Футбольнае "Дынама" перамагае, а гандбольная зборная змагаецца за квіток на кантынентальнае першынство
Нядаўнія выхадныя былі багатымі на сонечнае святло і вікторыі нашых спартсменаў. У чарговым аглядзе "Звязда" ўзгадвае апошнія дасягненні беларусаў на міжнароднай і ўнутранай арэнах.
1. Пачнём з хакея. Зборная Беларусі працягвае рыхтавацца да чарговага першынства свету, якое сёлета прыме Стакгольм і Хельсінкі. У праграме нашай зборнай шэраг спарынгаў, частку якіх беларусы ўжо правялі. У межах так званага Еўравыкліку хлопцы Андрэя Скабелкі дома двойчы сустракаліся з немцамі. І калі ў першай сустрэчы, у Мінску, яны перамогу атрымалі толькі ў серыі булітаў, дык у другім, салігорскім паядынку, суайчыннікі перайгралі сапернікаў даволі ўпэўнена — 4:2. Дарэчы, запомніліся госці даволі арыгінальным спічам трэнера Пэта Карціна. Пасля першай сустрэчы на "Мінск-Арэне" ён не сказаў нешта банальнае кшталту "Спасибо, Минск! У вас очень чистый город", а па-беларуску звярнуўся да візаві са словамі "Віншую майго калегу!". Вось і парадокс: часам на мове хутчэй пачне размаўляць замежнік, чым карэнны беларус... Але вернемся да хакея. У планах зборнай яшчэ два матчы, якія павінны адбыцца ў нашых гарадах. 12 красавіка ў Жлобіне беларусы сустрэнуцца са зборнай Славакіі, а на наступны дзень прымуць славакаў на "Бабруйск-Арэне".
2. Мужчынская зборная па тэнісе гераічнымі высілкамі захавала сабе месца ў 2-й групе Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса. У Тунісе беларусы на роўных супрацьстаялі мясцовым майстрам ракеткі. Пасля двух дзён лік быў нічыйным— 2:2. Усё вызначылася ў апошнім паядынку, калі дэбютант нашай каманды Ягор Герасімаў вырваў перамогу з рук Махамеда Абіда — 6:7, 6:4, 6:1, 5:7, 6:4. Акрамя Герасімава, за вікторыю для Беларусі змагаліся Максім Мірны, Аляксандр Буры і Уладзімір Ігнацік.
3. Дар'я Домрачава завяршыла біятлонны сезон так званай Гонкай чэмпіёнаў, якая традыцыйна праходзіць у Маскве. "Разыначка" мерапрыемства ў тым, што гэтыя старты адбываюцца не толькі на свежым паветры, але і ў крытым памяшканні. Такім у Маскве стаў спартыўны комплекс "Алімпійскі". У мас-старце наша Даша прыйшла трэцяй, прапусціла наперад Настассю Кузьміну і Кяйсу Мякарайнэн. У змешанай эстафеце Домрачава разам са шведам Б'ёрнам Фэры завяршыла гонку пятай.
4. Зборная Беларусі па гандболе працягвае змагацца за пуцёўку на чэмпіянат Еўропы. Гэтымі днямі падапечныя Юрыя Шаўцова двойчы згулялі са зборнай Румыніі, камандай, у якой у мінулым былі цудоўныя перамогі, аднак зараз гандбол на радзіме графа Дракулы знаходзіцца ў крызісе. На шчасце, гандбалісты ў зялёных майках двойчы перамаглі апанентаў (34:31 і 31:25). Адметна, што за падзеямі другой сустрэчы сачыў Аляксандр Лукашэнка. "У маёй працы ў Беларусі гэта першы раз, калі Прэзідэнт аказаўся на трыбунах. Для ўсіх нас гэта вялікі гонар. Цудоўны стымул для далейшай працы", — прызнаўся пасля гульні Шаўцоў. У 6-й групе беларусы пакуль знаходзяцца на другім радку. Першае месца займае Ісландыя, 3-е — Славенія, а на апошнім месцы з нулём балаў у скарбонцы каманда Румыніі.
5. Напрыканцы пра футбол. Ён у нас пакуль яшчэ толькі ажывае пасля зімовай спячкі, нават не можа выйсці на шырокую прастору стадыёнаў (з-за наступстваў "Хаўера" некаторыя каманды працягваюць гуляць на штучным пакрыцці). Але жыццё ў чэмпіянаце бурліць, прыносіць цікавыя вынікі. У другім туры айчыннага першынства БАТЭ ў гасцях перайграў "Славію" (1:0), "Белшына" падзяліла балы з "Нёманам" (2:2), мінскае "Дынама" ў цэнтральным матчы тура ўпэўнена перайграла "Мінск" (3:0), "Тарпеда" ў Жодзіне...., "Дынама" (Брэст) — "Шахцёр" (:), а сустрэча "Гомеля" з наваполацкім "Нафтанам" завяршылася тады, калі нумар ужо быў падпісаны ў друк. Асабліва адзначым вікторыю мінскіх "дынамаўцаў". З кожнай гульнёй у Алега Пратасава вымалёваецца цікавы, па-свойму адметны футбольны калектыў, што, безумоўна, ідзе толькі на карысць беларускаму чэмпіянату.Тарас ШЧЫРЫ.