Легіянер БАТЭ Мацея Кежман: "Кожны матч як вайна"
Зусім нечакана ў барысаўскім БАТЭ з'явіўся новы гулец з гучным імем. 31 жніўня беларускі чэмпіён падпісаў кантракт з 32-гадовым сербам Мацея Кежманам. Гэта адзін з наймацнейшых футбалістаў Сербіі, які мае ў сваёй кар'еры шмат гучных тытулаў: чэмпіён Югаславіі, Галандыі, Англіі і Турцыі. Ён гуляў за вядомыя клубы Еўропы, сярод якіх "Чэлсі", ПСВ, ПСЖ і нават піцерскі "Зеніт". Трансфер футбаліста, які апошнім часам выступаў у Ганконгу, быў атрыманы літаральна на працягу сутак, і кантракт падпісаны на год.
Пра гульца вядома, што ён праваслаўны вернік, мае сям'ю, у якой выхоўвае трое дзяцей. Імёны дзяцей — Аляксандры, Лазара і Якава — вытатуіраваныя на руках Мацея. На правай руцэ ў яго надпіс на сербскай: "Судзіць мяне можа толькі Бог". На плячах футбаліста наколаты святыя, у прыватнасці, евангеліст Матфей, у гонар якога яго і назвалі.
Літаральна пазаўчора футбаліст прыляцеў у Беларусь і падпісаў кантракт з барысаўчанамі. Сума кантракта не называецца, але і футбаліст, і кіраўніцтва БАТЭ падкрэсліваюць найперш зацікаўленасць Мацея выступаць у Лізе чэмпіёнаў. Ён не бачыў пакуль у Беларусі амаль нічога, яшчэ не вызначыўся з месцам, дзе будзе жыць, не пазнаёміўся ні з камандай, ні з яе кіраўніцтвам. Але на гэта будзе яшчэ час, а пакуль футбаліст прымераў майку БАТЭ з нумарам 99 і адказаў на пытанні журналістаў.
— Мацея, чаму менавіта 99-й нумар выбралі?
— Я заўсёды стараўся гуляць пад 9-м нумарам. У БАТЭ ён аказаўся занятым. Таму выбраў 99.
— Кантракт, які вы заключылі з БАТЭ, самы сціплы па фінансавых умовах у вашай кар'еры?
— Не хачу каментаваць фінансавыя пытанні.
— Вы падпісалі кантракт на адзін год. Што павінна здарыцца, каб вы потым падоўжылі кантракт з БАТЭ?
— Я сканцэнтраваны на бліжэйшых 3-4 месяцах. А што будзе далей, пакуль не думаю.
— Вядома, што вы праваслаўны вернік. Ці вызначылі для сябе мясціны, якія б хацелі пабачыць у Беларусі?
— Мне заўсёды прыемна знаходзіцца ў праваслаўнай краіне. Але я пакуль нічога не паспеў пабачыць.
— У групе з БАТЭ ў групавым раўндзе гуляюць "Барселона" і "Мілан". Калі б не такія супернікі, ці прыехалі б вы ў БАТЭ?
— Заўсёды цікава гуляць супраць "Барселоны" і "Мілана", але групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў — гэта заўсёды моцныя каманды. Калі я вярнуўся ў Еўропу, у мяне з'явілася мэта максімальна сябе паказаць.
— Ці былі ў вас іншыя варыянты працягу кар'еры?
— Так, варыянты былі, мной цікавілася каля 20 клубаў.
— Які перыяд вашай кар'еры быў самым яркім?
— Калі я выступаў пад кіраўніцтвам Жазэ Маўрынью і Гуса Хідынка. Гэта адметныя трэнеры, але яны па-рознаму працуюць. Хідынк увогуле насіўся са мной, як тата...
— Вас не бянтэжыць, што Віктар Ганчарэнка старэйшы за вас усяго на два гады?
— Я чуў толькі добрае пра гэтага трэнера. З кожным годам ён, як і каманда, толькі набірае.
— За непрацяглы час кар'еры ў Расіі вывучылі рускую мову?
— Сербская і руская мовы падобныя. Я разумею рускую, мяркую, праз 2-3 месяцы змагу размаўляць.
— Што азначаюць вашы татуіроўкі?
— Не хачу каментаваць.
— Татуіроўкі — гэта страсць. А што для вас футбол? Таксама страсць?
— Найперш — гэта як каханне. Па-другое, праца.
— Падчас матчаў вы нярэдка праяўляеце эмоцыі, часам даходзіць нават да бойкі... Нават на чэмпіянаце Еўропы вы выдаліліся ў рэкордна кароткі тэрмін. У чэмпіянаце Беларусі будзеце сябе стрымліваць?
— У мяне такі характар, такой атрымлівалася і кар'ера. Кожны матч — як вайна. У 32 гады ў мяне з'явілася шмат вопыту, я стрымліваю сябе.
— Ці шмат матчаў БАТЭ ў еўракубках бачылі?
— Я глядзеў матч з ПСЖ, і зусім нядаўна са "Штурмам". БАТЭ гуляе вельмі агрэсіўна і напорыста.
— Колькі гадоў яшчэ адводзіце сабе на футбол?
— Калі не будзе траўмаў — 3-4 гады.
— Якія каманды чэмпіянату Беларусі ведаеце?
— Мінскае "Дынама". Паглядзеў таксама, што наступная гульня БАТЭ — з "Шахцёрам". Калі мы выйграем, мы выйграем чэмпіянат.
— У БАТЭ гуляе ваш зямляк Сіміч...
— Яшчэ не кантактаваў з ім, але чакаю, што ён дапаможа мне асвоіцца ў камандзе і ў Беларусі.
— Якое ў вас хобі?
— Калі я не заняты футболам, я ўвесь час праводжу з сям'ёй. У мяне трое дзяцей. Пакуль яны будуць жыць у Бялградзе, бо дзеці там наведваюць школу.
— Беларуская зборная гуляе супраць каманды адной з краін былой Югаславііі, Босніяй і Герцагавінай. Якія шанцы ў беларусаў?
— Я глядзеў гульню Беларусь — Францыя. У вас добрая каманда. У Мінску яна павінна выйграць. Я прыйду на стадыён і буду "хварэць" за Беларусь.
— Адно з вашых прозвішчаў у футболе — Бэтман. Яшчэ якія-небудзь ёсць?
— Негр. Дастаткова?
Алена АЎЧЫННІКАВА.