СКА Спартака Мірановіча заваяваў Кубак Беларусі па гандболе
У заключным паядынку "вайскоўцы" нечакана перайгралі гаспадароў "Фіналу чатырох" — брэсцкі БГК імя Мяшкова.
Гэтым разам галоўны матч застаўся без чэмпіёна краіны, мінскага "Дынама". Яшчэ ў паўфінале хлопцы Сяргея Бябешкі саступілі свайму заўзятаму суперніку — БГК (26:27), а СКА на гэтай стадыі пераадолеў "Гомель" — 45:26. Зразумела, што брэсцкія балельшчыкі чакалі ад любімцаў толькі "вікторыі", але склалася ўсё па-іншаму, сенсацыйна.
Каманда Спартака Мірановіча здолела стрымаць моцнага апанента і ў выніку перамагла з перавагай у адзін мяч — 31:30.
— Вельмі задаволеныя, што атрымалася перамагчы ў фінале, — прызнаўся пасля гульні Спартак Мірановіч. — Мы былі сёння мацней за БГК, хоць яго гульцы магутней і больш вядомыя. Але, відаць, у нас было больш жадання перамагчы.
На трэцяй пазіцыі апынуліся "дынамаўцы". Лепшым бамбардзірам "Фіналу чатырох" стаў гандбаліст СКА Эдуард Стралец, які закінуў 13 мячоў. У выніку спаборніцтваў СКА атрымаў пуцёўку ў Кубак ЕГФ, другі па значнасці еўрапейскі клубны турнір, а БГК імя Мяшкова прыме ўдзел у Кубку выкліку.