіны гол забілі ў канцы першага тайму, – паведаміў старшыня Вілейскай раённай федэрацыі футболу Ігар Шабан. – У другім тайме “Буддэталі” мелі ініцыятыву, аказвалі ціск на вароты сапернікаў, але адыграцца не змаглі.
Пераможцы атрымалі кубак і граматы. Уручылі прызы таксама лепшым гульцам матчу з дзвюх каманд – Максіму Чабрыцкаму і Віталю Куляшу.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота sunhome.ru