Прывітанне ад братоў Рутэнкаў
Чарговы адборачны турнір чэмпіянату Еўропы па гандболе, які ў 2014 годзе прыме Данія, беларуская зборная распачала крыўдным паражэннем у Ісландыі. Аднак хатні матч супраць Славеніі ў чарговы раз даказаў, што ў хлопцаў Юрыя Шаўцова з характарам, воляй і працавітасцю насамрэч усё добра.
Гандбол — спорт, які будзе трымаць у напружанні да апошніх хвілін сустрэчы. Адрэналін зашкальвае, жарсці кіпяць, эмоцыі — наросхрыст. У нядзелю балельшчыкі і сапраўды ад такога атракцыёна маглі хапацца за сэрца, лезці па валідол. Зборныя Беларусі і Славеніі на дваіх стварылі добры матч, напоўнены фенаменальнымі гандбольнымі прыёмамі гасцей, самааддачай беларусаў і, безумоўна, цёплай атмасферай на трыбунах сталічнага Палаца спорту.
Між іншым, Беларусі супрацьстаяла не проста зборная, а сярэбраны прызёр кантынентальнага першынства-2004, каманда топ-класа, гандбалісты якой заўжды маюць добрую практыку ў матчах самага высокага ўзроўню. Славенцы выдатна рухаюцца ў атацы, цудоўна фінцяць, а ў патрэбны момант могуць і "ў тэатр згуляць": упасці пасля зусім не моцнага штуршка саперніка. Карацей, прафесіяналы, якія ведалі, што рабіць на кожным метры мінскага паркету.
— Славенія — добрая зборная, — коратка кажа наш варатар Казімір Катлінскі. — І ў іх гуляе ўся каманда. Няма такога, каб адзін гандбаліст закідваў за матч па 10-15 мячоў.
Толькі напачатку справіцца з гаспадарамі госці зусім не маглі. Беларусы адрываліся, паражальна атакавалі, а славенцы хваляваліся: трэнер танчыў нервовае бугі перад суддзёй, а вопытны, імпульсіўны галкіпер Горазд Шкоф нават паласатую штангу пачаў нагамі збіваць ад злосці. Але клас, як кажуць, не прап'еш. Яго ў выпадку са славенцамі можна толькі пацвердзіць. Больш за палову сустрэчы яны даганялі апанента, але з-за частых выдаленняў беларусаў рэзка перавялі матч у іншае рэчышча. І тут выдатна сябе праявілі хлопцы, на якіх асаблівым чынам былі скіраваны позіркі журналістаў, — Сяргей і Дзяніс Рутэнкі. Справа ў тым, што Сяргей, старэйшы з братоў, лідар нашай зборнай, правёў 5 гадоў у Славеніі, у складзе тамтэйшай зборнай нават прызнаваўся лепшым галеадорам чэмпіянату Еўропы ў 2006 годзе. Гуляў у гэтай краіне былой саюзнай Югаславіі і Дзяніс. У сустрэчы са старымі сябрамі яны разам забілі ў вароты гасцей 17 мячоў, чым прынеслі неймаверную карысць для дасягнення пазітыўнага выніку. І гэта менавіта Дзяніс за некалькі секунд да сірэны ўпэўненым кідком перарэзаў славенцам шлях да вікторыі, стаў тым арбітрам, які прыняў справядлівае рашэнне, расставіў усё па месцах. 32:32 — нічыя, якая не пакідае нашых хлопцаў без магчымасцяў трапіць на кантынентальны чэмпіянат.
— Я вельмі задаволены камандай, — прызнаўся пасля сустрэчы гулец зборнай Беларусі і вядомай "Барселоны" Сяргей Рутэнка. — Пасля таго, калі славенцы па ліку дагналі нас, перагналі, хлопцы не здаліся, а выцягнулі нічыю. Большасць гульцоў зборнай Славеніі я ведаю. 7-8 чалавек з цяперашняй зборнай — гэта тыя людзі, з кім я не адзін пуд солі з'еў. Таму асабіста для мяне была вельмі цяжкая гульня.
Гульню братоў адзначыў і славенец Лука Жвіжай, які таксама паспеў калісьці пагуляць за "Барсу".
— Сяргей Рутэнка — галоўная "зорка" вашай каманды, — у размове з карэспандэнтам "Звязды" прызнаецца Жвіжай. — І яго малодшы брат згуляў цудоўна. Безумоўна, вынік для нас дрэнны. Мы чакалі лепшай гульні нашай зборнай, але ў выніку едзем на радзіму з адным балам.
Адборачны турнір толькі распачаўся, а таму ў хлопцаў яшчэ ёсць магчымасці пазмагацца за квіток на першынство Еўропы. Тым больш арганізатары гэтым разам прэзентавалі для ўдзельнікаў адбору невялічкі бонус. На чэмпіянат выходзяць не толькі па дзве каманды з 7 груп, але і лепшая трэцяя зборная ўсёй кваліфікацыі. Шанцы ёсць. Галоўнае — упэўнена за іх трымацца.
Тарас ШЧЫРЫ.
Фота Надзеі Бужан