Першы п’едэстал Скардзіны і "залаты" заплыў Герасімені

Источник материала:  

Трэці этап Кубка свету па біятлоне для лідара нашай жаночай зборнай, мякка кажучы, не задаўся. Напярэдадні стартаў Дар'я Домрачава прастудзілася і вырашыла прапусціць дзве гонкі. Стан здароўя дазволіў Домрачавай заявіцца на нядзельны масстарт. Але, напэўна, Дар'я была яшчэ не гатова да барацьбы: 9 промахаў на агнявых рубяжах — і толькі 21-е месца.

Тым не менш падстава для радасці ў беларускіх заўзятараў усё ж такі была. Упершыню на п’едэстал узнялася Надзея Скардзіна. Шчаслівым для беларускі стаў спрынт. Як кажуць, сышліся зоркі на небе: і стральба атрымалася ідэальнай, і ход па дыстанцыі быў неблагім. На фініш Надзея прыйшла трэцяй, паказаўшы найлепшы вынік у кар'еры. "Я толькі хацела добра выканаць сваю працу. Вядома, разумела, што калі чыста адстраляюся і пакажу свой максімум на дыстанцыі, то змагу наблізіцца да лідараў. Але пра п’едэстал, шчыра кажучы, не думала. Калі бегла трэці круг, трэнеры сказалі, што я іду другой. І тады зразумела, што магу трапіць у тройку лепшых", — пракаментавала свой поспех Надзея Скардзіна.

Дзякуючы добраму выступленню ў першай палове сезона зараз Надзея займае найвышэйшае для сябе восьмае месца ў генеральнай класіфікацыі. А Дар'я Домрачава пасля стартаў у Славеніі з другога радка перамясцілася на пяты.

На апошнім спаборніцтве ў гэтым годзе выдатна выступіла і двухразовая алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя. У апошні дзень чэмпіянату свету па плаванні ў 25-метровым басейне беларуска першынствавала на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем. Трэба адзначыць, што гэта першы залаты медаль Аляксандры на "кароткай вадзе".

А вось беларускія хакеісты не здолелі дабрацца да ўзнагарод на міжнародным турніры "Аrоssа Сhаllеngе" ў Швейцарыі. У паядынку за трэцяе месца падапечныя Андрэя Скабелкі прайгралі нарвежцам 1:4.

Галоўны трэнер беларускай зборнай Андрэй Скабелка так ацаніў апошні матч на турніры: "Зразумела, хлопцы стараліся, як маглі. Не атрымалася падтрымліваць хуткасці, прапанаваныя нарвежскай камандай, на працягу ўсяго паядынку. І калі ў абароне збольшага спраўляліся, то ў нападзенні згулялі сапраўды дрэнна. Безумоўна, тут і заслуга саперніка: звычайныя схемы атакі проста не праходзілі. У цэлым, станоўчыя моманты былі, але толькі эпізадычна".

Такім чынам, дэбют Скабелкі на пасту галоўнага трэнера беларускай каманды па хакеі нельга назваць удачным. Але трэба адзначыць, што склад нашай дружыны быў эксперыментальным, і чакаць гучных перамог наўрад ці трэба было. Тым не менш, да старту чарговага чэмпіянату свету застаецца не так шмат часу, а прычын для апасенняў значна больш, чым аптымістычных спадзяванняў.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

←Михаил Грабовский: «Уровень нашей сборной был ниже швейцарского, а, как показала суббота, уже и ниже норвежского»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика