Не датрывалі...
Зборная Беларусі па гандболе правяла на сёлетнім чэмпіянаце свету, напэўна, лепшы свой матч, аднак вынік сустрэчы са Славеніяй усё роўна адмоўны.
Лёс з балканцамі звёў нас не толькі ў групавой стадыі планетарнага першынства ў Іспаніі, але і ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы. І наўрад ці нехта з балельшчыкаў забыўся пра лістападаўскую "сечу" гэтых зборных у Мінску, калі на апошніх секундах трапны кідок Дзяніса Рутэнкі заканстатаваў у пратаколе нічыю — 32:32.
Матч у Сарагосе таксама атрымаўся захапляльным. Добрую палову гульні падапечныя Юрыя Шаўцова вялі ў ліку, апярэджваючы вядомага апанента! Зноў добра дзейнічаў Сяргей Рутэнка, важныя мячы закідвалі Дзмітрый Нікуленкаў і Аляксандр Цітоў. І гэта сапраўды была каманда, якая "згінала" аднаго з лідараў групы "С". Перавага ў пяць галоў сведчыць пра многае. Шкада, але пасля перапынку перавага беларусаў ператварылася ў нішто. Вопыт перамог азарт, упэўненасць — памылкі. Лік да апошніх хвілін быў роўным, але хлопцы Барыса Дэніча ўсё ж такі вырвалі перамогу — 27:26. "На жаль, мы не ўзялі двух балаў, якія цалкам заслугоўвалі", — падводзіў пасля сустрэчы вынікі Юрый Шаўцоў. Зразумела, яны шкадуюць: не датрывалі. Аднак у пэўны моманты хлопцы прадэманстравалі гульню, пра якую мараць заўзятары. Спадзяёмся, не ў апошні раз. Заключны паядынак групавога турніру Беларусь правядзе сёння супраць Саудаўскай Аравіі. Гэтая сустрэча і выявіць таго, хто зойме ў групе патрэбнае чацвёртае месца.
Тарас ШЧЫРЫ.