Магутная чацвёрка
На чэмпіянаце Еўропы па футболе вызначыліся ўсе паўфіналісты, і імі сталі сапраўды лепшыя зборныя старога свету.
Услед за перамогай Партугаліі над Чэхіяй Германія ўпэўнена перайграла Грэцыю — 4:2, Іспанія не пакінула шанцаў паўночным суседзям — французам — 2:0, а Італія ў напружанай барацьбе пераадолела Англію. Гэты матч стаў сапраўдным упрыгажэннем чвэрцьфіналаў і сабраў на кіеўскім стадыёне "Алімпійскі" 64 тысячы гледачоў. Асноўны час паядынку скончыўся безгалявой нічыёй, у дадатковы час футбалісты таксама згулялі без галоў. І толькі ў серыі пенальці апенінцы перайгралі падапечных Роя Ходжсана — 4:2.
— Пасля гульні патэлефанаваў прэзідэнт Італіі Джорджа Напалітана і павіншаваў нас, — прызнаўся пасля гульні Чэзарэ Прандэлі, трэнер зборнай Італіі. — Нам было вельмі прыемна. Цудоўна, што выйшлі ў паўфінал, але цяпер трэба рыхтавацца да матча з Германіяй.
Супраць хлопцаў Ёахіма Лёва "скуадра адзура" згуляе 28 чэрвеня на "Данбас-Арэне", што ў Данецку. А 27-га яшчэ другога фіналіста ў Варшаве вызначаць будуць партугальцы і іспанцы.
Тарас ШЧЫРЫ.