БАТЭ прайграў другі запар афіцыйны матч сезона
У выхадныя стартаваў 22-гі чэмпіянат Беларусі па футболе. Галоўнай інтрыгай першага тура быў матч паміж чэмпіёнам, барысаўскім БАТЭ і сталічным "Мінскам". У першым афіцыйным матчы сезона (а ён адбыўся 6 сакавіка за Суперкубак з "Гомелем") барысаўчане, як вядома, саступілі. Цікавасці паядынку дадавала і яшчэ адна дэталь: у гэтым сезоне трэнерскі штаб "Мінска" ўзначальвае былы трэнер БАТЭ Вадзім Скрыпчанка. І ў супрацьстаянні са сваім былым кіраўніком Віктарам Ганчарэнкам Скрыпчанка на гэты раз узяў верх. БАТЭ не здолеў распячатаць вароты суперніка, нягледзячы на тое, што валодаў перавагай, а "Мінск" толькі адказваў контратакамі. На 45-й хвіліне Рэнан Брэсан не рэалізаваў пенальці, прабіўшы міма варот. А вось на 76-й хвіліне капітан мінчан Андрэй Разін забіў адзіны гол у матчы — 1:0 на карысць гаспадароў.
Другі пройгрыш у сезоне пракаментаваў Віктар Ганчарэнка:
<І>— Футбол складаецца з тысячы дробязяў, і не толькі на футбольным полі, але і за яго межамі, у якіх мы зараз саступаем. І той жа забіты пенальці, які, вядома, не дробязь, але мае значэнне для выніку. Сёння мы прайгралі і выглядалі дрэнна. Але ў нас ёсць вялізны рэсурс, якім неабходна распараджацца.
Яшчэ адзін матч, які выклікаў вялікую цікавасць, — гэта паядынак бронзавага прызёра леташняга першынства і ўладальніка Суперкубка "Гомеля" з заўсёды амбіцыйным мінскім "Дынама". Але наўрад ці гульня апраўдала спадзяванні тысяч балельшчыкаў клубаў — 0:0 і "вясенні футбол" у якасці асноўнай характарыстыкі гэтай сустрэчы.
Калі ў паўднёвым Гомелі падчас матча ішоў дождж, які ператвараў газон у балота, то ў паўночным Наваполацку, дзе мясцовы "Нафтан" прымаў "Шахцёр", ішоў снег. Каманды таксама мучыліся спачатку на снезе, затым — у гразі. Але насуперак надвор'ю сустрэча выйшла выніковай — 1:2 на карысць гарнякоў.
Мазырская "Славія" ўвогуле не змагла на хатнім стадыёне прыняць суперніка і рабіла гэта ў Хойніках. "Нёман" аказаўся мацнейшым — 3:1. З такім жа лікам "Белшына" перайграла "Брэст".
Дарэчы, сёлетні чэмпіянат упершыню праходзіць з генеральным спонсарам. Ім за дзень да старту першынства стаў "Альфа-банк". Прадстаўляючы тытульнага спонсара, кіраўнік федэрацыі футбола Сяргей Румас адзначыў, што леташні чэмпіянат праходзіў з шэрагам недахопаў, прычым адным з іх былі судзейскія памылкі. Але сёлета федэрацыя пастараецца зрабіць так, каб ніхто не абвінавачваў беларускі чэмпіянат у несумленнай гульні.
— Мы выдатна ведаем, як шмат яшчэ трэба зрабіць, каб беларускі футбол стаў камерцыйным прадуктам, і будзем трымаць на кантролі ўсе пытанні, — падвёў вынік Сяргей Румас.
Тым часам Зборную па міні-футболе разграмілі партугальцы Зборная Беларусі па міні-футболе крайне няўдала правяла свой першы матч плэй-оф за выхад у фінальную стадыю чэмпіянату свету, якая адбудзецца ў пачатку лістапада ў Тайландзе. На "Мінск-Арэне" падапечныя Валерыя Дасько саступілі з разгромным лікам 1:7 партугальцам. Першы мяч беларусы прапусцілі ўжо на другой хвіліне, праўда, амаль адразу лік зраўнялі. Але гэта быў першы і апошні гол гаспадароў. Далей забівалі толькі госці. Сустрэча ў адказ пройдзе 10 красавіка. У Тайланд трапяць пяць лепшых еўрапейскіх зборных. Усяго ж у фінальнай стадыі выступяць 24 наймацнейшыя зборныя планеты.Алена АЎЧЫННІКАВА