Крышачку грэчаскага шчасця
Упартыя эліны і хітрыя чэхі, фіяска двух трэнераў галандцаў і вікторыя двух партугальцаў. Чэмпіянат Еўропы па футболе заўзята раздае квіткі ў чвэрцьфінал і не менш актыўна адпраўляе няўдачнікаў дадому.
Яшчэ напярэдадні Еўра-2012 расійская журналісты і заўзятары прадказвалі выхад расіян у чвэрцьфінал кантынентальнага першынства. Аднак "настрадамусы" з іх атрымаліся нікчэмныя. Толькі ў лёсаванні фартуна сапраўды падыграла рускім. Польшча, Грэцыя, Чэхія — каманды цудоўныя, але не з шэрагу еўрапейскіх футбольных монстраў. Але словы разышліся з дзеяннямі, як мячы з варотамі. Варшава развіталася не толькі з футбалістамі, але з 20-тысячным балельшчыцкім "войскам" Расіі. Польскія прыбіральшчыцы ўздыхнуць з палёгкай, а вось прадаўцы засумуюць. Столькі піва яны, напэўна, даўно не прадавалі.
У заключным матчы групавога этапа расіянам хапіла б і нічыёй з грэкамі, падапечнымі партугальца Фернанду Сантуша. І на яе яны не нагулялі. Напрыканцы першай паловы Гіоргіяс Карагуніс моцным ударам перайграў Малафеева. 0:1 — лік, які так і не змяніўся на табло да канца матча.
— Гэта чараўніцтва, неверагодная ноч для ўсёй Грэцыі, — у радасных пачуццях прызнаўся Карагуніс. — Мы гулялі з вельмі добрай камандай, для перамогі над якой патрэбна было крышачку шчасця. І мы яго атрымалі.
— Расцэньваю паражэнне ад грэкаў як правал і ганьбу, — рэзка пракаментаваў фіяска зборнай Васіль Уткін, той самы футбольны каментатар. — Дзік Адвакат кіруе камандай з такой упэўненасцю, як дзесяцікласніца ўпершыню сядае за руль "жыгулёў". Найперш гэта трэнерскі правал і трэнерская ганьба.
Акрамя грэкаў далей з квартэта А прайшлі чэхі, якія перайгралі палякаў (1:0). Адметна, што пасля разгромнага паражэння ад расіян многія спісалі Чэхію з прэтэндэнтаў у барацьбе за чвэрцьфінал. Акрамя футбалістаў, якія да апошняга змагаліся за перамогу.
Яшчэ адна зборная-расчараванне — Галандыя. Ар'ен Рабэн, Рафаэль ван дэр Варт, Робін ван Персі, Уэслі Снайдэр — сапраўдныя футбольныя пярліны, мець якія не супраць любая каманда. Толькі гульні галандцаў зорны бляск імёнаў ачкоў не дадаў. Наадварот. Каманда не здолела прадэманстраваць цэласную, стабільную камандную гульню. Заключны групавы матч супраць партугальцаў не стаў выключэннем з галандскай традыцыі апошняга тыдня. У трэнерскай дуэлі Паўлу Бенту перайграў Берта ван Марвіка, і аранжавыя пакідаюць чэмпіянат — 2:1. Прычыны? Пасля гульні з пірэнейцамі Ар'ен Рабэн агучыў, што унутры каманды нешта адбылося, але гэта павінна застацца паміж гульцамі. Вось такая гісторыя, працяг якой яшчэ будзе.
Дарэчы, кампанію ў чвэрцьфінале партугальцам з групы В складуць немцы, якія перамаглі датчан з такім жа лікам — 2:1.
Тарас ШЧЫРЫ.