Стаць у глухую абарону?
Гэтага раяць беларускія балельшчыкі айчыннай зборнай у матчы з чэмпіёнамі свету і Еўропы — камандай Іспаніі. Карэспандэнт "Звязды" паразмаўляў з заўзятарамі напярэдадні паядынку, які варта было б наведаць кожнаму.
Да доўгачаканай сустрэчы з "чырвонай фурыяй" усяго толькі дзень. Час, які, насамрэч, праляціць вокамгненна, і ўжо хутка на стадыён "Дынама" выйдуць іспанцы — зоркі "Барселоны" і "Рэала", прагучаць нацыянальныя гімны, а бельгіец Серж Гумені абвесціць пачатак сустрэчы. Але пры славе саперніка беларусаў ажыятажу напярэдадні гульні няма, а чэргі каля білетных кас пакуль наогул адсутнічаюць.
За трыбунамі мінскага футбольнага "калізея" гуляе асенні вецер. Наведвальнікаў вядомага рынку няшмат. А таму нехта з прадаўцоў грэецца з кубачкам кавы ў руках, іншыя — лупяць у карты адразу на століку, каля якога па тратуары туды-сюды ходзяць нешматлікія пакупнікі. Палаткі са спартыўнай атрыбутыкай балельшчыкі таксама на абардаж не бяруць. Вось і насупраць павільёна Ігара Графа задумліва стаіць толькі адна жанчына і ніяк не можа выбраць футболку для дзіцяці.
— Але зараз зацікаўленасць у майках, балельшчыцкіх шаліках адчуваецца, — кажа Ігар і дэманструе шчыльныя шэрагі рознакаляровых клубных футболак. — Праўда, у асноўным набываюць форму БАТЭ. А вось перад матчам з Іспаніяй у продажы з'явіліся адмысловыя шалікі. Іх кошт — 50 тысяч беларускіх рублёў.
Як лічыць прадпрымальнік, да гульні продаж звычайна ідзе марудна, шалікі пераважна набываюць ужо пасля матчаў. Сарваць добры куш з нашых балельшчыкаў нельга.
А вось атрымаць неблагі прыбытак ад замежнікаў, якія наведваюць футбол, цалкам верагодна. "Лепшыя пакупнікі — гэта рускія, арабы, а ўжо пасля толькі беларусы", — гаворыць ігар.
Каля палаткі Генадзя, які гандлюе спартыўнай формай, таксама пуста.
— Ведаеце, атрыбутыка прадаецца слаба, — кажа наш суразмоўца. — У нас гэты кірунак наогул не так развіты, як на Захадзе. Паглядзіце, на матчах "Манчэстэр Юнайтэд" увесь стадыён чырвоны, а калі гуляе "Чэлсі" — блакітны. А ў нас, як бачыце, чэргаў няма.
Нягледзячы на гэта, ёсць меркаванне, што паляваць на запаветныя шалікі і іншую "сувенірку" гледачы пачнуць пятнічным вечарам. Павялічыцца не толькі колькасць міні-крамак, але і лічба ахвотных трапіць на матч.
— Самае галоўнае для нашай зборнай — гэта добра настроіцца на гульню, — разважае Граф. — "Пераламаць" сябе ў першыя 30 хвілін, каб не баяцца. Аднак, мяркую, на трыбунах будуць вольныя месцы. Самы танны квіток — 210 тысяч. Вось і ўявіце, колькі трэба аддаць грошай, каб трапіць на матч з сям'ёй.
Каля дынамаўскіх кас футбольных аматараў сапраўды зусім няшмат. На раніцу серады прадалі прыблізна 15 тысяч білетаў. Нехта хуценька, каб доўга не стаяць на красавіцкім холадзе, набывае квіткі, а астатнія яшчэ толькі раяцца па тэлефоне. І, па вялікім рахунку, гэта не ад таго, што большасць балельшчыкаў яшчэ шчыруе на працы ці паліруе крэслы студэнцкіх аўдыторый. Цэны, якія прапаноўваюць за квіткі, на жаль, не супадаюць з магчымасцямі пэўных людзей.
— Для многіх цана сапраўды завышаная. І яна проста напужала многіх людзей. Іх, напэўна, менш будзе, чым на супрацьстаянні БАТЭ і "Баварыі", — кажа Мікалай, які за матчам назіраць будзе з першага сектара. — Што казаць, аднак і сапернік у Беларусі сапраўды годны. Галоўнае, каб у нашых футбалістаў быў баявы настрой.
Адметна, калі астатніх цікавілі пераважна білеты на матч Беларусь — Іспанія, дык Алёна, студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, прыйшла па квіток на "лігачэмпіёнскі" матч БАТЭ — "Валенсія".
— На зборную кошт высокі, задорага, а на гэты матч можна і за 60 тысяч схадзіць.
Аднак без футбола Алёна і ў пятніцу не застанецца. Сачыць за дзеяннямі каманды Георгія Кандрацьева яна будзе па тэлебачанні. З веданнем справы дзяўчына кажа, што "нашым трэба сыходзіць у глухую абарону і гуляць на контратаках". Толькі хвалюе балельшчыцу не толькі гэты матч, але і рэканструкцыя стадыёна "Дынама", якая ўжо хутка павінна стартаваць.
— Вельмі сорамна на падобнае табло глядзець, — эмацыйна кажа дзяўчына. — Неяк ніякавата робіцца перад замежнікамі. Хочацца, каб на новай арэне і "казырок" быў добры. Памятаю, падчас гульні БАТЭ — "Барселона" наогул пад дажджом прамоклі. Пракліналі літаральна ўсіх.
r r r
Заўтрашнім вечарам у Мінску сіноптыкі абяцаюць даволі непрыемнае надвор'е — усяго 4-6 градусаў цяпла. Таму, калі ласка, апранайцеся як мага цяплей. Безумоўна, матч абяцае быць цікавым. Чым? Хоць бы тым, што такія моцныя зборныя, як Іспанія, прыязджаюць да нас зрэдку. Сапраўды, больш камфортна ўбачыць гульню дома, на канапе. Але калі мы яшчэ здолеем з вамі бачыць разам адразу столькі "зорак"? А гэта і галкіпер "Рэала" Ікер Касільяс, абаронцы Серхіа Рамас, Альвара Арбелоа, славутасці "Барселоны" Хаві і Іньеста, а таксама форвард лонданскага "Чэлсі" Фернанда Торэс. І ўсе яны будуць у Мінску, выйдуць на поле супрацьстаяць нашым хлопцам, якім у гэты халодны дзень неабходна наша гарачая падтрымка. Разумеем, усё ўпіраецца ў цэны. Але такія футбольныя гастралёры ў нашых краях сапраўды рэдкасць. Заўтра, стадыён "Дынама", Беларусь — Іспанія, пачатак у 21:00. Чакаем!
Тарас ШЧЫРЫ.