Вілейскія спартсмены набіраліся вопыту
Спартакіяду Мінскай вобласці па плаванні сярод спартыўных школ 26-28 кастрычніка прымаў цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы “Сатурн”.
Удзельнічалі каля 110 спартсменаў: юнакі 1996-1997 гадоў нараджэння і дзяўчаты 1998-1999 гадоў нараджэння – сем каманд з Маладзечна, Слуцка, Салігорска, Барысава, Мінска і Вілейкі. Праўда, віляйчане спаборнічалі толькі ў асабістым заліку. Як патлумачыў дырэктар цэнтра Віталь Вайда, большасць вілейскіх спартсменаў былі гады на два маладзейшыя за сваіх сапернікаў.
– На трэніроўках нашы хлопцы і дзяўчаты атрымоўваюць дастатковую нагрузку. А вось вопыту спаборніцтваў ім не хапае. Дзеля гэтага яны і ўдзельнічалі ў заплывах для старэйшага ўзросту, – патлумачыў Віталь Вайда.
Праграма спаборніцтваў уключала заплывы на 50-800 метраў усімі стылямі плавання і дзве эстафеты – вольным стылем і камбінаваную.
Пасля першага дня лідзіравала каманда маладзечанскай КДЮСШ прафсаюзаў. Яна і перамагла ў агульнакамандным заліку. Другое месца занялі прадстаўнікі салігорскай СДЮШАР, трэцяе – спартсмены са Слуцка.
Сярод віляйчан вызначылася Анастасія Трусевіч, якая заняла трэцяе ў плаванні на 100 метраў батэрфляем. Вікторыя Журык у плаванні 200 метраў на спіне выканала нарматыў другога дарослага разраду. Трэніруе дзяўчат Яўгенія Асмалоўская.
Святлана ЦІШКО.