Георгій Кандрацьеў: "Я пастараюся, каб каманда гуляла ў больш агрэсіўны футбол"

Источник материала:  

29 лютага нацыянальная зборная па футболе адкрые новы сезон таварыскім матчам супраць Малдовы. На трэнерскай пасадзе ў гэтым паядынку дэбютуе Георгій Кандрацьеў. На наступны дзень, 1 сакавіка, алімпійская зборная пад кіраўніцтвам таго ж Кандрацьева правядзе таварыскі матч у межах падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў супраць клуба 1-й расійскай лігі "Урал" (Екацярынбург). Матчы пройдуць у Турцыі. Галоўны трэнер расказаў, чаму замест партугальцаў, грэкаў і ірландцаў мы гуляем з малдаванамі, а таксама чаму гуляць супраць клуба нічым не горш, чым супраць зборнай.

— Георгій Пятровіч, гэта першы ваш матч на пасадзе трэнера нацыянальнай зборнай. Якія мэты ў ім ставіце?

— Я неаднойчы паўтараў, што ў любым матчы наша мэта — перамагчы. Гэтая гульня не выключэнне. Хачу паглядзець усіх гульцоў. І кожнаму скажу, што толькі той, хто імкнецца да высокіх вынікаў і перамог, дастойны гуляць у зборнай. Мая пазіцыя — прахадных матчаў за нацыянальную зборную быць не павінна. Усе гульцы павінны пранікнуцца гэтай ідэяй.

— Карніленка, Цігараў, Жаўнерчык выпалі з абоймы зборнай. Раскажыце, чаму?

— Карніленка траўмаваны, ён праходзіць абследаванне ў Германіі. Цігараў на рэабілітацыі ў Італіі. Жаўнерчык жывы-здаровы. Ён патэлефанаваў і папрасіў, каб на гэты збор я яго не выклікаў. 3 сакавіка яго клуб гуляе ў Маскве супраць "Лакаматыва". Ён — жалезны гулец асноўнага складу — баіцца, што адлучэнне ў зборную перашкодзіць яму пачаць сезон у асноўным складзе. Мы пайшлі яму насустрач, бо не так шмат у нас гульцоў асноўнага складу клубаў расійскай прэм'ер-лігі.

— Ці зможа Брэсан дэбютаваць за зборную ў гэтым матчы?

— Брэсан будзе гуляць. Мы атрымалі дазвол, і ніякіх забарон няма. Я гэтаму вельмі рады.

— У асноўным складзе?

— Хутчэй за ўсё, так. Але зараз шмат тэлефанаванняў па траўмах. Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра.

— Некаторыя балельшчыкі супраць таго, каб Брэсан гуляў за зборную. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Я не разумею, чаму людзі супраць. У нас не так шмат гульцоў узроўню нацыянальнай зборнай. Тым больш што Брэсан вывучыў мову, хоча гуляць за зборную. Замежнікаў не павінна быць шмат, але адзін-два — чаму б і не? За зборную Германіі гуляюць замежнікі, туркі тыя ж, чаму нашы балельшчыкі супраць?

— Каго нагадвае асабіста вам Брэсан па стылі з легендарнага "Дынама" чэмпіёнскага ўзору 1982 года?

— Напэўна, Юру Пудышава. Рэнан — плэймейкер, як і Юра. Такі ж разумны гулец, як Юра. Штосьці агульнае ў іх ёсць.

— Наколькі наша зборная будзе адрознівацца ад таго ўзору, які быў пры Штанге?

— На гэтым зборы — не моцна. А пасля — паглядзім, хто будзе добра выглядаць. Што датычыць манеры гульні, то я пастараюся, каб каманда гуляла ў больш агрэсіўны футбол, больш была нацэлена на вароты суперніка. Усё ж такі бясконцыя перапасоўкі ў цэнтры поля да дабра не прыводзяць. Як правіла, усё заканчваецца недакладным пасам, атакай у адказ на нашы вароты і небяспечным момантам каля нашых варот. Найперш нам трэба памяняць псіхалогію хлопцаў, каб яны гулялі ў больш востры футбол, нацэлены на вароты, а не проста кантралявалі мяч.

— Як збіраецеся вырашаць праблему з нападаючымі?

— Адна з "хвароб" нашага футбола — адсутнасць нападаючых высокага ўзроўню. Плакацца з гэтай нагоды не трэба. Трэба перастройваць гульню, шукаць іншыя варыянты ўзмацнення гульні ў атацы.

— Віталь Радзівонаў згуляе ў матчы?

— Я лічу, што яму яшчэ рана. Не будзем рызыкаваць яго здароўем. Ён спатрэбіцца яшчэ і нам, і БАТЭ.

— Тады выбар у нападзенні зусім невялікі...

— "Рома" гуляла два гады без нападаючых... Я галаву попелам не пасыпаю, знойдзем штосьці, прыдумаем...

— Раней у Турцыі зборная жыла ў гасцініцы "Каліста" і гуляла на стадыёне "Атацюрк". Зараз абраны іншыя варыянты...

— Так выпадкова атрымалася, бо новыя людзі займаліся гэтым пытаннем. Нас задавальняла і "Каліста", і "Атацюрк". Зараз згуляем на "Мардане", ён таксама нам знаёмы.

— Тыя ж малдаване зараз праінфармавалі, што будуць гуляць з партугальцамі. Чаму наша зборная адмовілася гуляць з грэкамі і ірландцамі?

— Мы не адмаўляліся. З Ірландыяй і Партугаліяй мы пагадзіліся гуляць. Яны самі адмовіліся. Ведаеце, як пачынаюцца гэтыя перапіскі? Прыходзіць прапанова: "Жадаеце згуляць?" Мы адказваем: "Так". Пачынаецца перапіска, удакладненні. Ірландцы папрасілі грошы. Мы адказалі, што падумаем. У выніку яны даслалі адказ, што гуляць з намі не будуць. Партугальцы даслалі прапанову, мы пагадзіліся. Літаральна праз два дні яны напісалі: "Прабачце, мы гуляць з вамі не будзем".

— На якой пазіцыі згуляе Трубіла?

— Трубіла выйдзе, хутчэй за ўсё, на замену. Ён 27-га гуляе ў клубе, а ў ноч напярэдадні гульні прылятае ў зборную. Гэта прыклад таго, як гулец імкнецца выступаць за зборную. Я казаў яму: "Калі хочаш, можаш не прыязджаць. Ён настойваў: "У зборную паеду". Згуляе ў абароне злева, але не шмат часу.

— На першым зборы навічкі, па традыцыі Штанге, будуць спяваць?

— Абавязкова. Я абяцаў, што гэтую традыцыю не будзем мяняць.

— А вы, Георгій Пятровіч?

— На трэнерскі штаб гэта не распаўсюджваецца. Хоць нейкая прывілеі ў нас, людзей ва ўзросце, павінны ж быць...

— Як ставіцеся да таго, што алімпійская зборная гуляе не са зборнай, а з клубам?

— Нармальна. Зараз не так важна, які статус у каманды. "Урал" — добры клуб. Я глядзеў, калі яны гулялі ў фінале з "Шыннікам". Нам будзе цікава згуляць, тым больш што яны сур'ёзна рыхтуюцца.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Пятерка лидеров открытого чемпионата Беларуси по хоккею одержала победы в предпоследнем туре

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика