Еўра-2012: футбол, палітыка і піва

Источник материала:  

Еўра-2012: футбол, палітыка і піваУсё. Украінскія "вбулевальнікі" і польскія "кібіцы" нарэшце могуць выдыхнуць з палёгкай, узяць з халадзільніка бутэльку піва і ўключыць сваю тэлескрыню з гукам на максімум. І няхай старая Алеся ці Агнэшка апантана б'е ў батарэі. Будзе марна. Заўтра дзень, калі заўзятарам можна будзе дараваць амаль усё. У Варшаве распачынаецца 14-ы чэмпіянат Еўропы па футболе.

Я заўжды любіў Еўра. Што казаць, маё дзяцінства можна вымяраць не асобнымі гадамі, а перыядамі паміж кантынентальнымі чэмпіянатамі. Яны нібы прыватны архіў, што захоўваецца ў маёй свядомасці, куды ў любы момант можна звярнуцца па інфармацыю, якая ніколі не знікне з памяці. У 96-м, напярэдадні чэмпіянату Еўропы ў Англіі дзякуючы дзеду Эдзіку, які падарыў мне альбом з налепкамі, я ўпершыню даведаўся пра фенаменальных харватаў у "шашачнай" форме (Алена Бокшыча, Давара Шукера і барадача Званіміра Бобана), убачыў "карпацкага Марадону" (румына Георге Хаджы) і "аранжавага" галандца Патрыка Клюйверта. У 2000-м назіраў на бабулінай кватэры са сціснутымі кулакамі за феерыяй французаў, якія ў фінале паказалі дулю італьянцам. 2004-ы нарадзіў футбольны феномен Грэцыі, а 2008 — гэта дзіўная зборная Расіі і Галандыя, якую "братушкі" перамаглі з суправаджэннем радаснага каментатара Георгія Чарданцава. Беларусы радаваліся за рускіх, пілі за здароўе Гуса Хідзінка, я шчыра тапіў у бакале крыўду за ўлюбёных галандцаў, а дзесьці пад Новасібірскам нарадзіўся хлопчык, запісаны ў метрыцы Гусам Яўгенавічам. Так-так, суровых сібірскіх мужыкоў таксама часам цягне на лірыку...

Чарговы чэмпіянат Еўропы Украіны і Польшчы — стапрацэнтны атракцыён на трываласць. Столькі плётак, скандалаў, "вутак" пра перанос, байкот першынства я не чуў ніколі ад свайго нараджэння. Калі яшчэ застаўся нехта, хто лічыць, што быццам спорт па-за палітыкай, то месца яму сярод утапістаў-аптымістаў. Палітыка ўкараняецца дзесьці на падсвядомым узроўні і ў пэўны момант эгаістычна нагадвае пра мінулыя крыўды. Прыгожа казаць можна пра што заўгодна, але наўрад ці артадокс-серб будзе шчыра ціснуць руку касавару. Гэта рэчаіснасць, жыццё, якое расстаўляе прыярытэты часам так, што дзядуля Кубертэн, на жаль, са сваёй этыкай курыць убаку. Я не спецыяліст па гісторыі Украіны, але ўпэўнены: адбіраць Еўра ў тых, каму самі яго калісьці падарылі, як любімую цацку ў дзіцяці, негуманна, не па-даросламу, нелагічна. Асабліва ў тым выпадку, калі ад адмовы адным, пакутаваць будуць і іншыя. Але дзякуй. Усё абышлося.

Чарговы чэмпіянат Еўропы — водар Балтыкі на вуснах і шахцёрскі пейзаж Данбаса. Так, гэта той выпадак, калі геаграфію можна вывучаць па футболе і стадыёнах, дзяржаўных гімнах і нацыянальных сцягах.

У чарговы раз на футбольным "Еўрабачанні" не знайшлося месца беларусам. І гэта ўжо той выпадак, калі крыўдзіцца можна толькі на сябе. Аднак памятаеце, што ў такім выпадку любіў паўтараць Бернд Штанге, экс-трэнер нашай зборнай? Не, не нервовае ў стылі "ва ўсім вінаваты зладзеі-балканцы". Чалавек ён хоць "гэдээраўскага" гарту, але пазітыўны, таму не плакаў, а казаў: "Аптымізмус!". Карацей, вось ён рэцэпт, з якім будзе і хлеб, і ежа. А колькі з усяго гэтага будзе, праверым праз чатыры гады.

А яшчэ Еўра — гэта шмат размаляваных у вясёлкавыя колеры фанатаў, шмат драйву, прыгожых дзяўчат і горы пустых піўных бляшанак. Але галоўнае — цудоўны, эстэтычны футбол. Яго будзе так шмат, што хопіць на год наперад. Таму рыхтуйцеся, уладкоўвайцеся ў крэслах, чакайце, кажыце каханым, што футбол — гэта і тэатр, і кіно, без якога жыццё што зямля без сонца — нішто. І будзе тады вам футбольнае шчасце. Абяцаю.

Тарас ШЧЫРЫ. 

Да ўвагі

У групавым раўндзе 16 зборных падзялілі на 4 групы. З кожнага квартэта ў чвэрцьфінале выйдуць па дзве лепшыя каманды. Група "А": Польшча, Расія, Грэцыя, Чэхія.

Група "В": Галандыя, Германія, Партугалія, Данія. Група "С": Іспанія, Італія, Харватыя, Ірландыя. Група "D": Украіна, Англія, Швецыя, Францыя.

8-га чэрвеня Група А -19:00 Польшча — Грэцыя (Варшава) Група А — 21:45 Расія — Чэхія (Уроцлаў) 

9-га чэрвеня, субота Група В — 19:00 Галандыя — Данія (Харкаў)Група В — 21:45 Германія — Партугалія (Львоў) 

10-га чэрвеня, нядзеля Группа С — 19:00 Іспанія — Італія (Гданьск) Группа С — 21:45 Ірландыя — Харватыя (Познань)

11-га чэрвеня, панядзелакГрупа D — 19:00 Францыя — Англія (Данецк)Група D — 21:45 Украіна — Швецыя (Кіеў) 

12-га чэрвеня, аўторакГрупа А — 19:00 Грэцыя — Чэхія (Уроцлаў)Група А — 21:45 Польшча — Расія (Варшава) 

13-га чэрвеня, серадаГрупа B — 19:00 Данія — Партугалія (Львоў)Група B — 21:45 Галандыя — Германія (Харкаў) 

14-га чэрвеня, чацверГрупа C — 19:00 Італія — Харватыя (Познань)Група C — 21:45 Іспанія — Ірландыя (Гданьск) 

15-га чэрвеня, пятніцаГрупа D — 19:00 Швецыя — Англія (Кіеў)Група D — 21:45 Украіна — Францыя (Данецк) 

16-га чэрвеня, суботаГрупа А — 21:45 Грэцыя — Расія (Варшава)Група А — 21:45 Чэхія — Польшча (Уроцлаў) 

17-га чэрвеня, нядзеляГрупа B — 21:45 Партугалія — Галандыя (Харкаў)Група B — 21:45 Данія — Германія (Львоў) 

18-га чэрвеня, панядзелакГрупа C — 21:45 Харватыя — Іспанія (Гданьск)Група C — 21:45 Італія — Ірландыя (Познань) 

19-га чэрвеня, аўторакГрупа D — 21:45 Швецыя — Францыя (Кіеў)Група D — 21: 45 Англія — Украіна (Данецк) 

 

←Пять новостей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика