Андрэй Кулебін. “Сталёвы” тайбаксёр, наш адказ прафесіяналам з Тайланда

Источник материала:  
06.12.2012 16:18 — Новости Спорта


Андрэй Кулебін. “Сталёвы” тайбаксёр, наш адказ прафесіяналам з ТайландаПраект парталу
“Будзьма Беларусамі!” ― “Байцоўскі ген”

Сапраўднай колькасці сваіх баёў не ведае нават сам баец. Ён стаў сусветнай знакамітасцю, бо заўжды выходзіў біцца з наймацнейшымі тайскімі прафесіяналамі. Пры гэтым Андрэй Кулебін дзіўным чынам пазбягаў сур’ёзных траўмаў.

У гэтым матэрыяле баец расказвае пра лёс і сакрэты сваёй стабільнасці.

Андрэй Кулебін. “Сталёвы” тайбаксёр, наш адказ прафесіяналам з Тайланда

Ён — з тых беларусаў, якія гатовыя біцца з любым самым топавым і небяспечным супернікам.

У 2012 годзе Андрэй чарговы раз перамог на чэмпіянаце свету (версія IFMA) у вагавой катэгорыі 67 кг. Дарэчы, на першынствах планеты, якія праходзяць па алімпійскай схеме, Кулебін перамагаў аж шэсць разоў і мае званне заслужанага майстра спорту Беларусі.

Што да прафесійных баёў (супернікі змагаюцца з мінімумам абарончай амуніцыі), то Андрэй бязбоязна выходзіў на рынг супраць чэмпіёнаў самых прэстыжных тайскіх стадыёнаў: Санцічая, Напарата, Саёка, Судсакорна, Капамлека, Петасвіна, Інфініці, Сінгмані… І перамагаў, і саступаў. Але за гэтыя двубоі Андрэя паважае ўвесь байцоўскі свет.

Сам ён адданы адзінаборствам амаль з пялюшак.

—Я нарадзіўся ў Германіі (1984 год). Горад Найштрэлец, гэта пад Берлінам. Бацька там служыў, — апавядае Андрэй пра свой лёс у офісе мінскага клуба “Кік-файтар”. — Скончылася бацькава служба, мы вярнуліся пад Мінск, у вёску Новы двор. У мясцовай школе я вучыўся да дзявятага класа, пакуль не трапіў у вучылішча алімпійскага рэзерву. У школе ўсе прадметы былі па-беларуску — фізіка, матэматыка, хімія. Асобна вывучалі толькі рускую мову.

Маці працавала бухгалтаркай на заводзе скураных вырабаў. Калі мне было шэсць, бацькі атрымалі кватэру ў Гатаве. Адтуль да сталіцы дзевяць кіламетраў. Таму ў канцы першага класа я пачаў ездзіць на трэніроўкі. Пайшоў у таэквандо. Да 14 гадоў курсіраваў з Гатава ў Мінск дзеля трэніровак. Паралельна займаўся футболам, але выбраў у выніку адзінаборствы. Хоць сёння з сябрамі гатаўскімі ўдзельнічаем у вышэйшым дывізіёне мінскай аматарскай футбольнай лігі. Каманда ў нас называецца “Валенсія”, але мы думаем яе перайменаваць. Мы — стабільныя сераднякі, усім даем бой. У некаторых камандах гуляюць былыя прафесіяналы, а ў нас усе гатаўскія, простыя хлопцы.

***

Калі мне было 14, я перайшоў у тайландскі бокс: захацелася мужчынскага, моцнага, жорсткага віду спорту, каб праверыць сябе, паглядзець на іншых. Бацькі былі супраць, бо ў мяне былі пэўныя поспехі ў таэквандо: юніёрская зборная, нібыта былі перспектывы на будучыню. Я ўсё гэта кінуў і вырашыў: не атрымаецца ў тайландскім боксе — пазаймаюся хаця б для сябе. Але мне спадабалася, і нібыта атрымліваецца пакуль.

Андрэй Кулебін. “Сталёвы” тайбаксёр, наш адказ прафесіяналам з Тайланда

— Ты правёў проста гіганцкую колькасць прафесійных і аматарскіх баёў. Колькі іх было насамрэч?

— На 42-м баі я перастаў іх лічыць. Дадзеныя, якія пішуць падчас шоу, напэўна, недакладныя. Можа, я правёў і больш, чым там напісана.

— Былі часы, калі ты біўся ледзь не штомесяц. Як гэта вытрымлівае арганізм, ці былі сур’ёзныя пашкоджанні?

— Былі траўмы. З кісцю нейкія праблемы, пералом рабрыны…

— Такое ў кожнага чалавека бывае. А так, каб на год са спорту выкідала, напрыклад?

— Такога не было. Я ніколі не думаў пра гэтыя праблемы, заўжды лічыў, што на мне ўсё хутка зажывае. Лічу, што сваё цела можна падрыхтаваць да мінімуму траўмаў, калі над ім працаваць, займацца сваім здароўем. Добрая размінка, добрае харчаванне. Пастаянны фітнэс, заняткі спортам — усё гэта дапамагае фармаваць касцявую сістэму, сухажыльную, звязачны апарат.

— І як доўга, на тваю думку, можна падтрымліваць сябе ў аптымальнай форме?

— Думаю, тут няма пэўнай планкі. Некаторыя людзі стамляюцца маральна, праз гэта страчваюць канцэнтрацыю і пачынаюць атрымліваць траўмы. Я для сябе планкі не стаўлю. Але ўсё ж гэта спорт, і нельга загадваць. Я працую і знайшоў для сябе рэжым, у якім арганізму камфортна. Колькі мне гэта будзе падабацца, столькі і буду рабіць. Нехта заканчвае ў 24 гады. А я нядаўна глядзеў баі баксёра Холіфілда, калі яму было 44. Прыгажосць, чалавек проста атрымлівае задавальненне. Сёння ён не чэмпіён экстра-класа, але ўсё роўна цудоўны баец.



— Многія прафесійныя спартсмены рана заканчваюць кар’еру: надломваюцца псіхалагічна, траўмуюцца. Што асаблівага ў табе?

— Спачатку ўдзельнічаў у дзіцячых спаборніцтвах, потым у юніёрскіх. Потым правёў адзін прафесійны двубой. Потым зноўку чэмпіянат краіны, Еўропы. Пасля — наступны прафесійны двубой. І так крок за крокам. Робішся дарослым — трэніруюцца косці, падыходзіш да самых сур’ёзных баёў гатовым. А здараецца, што чалавек пачынае трэніравацца ў 18 гадоў. Праз год яго адпраўляюць на прафесійны рынг, а цела не гатовае. Надкосніца, косці, суставы — немагчыма падрыхтаваць нервовую сістэму, каб яна магла пераносіць болевы парог. У мяне ўсё гэта фармавалася з дзяцінства. Усё хутка зажывала, і арганізм адаптаваўся за доўгія гады…

Андрэй Кулебін. “Сталёвы” тайбаксёр, наш адказ прафесіяналам з Тайланда

— У цябе было шмат яркіх перамог, ты выйграваў самыя прэстыжныя сусветныя чэмпіёнскія паясы, напрыклад, WMC. Сустракаўся з наймацнейшымі. Але якія баі былі самымі знакавымі?

— Тыя, у якіх я прайграў. Гэта былі жыццёвыя і спартовыя ўрокі, якія даў мне супернік, дзе ёсць моц, тэхніка, тактыка. Менавіта гэтыя баі засталіся ў памяці. Тытулы, іх колькасць — усё гэта перастала быць для мяне мэтай. Хачу далей развівацца, быць супербайцом ва ўсіх дачыненнях, універсальным салдатам. Каб паважалі ўсе і атрымлівалі асалоду ад манеры вядзення бою. Як у Шааліні: прагну высокага майстэрства, на якое можна пакласці ўсё жыццё.

Андрэй Кулебін. “Сталёвы” тайбаксёр, наш адказ прафесіяналам з Тайланда

P.S. Чарговы двубой Андрэя Кулебіна адбудзецца 16 снежня — у фінале суперпапулярнага ў Азіі турніру Thai Fight. Андрэй выступіць супраць тайца Сінгмані ў вагавой катэгорыі 67 кг. У фінале 70 кг наш Віталь Гуркоў выйдзе супраць тайца Буакава. З прычыны такога складу пар фінальныя баі гістарычнага турніру называюць матчавай сустрэчай Беларусь — Тайланд.


Фота Аляксандра Абуховіча і з архіву Андрэя Кулебіна



Яўген ВАЛОШЫН

←Людмила Бриль завоевала бронзовую медаль чемпионата Европы по тяжелой атлетике среди молодежи и юниоров.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика