Андрэя Касціцына вывелі са складу "Нэшвіла"
Дзіўны інцыдэнт здарыўся ў Амерыцы з беларускім нападаючым і яго аднаклубнікам, расіянінам Аляксандрам Радулавым. Як паведаміў афіцыйны сайт "Нэшвіла", адных з лідараў пакінулі па-за складам каманды напярэдадні трэцяй гульні серыі 1/4 фіналу Кубка Стэнлі з "Фініксам". Адметна, што хакеісты не маюць пашкоджанняў і прырода гэтага рашэння іншая. Шэраг паўночнаамерыканскіх СМІ сцвярджае, што хакеісты парушылі "каменданцкі час".
— "Нэшвіл Прэдатарз" мае колькі простых правілаў, якія трэба выконваць, — адзначыў генеральны менеджар клуба Дэвід Пойл, каманда якога пакуль саступае ў серыі "Фініксу". — Мы заўжды дзейнічаем згодна з камандным менталітэтам і філасофіяй. Парушэнне камандных правілаў несправядлівае ў дачыненні да нашай каманды і аднаклубнікаў.
— Разумею, у чым памыліўся, і вельмі спадзяюся, што каманда ад гэтага не пацерпіць, — прызнаўся Радулаў. — Калі ў мяне ў будучыні яшчэ будзе шанц выйсці на лёд, зраблю ўсё дзеля перамогі.
Андрэй Касціцын, які ў цяперашнім плэй-оф правёў 7 матчаў і забіў 3 шайбы, ад каментарыяў адмовіўся. Затое вядомы амерыканскі хакеіст, уладальнік Кубка Стэнлі Майк Мадана выказаўся па гэтым пытанні коратка, але эмацыйна:
— Радулаў і Касціцын, у вас ёсць усё лета на тое, каб піць і весяліцца! Я ўпэўнены, вашы таварышы па камандзе ў захапленні, — адзначыў у сваім твітары Мадана.
Тарас ШЧЫРЫ.