Вяртанне інтрыгі

Источник материала:  

Лістапад для Беларусі месяц больш кінематаграфічны, чым футбольны. Але менавіта зараз у нашым футбольным першынстве ўзнікае сітуацыя, дзеля якой балельшчыкі, напэўна, адкладуць усе свае справы на бліжэйшыя выхадныя.

Не, на чарговае чэмпіёнства БАТЭ сёлета ніхто ўжо замахвацца не будзе. Барысаўчане датэрмінова, за два туры да завяршэння чэмпіянату, адсвяткавалі сваю дзявятую перамогу. Зрабілі гэта хлопцы Віктара Ганчарэнкі ўпэўнена, прыгожа. 5:1 — галявая, пераможная феерыя ў Барысаве над "Мінскам" стала добрым падарункам для балельшчыкаў, якія на працягу ўсяго сезона актыўна падтрымлівалі сваіх любімцаў. Аднак, па вялікім рахунку, перамогу барысаўчан прагназаваць можна было загадзя. Для многіх выніковы поспех "жоўта-блакітных" нават не абмяркоўваўся: маўляў, так павінна быць і — баста. Што і атрымалася. А вось за трэцяе месца барацьба паміж мінскім "Дынама" і "Гомелем" сапраўды кіпіць, бурліць, прымушае інтрыгу круціцца, як кола атракцыёна. І нешта падказвае, што імя бронзавага прызёра будзе вядомае толькі пасля апошняга тура, 25 лістапада.

Сёлета палешукі зноў даказалі, што каманда ў Алега Кубарава стабільная ў сваёй барацьбе за самыя высокія пазіцыі. Кволы "Гомель" крыху ў іншым: тэма фінансавання каманды абмяркоўвалася неаднойчы. На жаль, чым бліжэй фініш, тым больш "баліць". Ужо вядома, што каманду пакіне Кубараў, трэнер, які прыводзіў "зялёных" да перамогі ў розыгрышы Кубка і Суперкубка краіны, летась заваёўваў з камандай бронзавыя медалі, прывозіў у горад на Сожам англійскі "Ліверпуль". І будзе шкада, калі "Гомель" застанецца без часткі футбалістаў, якія кавалі важныя перамогі для сябе і родных заўзятараў.

— Безумоўна, фінансавая няўпэўненасць на карысць ідзе наўрад ці. Толькі я не думаю, што ў камандзе ёсць нехта, хто не хацеў бы заняць трэцяе месца, — кажа нашаму карэспандэнту Сяргей Матвейчык, абаронца "Гомеля". — Медаль быў бы прыемны кожнаму. Незалежна ад таго, плацяць нам ці не. Бо трэба ж нешта будзе дзеткам апавядаць і паказваць.

Вяртанне інтрыгі

Між іншым, менавіта "Дынама" і "Гомель" у выхадныя сустрэліся ў матчы, які мог вырашыць многае ў перспектывах барацьбы за "бронзу".

Па вялікім рахунку, перамагаць у гэтай сустрэчы неабходна было дынамаўцам. З-за няцотнай колькасці каманд у першынстве Алегу Пратасаву і К о прыйдзецца прапускаць апошні тур, а таму, каб прэтэндаваць за медалі, мінчанам неабходна хапацца за вікторыю ў кожным з двух матчаў. А таму не дзіўна, што гаспадары нядрэнна атакавалі, актыўна рушылі наперад, а госці — абараняліся. Рабілі гэта добрую частку гульні яны выдатна, але супрацьпаставіць нешта рыкашэту пасля ўдару дынамаўскага ўругвайца Эрнана Фігерэда яны нічога не здолелі. Адметна, што, каб цалкам задаволіць сябе, "Дынама" неабходна было перамагаць з розніцай у два мячы (пры роўнасці балаў па заканчэнні першынства будуць лічыцца асабістыя сустрэчы), але ў выніку каманды захавалі паміж сабой парытэт, захавалі інтрыгу ў чэмпіянаце да апошняга тура.

Гэты матч — яшчэ адна стрэмка для тых, хто лічыць айчыннае футбольнае першынство застылым балотам. За два туры ў барацьбе за трэцяе месца нічога не вырашана. Апошнія матчы абяцаюць быць гарачымі, а галоўнае — цікавымі на падзеі. Чакаем.

Тарас ШЧЫРЫ

 

←Лукашенко: Мне пришлось очень круто поступить в спортивной отрасли, чтобы придать новый динамизм

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика