Стартаваў чэмпіянат па хакеі сярод аматарскіх каманд
21 верасня на арэне хакейнага клуба "Юнацтва" стартаваў 11-ты чэмпіянат Мінска па хакеі з шайбай сярод аматарскіх каманд, арганізатарам якога з'яўляецца Прэзідэнцкі спартыўны клуб.
17 шайб было закінута з матчы-адкрыцці паміж прынцыповымі супернікамі — пераможцам мінулага чэмпіянату камандай "Рубеж" і сярэбраным прызёрам гэтага чэмпіянату камандай "Будаўнік". Пяціразовы чэмпіён "Рубеж" перамог з лікам 10:7.
У складзе каманды-чэмпіёна асабліва вызначыўся Алег Антоненка, які на пару з Андрэем Асташэвічам закінуў тры шайбы і двойчы асісціраваў партнёрам.
У вышэйшай лізе сёлета прымуць удзел 13 каманд, якія выступаюць у турніры на працягу некалькіх апошніх гадоў: акрамя "Рубяжа" і "Будаўніка", гэта "МТМ", "Сталіца", "Характар", "Атлант", "МІФ", "Ва-банк", "Спорт-Люкс", "Мікст", "Лядовыя львы", "Мінскія маланкі" і "Вікінг". Матчы спаборніцтваў будуць праходзіць на чатырох лядовых пляцоўках: у Палацы спорту, на арэне хакейнага клуба "Юнацтва-Мінск", у Лядовым палацы і на малой арэне Палаца спорту.
Алена КРАВЕЦ.