Удар пад дых Івану Ціхану
Кідальнік молата Іван Ціхан не прыняў удзелу ў Алімпійскіх гульнях у Лондане: Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі была вымушана зняць спартсмена са спаборніцтваў па патрабаванні Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі (IAAF).
Пра гэта афіцыйна паведаміў віцэ-прэм’ер урада Беларусі Анатоль Тозік, які заўважыў, што ён не ведае, ужыванне якіх забароненых рэчываў інкрымінуецца атлету, паколькі пісьмовы спіс не быў прадстаўлены IAAF.
-- Федэрацыя лёгкай атлетыкі вымушана была зняць са спаборніцтваў выдатнага беларускага спартсмена Івана Ціхана. Гэта было зроблена па рашэнні Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Патрабаванне засноўвалася на паўторным аналізе пробы, якая была ўзята ў Ціхана восем гадоў таму на Алімпіядзе ў Афінах, -- патлумачыў Анатоль Тозік.
Нейкая сапраўды дзікая сітуацыя. Гаворка ідзе аб ускрыцці допінг-проб "В", якія захоўваюцца 8 гадоў і могуць быць пераправераны з выкарыстаннем новых методык выяўлення забароненых прэпаратаў. Адначасова, па словах Анатоля Тозіка, пробы, якія былі ўзятыя ў сувязі з Алімпіядай-2012, паказалі, што спартсмен "чысты".
Інфармацыя пра станоўчыя вынікі ўскрыцця допінг-пробы паступіла 29 ліпеня. У спартсмена запатрабавалі тлумачэнняў, аднак у яго ўжо проста не было часу сабраць неабходныя дакументы для таго, каб пацвердзіць сваю невінаватасць.
-- У любога чалавека і грамадзяніна ёсць права. Калі б спартсмену далі час на абарону сваёй пазіцыі, паведамілі аб усім за месяц, гэта яшчэ было б зразумела. Але калі гэта кажуць за дзень -- гэта адсутнасць правоў чалавека, этыкі, усяго чаго можна. Успамінаюць, што было восем гадоў таму. У такую сітуацыю цяпер можа патрапіць абсалютна любы спартсмен, -- адзначыў віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Сяргей Цяцерын. -- Хтосьці зрабіў так, каб гэта адбылося менавіта перад пачаткам спаборніцтваў лёгкаатлетаў на Алімпіядзе. Іван гатовы збіраць дакументы, змагацца за свае правы. Але немагчыма за два дні сабраць усю патрэбную інфармацыю, нават калі яна ёсць у наяўнасці.
Паводле яго слоў, у бліжэйшы час разбору палётаў не плануецца, а гэтым пытаннем будуць займацца пасля вяртання з Алімпіяды.
Нагадаем, што Іван Ціхан і яшчэ адзін беларускі кідальнік молата Вадзім Дзевятоўскі ўжо былі ў цэнтры допінгавага скандалу. Але па выніках допінг-проб, узятых у спартсменаў на Алімпіядзе ў Пекіне, калі беларусаў абвінавацілі ва ўжыванні забароненых прэпаратаў, Ціхану пагражала двухгадовая дыскваліфікацыя, а Дзевятоўскаму -- пажыццёвая, і спачатку ў іх нават адабралі алімпійскія медалі Пекіна. Аднак спартсмены звярнуліся ў Міжнародны арбітражны суд (CAS) у Лазане. Расследаванне справы доўжылася 19 месяцаў, і ў чэрвені 2010 года абвінавачанні ў адрас спартсменаў, звязаныя з ужываннем допінгу на Алімпіядзе-2008, былі зняты, а ўзнагароды вернуты. І вось цяпер на белы свет выцягнулі пробы ажно з Афінскай алімпіяды. Прычым, па неафіцыйнай інфармацыі, зноў размова ідзе пра двух беларускіх спартсменаў, якіх могуць пазбавіць алімпійскіх медалёў васьмігадовай даўніны. Па неафіцыйнай інфармацыі, другая ў спісе – кідальніца дыска Ірына Ятчанка, якая ў Афінах заваявала бронзу.
Гэта сітуацыя -- проста нейкі абсурд!