У Мядзеле вызначылі лепшага рыбака
Антон Каласоўскі падчас узнагароджвання
У райцэнтры 27 ліпеня прайшлі спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. Прынялі ў іх удзел семнаццаць чалавек – з Мядзела і к. п. Нарач (Купа).А палове сёмай раніцы адправіліся яны на лодках на возера Мястра і рыбачылі шэсць гадзін.
Пераможцам стаў жыхар Мядзела Антон Каласоўскі. Прычым, у гэткіх спаборніцтвах ён у ліку лепшых трэці год запар.
– Як так атрымліваецца? – пытаюся.
– Тут ніякага сакрэту няма. Я тут нарадзіўся і люблю гэта возера. Хай сабе і Нарач вялікае, і рыбы там болей, але ж я люблю свой Мядзел і гэта возера і яму не здраджваю. Ведаю мясціны, дзе рыбы болей, калі яна лепш ловіцца. Таму такі і вынік.
Узнагародзілі лепшага рыбака ва ўрачыстай абстаноўцы – на адкрыцці свята возера. Атрымаў пераможца граматы і грашовую прэмію. Злавіў Антон Каласоўскі дванаццаць з паловай кілаграмаў рыбы. Таксама адзначылі яго і за самую вялікую злоўленую рыбіну – ляшча вагой больш за два кілаграмы.
– Як лічыце, вынік для сябе добры?
– Добры – як гаворыцца, каб усім гэтак.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.