Зборная без Андрэя Касціцына

Источник материала:  

"Звязда" падводзіць рысу пад спартыўнымі падзеямі, якія адбыліся ў нашым спорце на мінулым тыдні.

1. Скандал у хакейнай зборнай. Лічаныя дні засталіся да пачатку фінальнай кваліфікацыі зімовых Алімпійскіх гульняў-2014, якія пройдуць у Сочы. Ужо 7 лютага ў дацкім Военсе беларусы сустрэнуцца са славенцамі, а пасля — з украінцамі і зборнай Даніі. Здавалася, што нічога не павінна перашкодзіць спакойнай падрыхтоўцы нашай зборнай да звышадказных спаборніцтваў. Аднак заўжды здараецца так, як ты не запланаваў. У гэтым выпадку не маглі ажыццявіцца планы Андрэя Скабелкі, галоўнага трэнера зборнай Беларусі. На афіцыйны збор каманды ў адпаведны час не прыехаў яе лідар — Андрэй Касціцын, які гуляе за чалябінскі "Трактар". На афіцыйным сайце Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь другога лютага так і паведамілі: "У сувязі з няяўкай у прызначаны час на вучэбна-трэніровачны збор без уважлівых прычын з нацыянальнай зборнай быў адлічаны Андрэй Касціцын. Хакеіст знаходзіўся ўжо два дні ў Беларусі, аднак не патлумачыў прычыны сваёй няяўкі і не паведаміў трэнерскаму штабу зборнай". Анекдатычная сітуацыя, якая, на маю думку, ніколі б не ўзнікла ў зборнай Зборная без Андрэя КасціцынаКанады ці Швецыі. Але ў нас атрымліваецца так, што правілы, створаныя для ўсіх, выконваюцца большасцю, але чамусьці хто-небудзь адзін, на якога балельшчыкі ўскладваюць увесь цяжар адказнасці, ігнаруе іх. Гэта напісаны самім жыццём сюжэт для сапраўднага фільма. Тут нават і прыдумляць не трэба. Спадзяёмся, што толькі завершыцца ён для нас амерыканскім хэпі-эндам у выглядзе квітка ў алімпійскі горад Сочы, а не крыўднай да болю драмай.

2."Анамалія" на чэмпіянаце свету па бэндзі. Шчыра прызнаюся, ужо даўно не было так сорамна за беларускія гульнявыя віды, як зараз. Зразумела, у хакей з мячом у нас гуляюць адзінкі — гэта не футбол і не баскетбол. Але каму прыемна бачыць падобныя вынікі? Мяркуйце самі: Беларусь — Нарвегія — 2:5 і 0:11, Беларусь — Расія — 1:28, Беларусь — Фінляндыя — 2:21, Беларусь — Швецыя — 1:28, Беларусь — Казахстан — 0:14... Наша зборная заняла апошняе месца і пакінула першынство лепшых зборных свету.

3. Батэ зноў збярэ аншлаг. Але не будзем гэтымі двухзначнымі лічбамі забіваць свае галовы. Ёсць падставы і для радасці. Як паведаміў футбольны клуб БАТЭ, усе квіткі на хатні матч 1/16 фіналу Лігі Еўропы паміж барысаўчанамі і турэцкім "Фенербахчэ" прадалі. А значыць, будзе аншлаг! Усяго за пяць дзён былі раскуплены білеты ў касах Барысава, Мінска і Гродна. У тым ліку і тыя, якімі не скарысталіся партнёры УЕФА. Нагадаем, што паядынак адбудзецца 14 лютага ў Гродне на стадыёне "Нёман". Пачнецца гульня ў 21.00.

4. Яшчэ адзін канфуз. Зборная Беларусі па тэнісе саступіла першы матч 2-й Еўра-Афрыканскай групы зборнай Манака. Не дапамог камандзе нават Максім Мірны, які ў пары з Аляксандрам Васілеўскім саступіў Бенжаміну Балерэ і Гульяму Куляру. Агульны лік — 1:3. На пачатку красавіка беларусам прыйдзецца адстойваць сваё месца ў 2-й Еўра-Афрыканскай групе ў супрацьстаянні з Тунісам.

5. Прыемная нечаканасць. Айчынны фрыстайліст Максім Гусцік нечакана перамог у лыжнай акрабатыцы на 5-м этапе Кубка свету, які прайшоў на амерыканскім гарналыжным курорце Дыр-Вэлі. Для Максіма падобны вынік стаў лепшым у кар'еры. У агульным заліку перамога дазволіла Гусціку ўзняцца з 21-га на 6-е месца. Лепшы з беларусаў — Дзмітрый Дашчынскі. Ён займае 4-ы радок, а Аляксей Грышын пакуль размясціўся на 14-й пазіцыі.

Тарас ШЧЫРЫ.

←Андрей Костицын опоздал в сборную

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика