Дзмітрый ЛАПКЕС: "Усё, што я раблю, — раблю дзеля сям'і"

Источник материала:  

Айчыннае фехтаванне багатае на імёны выдатных спартсменаў, якія ў свой "зорны" час абавязкова вярталіся з Алімпійскіх гульняў з медалём. Выдатная рапірыстка Алена Бялова — чатырохразовая чэмпіёнка Алімпіяды. У карэйскім Сеуле "золата" Гульняў заваяваў таксама рапірыст Аляксандр Раманькоў. Але гэта ўжо гісторыя, звязаная з фехтавальнымі традыцыямі Савецкага Саюза. А што зараз? Як ацэньваюць беларускія шаблісты выступленне на чарговай Алімпіядзе? Хто задае тон у сучасным фехтаванні? З гэтымі і іншымі пытаннямі наш карэспандэнт звярнуўся да вядомага беларускага шабліста, сярэбранага прызёра чэмпіянату свету ў камандных спаборніцтвах Дзмітрыя ЛАПКЕСА, які нядаўна вярнуўся са сваіх чацвёртых Алімпійскіх гульняў.

Дзмітрый ЛАПКЕС:  "Усё, што я раблю, — раблю дзеля сям'і"— З Вялікабрытаніі мы прыляцелі 6 жніўня, — пачынае гутарку Дзмітрый. — Аднак уся святочная атмасфера для мяне скончылася ў той дзень, калі я закончыў выступаць.

Па вялікім рахунку, на Алімпіядзе адчуваеш атмасферу буйнога мерапрыемства, якое дорыць людзям радасць. Напал падзей заўжды лунае ў паветры! Лондан стаў для мяне новым горадам, толькі, на жаль, добра вывучыць яго я не паспеў. Мы пафехтавалі і літаральна праз некалькі дзён вярнуліся ў Мінск.

— Дарэчы, журналісты шмат увагі надавалі вялікай колькасці ахоўнікаў у Лондане, беспрэцэдэнтным мерам бяспекі сёлетняй Алімпіяды...

— Я гэтага не адчуў. І нават тыя палісмены, якія нам сустракаліся, ставіліся да нас вельмі прыязна. Не было ніякіх эксцэсаў. Усё праходзіла ціха і спакойна.

— Зразумела, настрой на фінішы спаборніцтваў быў не самы лепшы. Асабістае першынство вы пакінулі ў 1/8 фіналу.

— Як спартсмена вынік мяне не задаволіў. У Лондан мы ляцелі па іншае. Аднак я задаволены тым, як адпрацаваў асабістыя і камандныя спаборніцтвы. Хутчэй за ўсё, гэта мая апошняя Алімпіяда. І я адчуваю, што адпрацаваў яе па максімуме. Аддаваў апошняе, што ў мяне было. Што тычыцца каманднага першынства, дык да хлопцаў нельга прад'яўляць ніякіх прэтэнзій. Зрабілі ўсё, што маглі. Напэўна, на нас натрапіла нешанцаванне. У 1/4 быў цяжкі, роўны бой з італьянцамі. Мы саступілі 44:45. Апошні ўкол з боку італьянцаў быў наогул даволі спрэчны...

— Дзмітрый, вам ужо споўнілася 36 гадоў. Ці цяжка было фізічна на дарожцы сапернічаць з маладымі апанентамі?

— Я вельмі добра фізічна падрыхтаваўся да Алімпіяды. Проста з-за ўзросту губляеш хуткасць, пачынаеш саступаць у іншых нюансах. Толькі кампенсуецца гэта іншым. Я не адчуваў стомленасці пасля баёў.

— А вырашальны для вас паядынак з амерыканцам Цімаці Мархаўсам?

— У той момант, калі лік быў 13:13, я сабраўся рызыкнуць, але перад гэтым хацеў стварыць напружанне. Аднак сапернік зрабіў гэта хутчэй, і яго рызыка апраўдалася. Тады ён быў мацнейшы за мяне. Цімаці зрабіў тое, што не зрабіў я.

— Галоўнае алімпійскае дасягненне для вас — 4-е месца ў Афінах...

— А я забыўся на Афіны. Даўно гэта было. Гэта той этап кар'еры, які ўжо ў мінулым. Калі б я увесь час узгадваў Афіны, не здолеў бы фехтаваць надалей. Шчыра кажучы, шанцы трапіць на п'едэстал былі на кожнай Алімпіядзе. Былі яны і зараз. Мы добра спаборнічалі ў камандным першынстве, дзеля гэтага і працавалі, ды не пашанцавала.

— Але выхад нашай каманды на Алімпіяду ўжо трэба лічыць дасягненнем.

— Безумоўна. Што казаць, калі Еўропа на Гульнях прэзентавала толькі пяць зборных. У Лондан не трапіла Францыя, чэмпіён дзвюх апошніх Алімпійскіх гульняў, Венгрыя, якая наогул больш за ўсіх выйгравала алімпійскае "золата" ў нашай дысцыпліне. Я ганаруся тым, што наша каманда была ўдзельніцай Алімпіяды.

— Вы ўжо адзначылі, што, магчыма, пакідаеце фехтаванне. А ці ёсць яшчэ патэнцыял у Аляксандра Буйкевіча і Валерыя Прыёмкі, з якімі вы так доўга выступалі разам?

— Так, упэўнены, хлопцы будуць трэніравацца разам, патэнцыял у іх вялікі. Спадзяюся, дапаможа ім Аляксей Ліхачэўскі. Да наступнай Алімпіяды часу хапае, рэзервы ёсць і ёсць на што і на каго разлічваць у будучыні.

— Дарэчы, у Лондане ў фехтаванні перамагалі венесуэлец, кітаец, у камандным першынстве вікторыю святкавалі карэйцы. Ці можна падобныя вынікі лічыць тэндэнцыяй сучаснага фехтавання?

— Не, Алімпіяда — спаборніцтвы аднаго дня. Менавіта таму мы і атрымліваем даволі нечаканыя вынікі. Гэтыя пераможцы — добрыя фехтавальшчыкі, але прагназаваць іх поспех сёлета было складана. Іх проста не было відаць раней. Нягледзячы на падобныя вынікі, я ўсё роўна лічу, што еўрапейскае фехтаванне сёння дамінуе ў свеце.

— Цім Мархаўс, ваш алімпійскі візаві, адзначыўся і тым, што паспеў каля Белага дома пафехтаваць з Баракам Абамам.

— Ён такі чалавек, пра якіх у Амерыцы кажуць: зрабіў сябе сам. Мархаўс — вельмі папулярны спартсмен у ЗША, цудоўна прапіярыў сябе, арганізуючы паказальныя турніры. І нават здымаецца ў глянцавых часопісах.

— У такім выпадку вы не шкадуеце, што нашы шаблісты рэдка з'яўляюцца на экранах тэлевізараў? Ці проста пальма першынства там у прадстаўнікоў гульнявых відаў спорту?

— Калі ты не становішся чэмпіёнам Алімпіяды, асаблівай папулярнасці ў нас мець не будзеш. Але гэта звязана і з тым, што вялікія спаборніцтвы па фехтаванні рэдка праводзяць у краіне. Тут павінна працаваць наша федэрацыя. Аднак на гэта яна не звяртае ўвагі. І ў нас няма той папулярызацыі, каб просты жыхар мог нешта даведацца пра наш від спорту.

— А якім чынам у будучыні павінна развіцца айчыннае фехтаванне?

— Галоўная праблема — недахоп дзіцячых спецыялістаў. Ёсць людзі, якія, сыходзячы з фехтавання, жадаюць застацца ў спорце, але гэта немагчыма. Яны не збіраюцца працаваць за такі малы заробак. А калі няма дзіцячых трэнераў, пра якое развіццё можна казаць? Не хапае і спецыялізаваных дзіцячых школ. У іншым выпадку было б больш магчымасцяў знаходзіць таленты, якія маглі б пасля фехтаваць на высокім узроўні.

— Яшчэ ў часы СССР наша рэспубліка славілася даволі добрым фехтаваннем. Тагачасных традыцый не хапае?

— А сістэма падрыхтоўкі ўжо іншая. І нельга гэта нават параўноўваць. У нашых вядомых фехтавальшчыкаў ёсць веды і значнасць, але яны самі не засталіся ў фехтаванні. Калі займаешся фехтаваннем, табе неабходны спарынг. Раней наш спорт развіваўся па ўсім Саюзе, ахвотных было шмат і магчымасцяў сапернічаць таксама хапала. Але зараз і з гэтым праблемы!

— Вы шмат часу праводзілі ў спаборніцтвах за мяжой. Цікава, а чый досвед найбольш прымальны для нашых шаблістаў?

— Нічый. Калі разглядаць каманды першага эшалону ў фехтаванні, узровень іх фінансавання нельга параўноўваць з нашым. Гэта іншыя ўмовы для дзіцячага і кадэцкага спорту, іншыя базы для падрыхтоўкі спартсменаў. Пераняць чужую сістэму не здолеем — не пацягнем.

— Атрымліваецца, вынік нашай зборнай дасягнуты насуперак усяму, што адбываецца ў нашым фехтаванні.

— Так, проста ёсць фанаты, некалькі чалавек, якія могуць ажыццявіць пэўныя задумы.

— Спартыўная кар'ера ідзе на спад. Што далей?

— Пакуль сапраўды не ведаю. Зраблю перапынак. Наогул мяне вельмі цікавіць мая сям'я. І ўсё, што я раблю, — раблю дзеля сям'і. Дзеці, дарэчы, таксама займаюцца спортам. Дачка Сафія ўжо чатыры гады ходзіць у секцыю плавання, а сына, Станіслава, хачу адвесці ў футбольную школу. Заняткі спортам неабходныя для здароўя.

Тарас ШЧЫРЫ.

←Судьба играет человеком

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика