Беларусы заваявалі другое золата на чэмпіянаце свету па пажарна-выратавальным спорце
Беларусы заваявалі другое золата на VІІІ чэмпіянаце свету па пажарна-выратавальным спорце, які праходзіць 18-20 кастрычніка ў турэцкай Антальі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў МНС Беларусі.
"Учора завяршыліся спаборніцтвы па пераадоленні 100 м з перашкодамі. Па выніках дзвюх спроб не было роўных зборнай Беларусі — наша каманда паказала бліскучыя вынікі, і справядлівы вынік — агульнакаманднае першае месца ў гэтым відзе праграмы", — расказаў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі. Ён адзначыў, што беларус Уладзімір Стральчэня "паказвае проста фантастычна высокія вынікі". У дваяборстве выратавальнікаў (сумуюцца вынікі ўздыму на 4-ы паверх вучэбнай вежы + 100 м з перашкодамі) спартсмен устанавіў новы сусветны рэкорд. Трэцяе месца ў дваяборстве ў яшчэ аднаго беларуса — Максіма Шапарова.