Каля 70 гімнастак прыедуць у Мінск на турнір Марыны Лобач
Марына Лобач з гімнасткамі Аленай Балоцінай і Марыяй Кадобінай. Фота БЕЛТА.У выхадныя Мінск у 11-ты раз прымае Міжнародны турнір БФСТ "Дынама" па мастацкай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач. На ім выступіць каля 70 удзельніц з дзесяці краін Еўропы: Турцыі, Казахстана, Венгрыі, Балгарыі, Ізраіля, Літвы, Малдовы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі. Галоўным суддзёй спаборніцтваў па традыцыі стане сама Марына. Алімпійская чэмпіёнка расказала, чаму з года ў год гімнасткі высокага ўзроўню прыязджаюць на турнір у Мінск:
— Адзінаццаць гадоў гэтыя спаборніцтвы для юных гімнастак праходзяць у Мінску. Ва ўсім свеце турніраў для юніёрак вельмі мала. Гімнасткі, якія вядуць падрыхтоўку да чэмпіянату Еўропы (а ён пройдзе ў канцы мая ў Ніжнім Ноўгарадзе) прыедуць у Мінск, каб праверыць сваю праграму і гатоўнасць. Многія краіны сталі пастаяннымі ўдзельнікамі нашага турніру — гэта прыгожыя, добрыя спаборніцтвы. І я ўдзячная арганізатарам за іх старанні, бо ведаю, наколькі цяжка ўсё правесці на такой высокай ноце, каб пра гэта потым казалі ва ўсім гімнастычным свеце.
Адным з арганізатараў спаборніцтваў з'яўляецца Нацыянальны алімпійскі камітэт. Генеральны сакратар НАК Георгій Катулін прызнаўся, што алімпійскі камітэт з задавальненнем праводзіць турнір, бо мастацкая гімнастыка ўваходзіць у пяцёрку вядучых відаў спорту краіны дзякуючы вынікам на Алімпійскіх гульнях. Ён падкрэсліў, што гімнасткі заваявалі максімальную колькасць ліцэнзій у Лондан і ад іх чакаюць паўтарэння поспеху пекінскай Алімпіяды.
Ксенія Голуб, памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, расказала, што большасць удзельніц турніру не застанецца без падарункаў і ўзнагарод:
— Турнір Марыны Лобач — адзін з нашых любімых, і мы не ўтойваем гэтага. Прэзідэнцкі спартыўны клуб падтрымлівае яго з часу свайго стварэння. Шмат змянілася за гэты час, спаборніцтвы пераехалі з дынамаўскай залы ў Палац спорту. Цяпер гэта спаборніцтвы высокага ўзроўню, і ўсіх удзельніц мы не пакінем без падарункаў. Асобныя прызы атрымаюць пераможцы.
Турнір пройдзе ў індывідуальных практыкаваннях у трох узроставых групах: 1-я — дзяўчаты 1997 г.н. , 2-я — гімнасткі 1998 г.н., 3-я — дзяўчаты 1999 г.н. Будуць вызначаны пераможцы і ў асобных намінацыях: "Глядацкія сімпатыі", "Усмешка", "Грацыя", "Элегантнасць", "Натхненне", "Надзея", "Віртуознасць", "За волю да перамогі", "За арыгінальнасць". І "Міс турніру". Спаборніцтвы пачнуцца ў сталічным Палацы спорту ў суботу, 24 сакавіка, а 13 гадзіне цырымоніяй адкрыцця. У нядзелю гімнасткі выйдуць на дыван у 11 гадзін, а завершыцца турнір паказальнымі выступленнямі (у 18.20) і цырымоніяй узнагароджання пераможцаў (18.40). Уваход у Палац спорту вольны.
Алена АЎЧЫННІКАВА.