Дар'я Домрачава: "Гэты чэмпіянат мяне шмат чаму навучыў..."
Чэмпіянат свету па біятлоне скончыўся ўжо тыдзень таму, але размовы вакол спаборніцтваў і вынікаў нашых спартсменаў у Чэхіі дагэтуль не сціхаюць. Вельмі ўжо "зачапіў" спартыўных экспертаў і простых заўзятараў залаты медаль Дар'і Домрачавай, здабыты ў апошні дзень чэмпіянату. Пасля няўдалага старту прыма айчыннага біятлона змагла ўсё ж гучна пляснуць дзвярыма, пакідаючы Нове-Места. А па вяртанні на Радзіму расказала нам, з якімі праблемамі сутыкнулася на сусветным першынстве, што новага даведалася пра сваіх фанатаў і як змянілася ўспрыманне ўласных перамог.
Ветраная пастка альбо звычайнае нешанцаванне
"Адразу скажу, што простых спаборніцтваў не бывае. А першынство ў Чэхіі я запомню надоўга, бо эмацыянальна гэта было сапраўднае выпрабаванне. Ведаеце, тыя праблемы, з якімі я сутыкнулася, дазволілі мне па-новаму адчуць усю буру эмоцый, калі я ўзнялася на п'едэстал. Без усіх гэтых складанасцяў тыя эмоцыі не былі б такімі яркімі.
Безумоўна, я спрабавала зразумець, чаму астатнія гонкі ў мяне не атрымаліся. Не магу сказаць, што справа ў несур'ёзным стаўленні ці, наадварот, у занадта сур'ёзным. Звычайнае нешанцаванне! Напрыклад, у спрынце вецер быў нейкі... няправільны. Пасля першых асечак на стрэльбішчы спрабавала зрабіць папраўку, але наступныя выстралы ўсё роўна паляцелі "ў малако". Пасля даведалася ад трэнераў, што, калі вецер змяніў кірунак, сцяжкі гэтага не паказалі, таму правільныя, па сутнасці, карэкціроўкі і не дапамаглі. Біятланісткам, што стартавалі пазней, трэнеры ўсё растлумачылі, і яны ўжо ведалі, як паводзіць сябе на агнявым рубяжы. А я трапіла ў такую вось пастку".
Момант трыумфу
"Цяжка было перажываць няўдалыя старты. У такія моманты я адчувала спусташэнне, бо разумела, што падрыхтавана да чэмпіянату добра, але ад п'едэстала далёка. Але кожная перашкода на тое і дадзена, каб навучыцца чаму-небудзь новаму. Вось, напрыклад, незадоўга да спаборніцтваў у Чэхіі я давала інтэрв'ю адной замежнай тэлекампаніі. Мяне запыталі пра эмоцыі, якія адчувае спартсмен, стоячы на п'едэстале. Я адказала, што гэта не тыя адчуванні, пра якія мы марым, і што найбольшае задавальненне прыносіць не гэты момант, а сам шлях да подыума. Але пасля свайго выпакутаванага медаля зразумела, як памылялася! Цяпер разумею, што трэба цаніць момант трыумфу гэтак жа, як трэба цаніць кожны свой старт і кожную секунду гонкі".
Выйсці б на вуліцу ў камбінезоне!..
"Насамрэч мяне не так ужо і часта пазнаюць на вуліцах. Людзі прывыклі бачыць мяне ў зялёным камбінезоне і з вінтоўкай. Напэўна, калі б я ў такім выглядзе выйшла ў горад, эфект быў бы большым. Мне прыемная ўвага заўзятараў, фанатаў. Але, вяртаючыся дадому, хочацца адпачыць у спакойнай атмасферы, проста пабыць з сям'ёй, каб не прыйшлося кожную хвіліну адказваць на тэлефонныя званкі. А ўвогуле самае галоўнае — заставацца сабой і не падхапіць "зорную хваробу".
Праверка для фанатаў
"Тое, як склаўся для мяне чэмпіянат свету, дапамагло зразумець, што прыхільнікі бываюць рознымі. Падчас спаборніцтваў спартыўныя форумы і прэсу не глядзела, але ад членаў каманды чула водгукі пра мае выступленні, сярод якіх былі вельмі непрыемныя. Але гэта жыццё, хтосьці верыць у цябе да апошняга і падтрымлівае ў цяжкія хвіліны, а хтосьці гатовы дзяліць з табой толькі перамогі. Я ведаю, што ёсць людзі, якіх мае перамогі сапраўды натхняюць, і гэта выдатна. А зайздроснікаў у паспяховых людзей заўсёды хапае, гэта трэба разумець".
"Амерыканскія горкі"
"Гэты сезон для мяне — як амерыканскія горкі. То праблемы са здароўем, то з лыжамі. Урэшце, гэта адбілася на маім псіхалагічным стане, што перашкаджала стральбе. Зараз я адчуваю сябе добра. Сезон яшчэ не скончыўся, і трэба працаваць далей. Безумоўна, хацелася б зачапіць які-небудзь "Малы хрустальны глобус". А насамрэч, я стараюся не зацыклівацца на гонцы за ачкамі. Бо не толькі радок у выніковым пратаколе можа прыносіць задавальненне. Калі ў нейкай дысцыпліне атрымалася пераадолець сябе, зрабіць крок наперад, я буду рада".
Пра саперніцу Тору Бергер
"У біятлоне зараз шмат таленавітых дзяўчат, канкурэнтак хапае. Безумоўна, "зоркай" гэтага сезона з'яўляецца Тора Бергер. Яна вельмі ўпэўнена адчувае сябе на агнявым рубяжы і бяжыць дастаткова хутка. Акрамя гэтага, для поспеху аднаго спартсмена неабходна зладжаная работа ўсёй каманды. У нарвежцаў гэта працуе. Я паважаю Тору, яе вынікі гавораць самі за сябе. Яна належыць да тых сапернікаў, якіх хочацца перамагаць".
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.