Смаргонскія сем’і – зноў самыя спартыўныя
Штогадовы Абласны фестываль спартыўных сямей скончыўся 19 жніўня ў Гродне. Мерапрыемства прайшло пад дэвізам “Мама, тата і я – спартыўная сям’я”. Напрацягу двух дзён ішло змаганне за ганаровае званне самай спартыўнай сям’і.
Як паведамляе Нацыянальны Алімпійскі Камітэт, у гэтым годзе ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 42 сям’і з 12 раёнаў Гродзенская вобласці.
Сёлета ў праграме спаборніцтваў значыліся тры віды спорту: дартс, баскетбольныя кідкі і гульня “Спартландыя”, якая складалася з чатырох комплексных эстафетаў.
Па выніках камандных залікаў самым спартыўным раёнам Гродзенскай вобласці стаў Смаргонскі. Яго прадстаўлялі сем’і Занько, Ушакевіч, Капцюх і Клачкевіч. Кожная з іх выступала ў сваёй намінацыі – у залежнасці ад узросту і полу дзяцей. Трэба адзначыць, што тытул самага спартыўнага раёну Смаргоншчына ўтрымлівае ўжо другі год запар.
На другім месцы – Ашмянскі раён, за які выступалі сем’і Мацейчык, Вашкель, Войшніс і Мацейковіч. Да першага месца ім не хапіла 8-і балаў у камандным заліку.
Замыкае тройку прызёраў фестывалю Лідскі раён.
Аляксандра ПАРАХНЯ