Ірына КУЛЕША: "На памосце старалася не звяртаць увагі на сваіх саперніц"

Источник материала:  

Ірына КУЛЕША:  "На памосце старалася не звяртаць увагі на сваіх саперніц"Поспех на цяжкаатлетычным памосце ўраджэнкі Брэсцкай вобласці Ірыны Кулешы на Алімпійскіх гульнях у Лондане можна назваць заканамерным і справядлівым. Бо выхаванка беларускай школы цяжкай атлетыкі ўжо даўно марыла ўзысці на п'едэстал і мела для гэтага ўсе шанцы. Аднак спартсменцы проста не шанцавала, аб чым сведчаць 4-ыя месцы на апошніх чэмпіянатах свету ў Парыжы і турэцкай Антальі, а таксама на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. І вось — бронзавы медаль у вагавой катэгорыі 75 кг. На твары атлеткі чытаецца бязмерная радасць.

— Ірына, ты ўжо паверыла, што калі вельмі-вельмі хацець, то мары збываюцца?

— Павінна ж прысутнічаць у жыцці кожнага спартсмена ўдача. Інакш можна расчаравацца і проста скіснуць.

— Можна сказаць, што на гэты раз табе проста пашчасціла. Бо ў вагавай катэгорыі да 75 кг заўсёды шмат прэтэндэнтак на ўзнагароды. Ды і цяпер цябе магла змясціць расіянка Надзея Яўсцюхіна, якая не змагла ўзяць заяўленую вагу ў рыўку — 125 кг?

— Ведаеце, у жыцці нельга спадзявацца, што, калі сапернікі выступяць удала, то ты застанешся па-за гульнёй, ці разлічваць, што яны ні на што не здольны. Відаць, так распарадзіўся лёс, што расіянка не змагла скласці канкурэнцыю ў гэты вечар. Не ў якасці апраўдання дадам, што ў выніковым пратаколе з сярэбраным медалём значыцца яшчэ адна прадстаўніца суседняй краіны — Надзея Забалотная. Дык вось яна ў нашу кампанію трапіла з-за таго, што ў Расіі раптам выбыла атлетка ў меншай вагавой катэгорыі. А атрыманую квоту на колькасць спартсменаў трэба было запаўняць. Вось так і атрымалася: адна не змагла, а другая скокнула вышэй галавы. Так што ўсё выйшла па справядлівасці.

— Цяжка ўявіць, колькі вам давялося перажыць, калі беларуску з п'едэстала гонару паспрабавала скінуць егіпцянка Абдэльрахман Абір...

— Калі яе трэнеры ў штуршку заявілі вагу ў 151 кг, я зразумела, што яны не тое што ідуць на нічым не апраўданую рызыку, а проста блефуюць. Урэшце, мне было ўсё роўна, як тусавалі карты саперніцы. У любым выпадку шчаслівы фініш залежыць толькі ад цябе. Таму на памосце я старалася на саперніц не звяртаць увагі. І, паказаўшы ў суме вынік у 269 кг, устанавіла рэкорд Беларусі, чаму бязмерна рада.

— Хто за цябе перажываў на радзіме? Хто дасылаў словы падтрымкі і аптымізму?

— Як заўсёды, самыя родныя і блізкія. Я нарадзілася і вырасла ў вялікай сям'і. Таму зараз мне хочацца адрасаваць словы ўдзячнасці не толькі сваім трэнерам, але і мужу, маме, братам, сёстрам, у тым ліку і стрыечным.

— Напэўна ты ведаеш, што на радзіме імкнуцца зрабіць нашу краіну больш спартыўнай. І Прэзідэнцкі спартыўны клуб за твае заслугі ў Лондане гатовы выдаткаваць 50 мільёнаў рублёў, якія ты можаш накіраваць у якую-небудзь спартыўную школу для яе падтрымкі...

— Вядома, у курсе, што ёсць спартыўны праект "Алімпійскі выбар". Таму гэтыя грошы я хачу накіраваць у спартыўную дзіцяча-юнацкую школу "Пушча", што ў горадзе Камянцы. Хачу, каб там выхоўваліся і раслі новыя таленты, якія на працягу многіх гадоў будуць праслаўляць нашу краіну на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню.

Уладзімір ЗДАНОВІЧ. Лондан.

←Татьяна Шаракова в омниуме после трех первых видов занимает 10-е место

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика