Дар'я Домрачава трэцяя ў спрынце і гонцы пераследавання
У выхадныя ў фінскім Канціялахці на апошнім перад чэмпіянатам свету этапе Кубка свету па біятлоне Дар'я Домрачава зноў двойчы падымалася на п'едэстал. У спрынтарскай гонцы беларуска заняла 3-е месца. Няўдала адстраляўшыся на першым агнявым рубяжы, яна ўдала правяла стральбу стоячы і ў выніку прайграла 17 секундаў Магдалене Нойнер і 12 секундаў — Кайсе Макарайнен.
У гонцы пераследавання на наступны дзень на першай стральбе ў Дар'і зноў было два промахі. Гэта адкінула беларуску на 5-ю пазіцыю (адставанне ад Нойнер — 1 хвіліна 6 секундаў). Падчас другой стральбы — ніводнага промаху, затое падчас трэцяй — зноў два. На чацвёртай стральбе лідары Нойнер і Макарайнен пачалі страляць амаль адначасова: фінка закрыла ўсе мішэні і паімчала да перамогі, а ў Нойнер — два промахі. У Домрачавай з'явілася выдатная магчымасць змагацца за другое месца. І Дар'я закрыла ўсе мішэні! Нойнер, якая ўсё ж выйшла пасля штрафных кругоў на дыстанцыю другой, мела невялікую перавагу — усяго 6 секундаў над Дар'яй. Дар'я адразу абагнала расіянку Зайцаву і павяла барацьбу з Нойнер за другое месца. Аднак Нойнер не здавалася, і Домрачава, якая шмат сіл патраціла на тое, каб дагнаць немку, прайграла на фінішы ўсяго секунду, стаўшы трэцяй.
Гэта восьмае запар прызавое месца ў гонках этапаў Кубку свету для нашай біятланісткі. Па хуткасці на дыстанцыі Домрачавай таксама не было роўных. Яна апярэдзіла Нойнер на 18 секундаў. Пакуль у Кубку свету наступіў перапынак. Праз тры тыдні ў Германіі стартуе чэмпіянат свету.
Алена АЎЧЫННІКАВА.